На ўсходзе Украіны загінуў журналіст AFP
Пры асвятленні падзей ва Украіне загінулі ўжо 15 журналістаў з розных краін свету.
На ўсходзе Украіны загінуў відэажурналіст AFP Арман Салдэн. Пра гэта паведамляецца ў твітары агенцтва AFP.
«Мы ўзрушаны весткай аб гібелі відэажурналіста AFP Армана Салдэна сёння на ўсходзе Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.
Апошнія допісы ў твітары самога Салдэна зролены 8 траўня. Ён распавядае пра параненых у Бахмуце ўкраінскіх вайскоўцаў і працу палявога шпіталя. Мяркуючы па ягоных паведамленнях у сацсетцы, у пачатку траўня ён знаходзіўся недалёка ад Бахмута.
Паведамляецца, што Сальдэн быў каля горада Часаў Яр, які размешчаны недалёка ад Бахмута.
Сальдэн — грамадзянін Францыі родам з Сараева. Ён разам з іншымі журналістамі агенцтва прыехаў ва Украіну на наступны дзень пасля пачатку расійскай агрэсіі і з тых часоў рэгулярна выязджаў на перадавую.
Каманда AFP трапіла пад абстрэл з ракет «Град», калі знаходзілася з групай украінскіх вайскоўцаў. Ракета ўпала недалёка ад таго месца, дзе ляжаў журналіст. Іншыя чальцы каманды не пацярпелі.
«Яго смерць — гэта жудасны напамін пра рызыкі і небяспекі, з якімі штодня сутыкаюцца журналісты, якія асвятляюць канфлікт ва Украіне», — сказаў старшыня AFP Фабрыс Фрайс.
У канцы красавіка ў Херсонскай вобласці ў выніку абстрэлу загінуў украінскі журналіст Багдан Біцік — фіксер італьянскай газеты «La Repubblica».
Карэспандэнт выдання Карада Зуніна атрымаў раненне ў плячо. Ва Украіне ў сувязі з гэтым распачата дасудовае расследаванне па факце парушэння часткі 2 артыкула 438 КК Украіны («Парушэнне законаў і звычаяў вайны»).
Паводле даных Камітэта па абароне журналістаў (CPJ), на працягу 2022 года былі забіты не менш за 67 журналістаў і работнікаў СМІ — гэта самы высокі паказчык з 2018 года, амаль на 50 працэнтаў большы ў параўнанні з 2021 годам.
Пры асвятленні падзей ва Украіне загінулі 15 чалавек — гэта самы высокі паказчык, які фіксаваўся ў краіне. У дакладзе адзначаецца, што 13 з іх загінулі, калі збіралі інфармацыю для падрыхтоўкі навін або вялі рэпартажы.
Паводле ВВС, www.currenttime.tv