Кавалеўскі: Мы доўга не заўважалі, як Дзень Перамогі ператварыўся ў дзень «пабедабесія»

Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета звярнуўся да беларусаў з нагоды Дня памяці і прымірэння.

kavaleuski_2.jpg

«Сёння, 8 траўня, у свеце адзначаюць Дзень памяці і прымірэння, прысвечаны загінулым у Другой сусветнай вайне.
Як і многія беларусы, я вырас на іншай традыцыі — 9 траўня. Вырас у час, калі Дзень Перамогі быў і заставаўся нашай «радасцю са слязамі на вачах». На жаль, мы доўга не заўважалі, як ён сакралізаваўся, мілітарызаваўся і, нарэшце, ператварыўся ў дзень «пабедабесія». Ідэолагі сённяшняга рэжыму дайшлі да цынізму, назваўшы яго «свецкай Пасхай».
Першыя тры парады Перамогі адбыліся ў 1945-м, 1965-м і 1985-м. Цяпер яны праводзяцца кожны год. «Ура-патрыятызм» пераадолеў ціхую радасць, забыўся на пачуцці ветэранаў, таму што болем адзываўся кожны ваенны ўспамін, кожнае гучна прамоўленае слова аб іх гераічным подзвігу.
Раптам мы апынуліся ў перакуленай рэчаіснасці: тыя, чые дзяды змагаліся з нацызмам, падзяліліся на тых, што зараз здзяйсняюць злачынствы не менш жудасныя, чым калісьці гітлераўцы, і на тых, хто змагаецца за права жыць — і жыць сваім розумам. 24 лютага 2022 года міжнародны мір і бяспека зноў былі парушаны. Кіеў зноўку бамбілі ў 4 гадзіны раніцы — колішнія саюзнікі. Мы сталі сведкамі трагедыі, аб якой нават не маглі падумаць. Мільёны знявечаных лёсаў, закатаваных душ, страчаных жыццяў — і свет напярэдадні ядзернай пагрозы.
8 траўня разам з усім цывілізаваным светам мы ўшаноўваем кожнага, хто абараняў планету ад нацызму ў гады Другой сусветнай вайны. Разам з усім цывілізаваным светам мы смуткуем аб ахвярах апошніх гадоў, якіх ніколі не павінна было быць. І разам мы дзейнічаем, каб дапамагчы Украіне перамагчы ў вайне за сваю свабоду і сваё існаванне».