477-мы дзень вайны ва Украіне: асноўнае на гэты час
Ці адбываецца ўкраінскі наступ? Пра яго ўсе пішуць, з гэтым на спрачаўся нават Зяленскі. А цяпер Міхаіл Падаляк, дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны, заявіў, што наступ пакуль яшчэ не пачынаўся.
Уначы расіяне нанеслі ўдар па Украіне крылатымі ракетамі паветранага базіравання Х-101/Х-555, а таксама ўдарнымі дронамі «Shahed-136/131». Пра гэта паведаміла камандаванне паветраных сіл Украіны. Чатыры самалёты стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС здзейснілі чатыры пускі крылатых ракет Х-101 / Х-555 з Каспійскага мора. Адну з ракет атрымалася знішчыць, астатнія патрапілі ў прамысловыя аб'екты ў Днепрапятроўскай вобласці.
Іранскія дроны-камікадзэ РФ запускала з паўночнага і паўднёвага кірункаў. Усе 20 беспілотнікаў знішчаны. Акрамя таго, знішчаны БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню, які вёў паветраную разведку на ўсходнім кірунку Украіны.
Уначы расіяне атакавалі Крывы Рог ракетамі, трапілі па двух прамысловых прадпрыемствах, адзін чалавек паранены, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак. На прадпрыемствах узніклі пажары, якія ратавальнікі ўжо патушылі. Ёсць істотныя разбурэнні вытворчых збудаванняў, пашкоджаны газаправоды, знішчаны пункт шынамантажу і аўтобус.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек, яшчэ тры чалавекі атрымалі раненні.
У Запарожскай вобласці адзін чалавек загінуў пры абстрэле Праабражэнкі.
У Херсонскай вобласці два чалавекі атрымалі раненні.
У Харкаўскай адзін чалавек быў паранены — падарваўся на міне.
Расіяне ўвечары абстралялі з мінамётаў Херсон, паранены два валанцёры, сярод якіх іншаземец. Яны дапамагалі эвакуіраваць цывільнае насельніцтва, паведаміў Офіс украінскага генпракурора.
Сілы абароны Украіны
працягваюць наступ на Бярдзянскім і Бахмуцкім кірунках, паведаміў спікер
Генштаба Андрэй Кавалёў. На Бярдзянскім кірунку баі ідуць у раёне сяла Макараўка,
таксама працягваюцца баі ў раёнах сёл Новаданілаўка і Новапакроўка Запарожскай
вобласці. На Бахмуцкім кірунку падраздзяленні УСУ вялі штурмавыя дзеянні на
напрамках Раздолаўка — Краснаполаўка і Берхаўка — Ягаднае. І займелі поспех.
Там, дзе ўкраінскія сілы абараняюцца, ніводная пазіцыя не страчана.
Падаляк заявіў,
што УСУ яшчэ не пачалі контрнаступлення, а праводзяць наступальныя дзеянні з
мэтай выяўлення слабых месцаў у расійскай абароне.
«Мы яшчэ не пачыналі контрнаступлення як такога, а Расія ўжо кажа: "Мы ўжо выйгралі, мы ўжо адбілі контрнаступленне". У 12:00 дня мы пачыналі пэўныя наступальныя дзеянні на пэўных кірунках, а ўжо а 15:00 Пуцін кажа... дзікія рэчы, як чалавек, які зусім не разбіраецца ў вайне, у размове з адпаведнымі прапагандыстамі, якія таксама не разбіраюцца ў вайне. Ён кажа, што ўсё, мы ўжо спынілі ўкраінцаў, у нас такая вялікая дзейнасць, мы перамагаем», — распавёў Падаляк.
Дарадца кіраўніка ОП адзначыў, што бягучы этап вайны можна ахарактарызаваць як тэсціраванне сіламі абароны Украіны ўсёй велізарнай лініі фронту.
«Расія сканцэнтравала ўсё, што там толькі можа сканцэнтраваць, і сёння паспрабуе ўтрымацца, бо разумее, што як толькі дзесьці будзе прарвана, на тым ці іншым кірунку або адначасова ў некалькіх кірунках — далей усё пойдзе гэтак жа, як гэта было ў Харкаўскай вобласці або дзесьці яшчэ, а гэта ўжо прывядзе да абвальнага руху, як яны кажуць — адмоўнага наступу», — падкрэсліў Падаляк.Паводле яго слоў, цяпер
Украіна мае тры мэты: 1. знішчыць як мага больш мабілізаваных, «каб узмацніць псіхалагічны ціск на расійскую армію»; 2. знішчыць як мага больш расійскай
тэхнікі; 3. праводзіць тэсціраванне, якое дазваляе прасоўвацца наперад, «ствараць панічныя настроі».
Украінскі Генштаб
агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 15 чэрвеня: асабовага складу — каля 217 910 (+580)
чалавек ліквідавана.
Войска РФ засяроджвае асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках — за мінулыя суткі адбылося 49 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
СБУ папярэджвае аб
падрыхтоўцы шэрагу новых правакацый спецслужбамі РФ. У прыватнасці, будзе
паведамляцца аб нібыта расійскім грамадзянстве ўкраінскіх дзяржаўных дзеячаў,
кіраўніцтве Сіл абароны і бяспекі і іх сем'яў, а таксама іншых службовых асоб.
Паводле аператыўных даных, старт рэалізацыі правакацыі ва ўкраінскім
інфармацыйным полі запланаваны на бліжэйшы час.
У Растове-на-Доне 14 чэрвеня пачаўся «суд» над 22
палоннымі азоўцамі.
Яны абаранялі Марыупаль і трапілі ў палон у траўні 2022 года. Калі іх прызнаюць вінаватымі, азоўцам пагражае пакаранне ад 15 гадоў да пажыццёвага зняволення.
З 24 чалавек, якім былі выстаўлены абвінавачанні, дваіх абмянялі на расійскіх ваеннапалонных. З астатніх 22 абвінавачаных, якія паўсталі перад судом, восем жанчын — яны гатавалі ежу для батальёна «Азоў».
У населеным
пункце Каменка Запарожскай вобласці ў пачатку года рускія захопнікі шантажыравалі
работнікаў цэнтра першаснай медыка-санітарнай дапамогі: у выпадку адмовы ад
атрымання пашпарта РФ ім абяцалі знізіць заробкі на 60%. Паколькі большасць
работнікаў ўсё роўна адмовілася ад атрымання дакументаў, расіяне паведамілі пра
закрыццё лякарні.
У раёне Херсона
працягваецца стабільны спад вады інтэнсіўнасцю 2-5 сантыметраў на гадзіну.За
суткі ўзровень вады знізіўся на 0,4 метра і па стане на 8:00 раніцы складаў 2,04
метра, паведаміла «Укргідраэнерга». На працягу сутак ніжэй за Кахоўскую ГЭС
працягваецца спад узроўню вады на 1-10 сантыметраў за гадзіну — але затапленні
захоўваюцца.
Літва разам з
саюзнікамі закупіць для Украіны сродкі СПА на 107,5 мільёна еўра.
Пра гэта паведаміў міністр абароны Арвідас Анушаўскас. Гэта будзе першы з пяці запланаваных пакетаў дапамогі ад Міжнароднага фонду для Украіны (IFU). Літва разам з Вялікабрытаніяй, Нарвегіяй, Нідэрландамі, Даніяй, Швецыяй і Ісландыяй сабралі для яго амаль 608 млн еўра. Пры гэтым Вялікабрытанія, якая кіруе IFU, абавязалася дадаткова вылучыць у фонд 292 млн еўра.
- Данія і Нарвегія аб'ядналі намаганні для перадачы Украіне яшчэ 9000 артылерыйскіх снарадаў, паведамілі ў Мінабароны краін.
- У Пентагоне разлічваюць, што ўкраінскія вайскоўцы завершаць навучанне на танках «Abrams» да канца лета. Заканчэнне праграмы навучання прыкладна супадае з чаканай восеньскай пастаўкай 31 танка M1A1 Abrams, піша «CBS News».
- Прыярытэтным пытаннем падчас сустрэчы краін-саюзнікаў у фармаце «Рамштайн» стане ўзмацненне супрацьпаветранай абароны Украіны, паведаміў Пентагон. Таксама будуць абмяркоўвацца «правядзенне вучэнняў і падтрымка з мэтай нарошчвання моцы Украіны ў доўгатэрміновай перспектыве».
На наступным тыдні ў Лондане адбудзецца канферэнцыя па аднаўленні Украіны.
Пра гэта распавёў Уладзімір Зяленскі: «Гэта будзе важнае мерапрыемства, вельмі прадстаўнічае, якое аб'яднае і палітычныя сілы, і бізнес-намаганні для аднаўлення нашай краіны і нармальнага жыцця нашых людзей. Ключавы ўкраінскі прынцып — просты і справядлівы, а менавіта: ніводнай руіны ва Украіне не застанецца. Усе адбудуем, усё адновім і ўжо дакладна ведаем, якія пункты ў якім таймінгу і якімі сіламі трэба зрабіць, каб перамагчы расійскую агрэсію. Калі руіны знікаюць, то прайграе не проста агрэсар, а сама ідэя агрэсіі».
Зяленскі таксама паведаміў у вячэрнім відэазвароце, што правёў гадзінную размову з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам — абмяркоўвалі сітуацыю на полі бою, пастаўкі зброі і снарадаў, доўгатэрміновую бяспеку і гарантыі міру.
«Польшча цалкам рэалістычна ўспрымае патрэбу ў сяброўстве Украіны ў NATO, і гэта аб'ектыўная патрэба. Мы разам напрацоўваем канкрэтны змест для саміту Альянсу ў Вільні. Гэта менавіта той момант, калі павінны быць цалкам разбіты расійскія спадзяванні, што нібыта хтосьці ў NATO дагэтуль баіцца Расіі. Такія здагадкі падсілкоўваюць расійскія агрэсіўныя амбіцыі. Мы павінны і можам іх абясшкодзіць», — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.
Паводле korrespondent.net, www.unian.net, GeneralStaff.ua, ВВС