Ігар Тышкевіч: Навошта Пуціну ваеннае становішча?
Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч разважае, што азначае абвяшчэнне Пуціным ваеннага становішча на захопленых украінскіх тэрыторыях.
Сёння, 19 кастрычніка, кіраўнік Расіі выступіў са зваротам, у якім абвясціў, што ўводзіцца ваеннае становішча ў так званых «ЛНР» і «ДНР», Херсонскай і Запарожскай абласцях. Савет Федэрацыі РФ сёння ж мусіць ухваліць гэта рашэнне Пуціна
Ігар Тышкевіч у сваім тэлеграм-канале разважае, дзеля чаго гэта спатрэбілася расійскаму кіраўніцтву:
1. Штосьці трэба зрабіць, каб паказаць насельніцтву «рашучыя крокі», а арсенал мер невялікі.
2. Мабілізацыя і праблемы ў асобных рэгіёнах. Ваеннае становішча на акупаваных тэрыторыях — накшталт як зацісканне гаек, але не для «расіян першага гатунку».
3. Ключавое!!! Ваеннае становішча азначае магчымасць мабілізацыі на гэтых тэрыторыях. Пуціну трэба загрэбці ўкраінцаў у акупацыйную армію. Не для поспехаў на фронце. Для карцінкі трупаў і пачатку расповедаў на знешнім полі аб тым, што «былыя грамадзяне Украіны ваююць з украінскай уладай».
4. Працоўная павіннасць на акупаваных тэрыторыях і канфіскацыя рэсурсаў «для фронту» на месцах. Як мінімум, па харчаванні і транспарце.