479-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: праз ядзерную зброю РФ замацоўвае ваенны кантроль над Беларуссю — ISW
Перадача расійскай тактычнай ядзернай зброі Беларусі з'яўляецца часткай доўгатэрміновых намаганняў Масквы па ўмацаванні фактычнага ваеннага кантролю над Мінскам. Паводле Інстытута вывучэння вайны (ISW), гэты крок Крамля наўрад ці азначае якую-небудзь эскалацыю з боку Расіі.
У сваю чаргу па стане на 23:20 16 чэрвеня маніторынгавая супольнасць «Беларускі Гаюн» пакуль не фіксавала перамяшчэнне ТЗ у Беларусь. Даследчыкі мяркуюць, што альбо ў Лукашэнкі адсутнічае поўная інфармацыя аб кантролі над працэсам размяшчэння ТЯЗ, альбо гэта ўзгодненая дэзінфармацыйная кампанія, да прыкладу, для стварэння палітычнага ціску напярэдадні саміту NATO ў Вільні і контрнаступу УСУ.
Раней РФ заяўляла па перадача боепрыпасаў для ўжывання штурмавікамі Су-25 і АТРК «Іскандэр». Верагодным жа спосабам дастаўкі называлася чыгунка.
Украіна перахоплівае ініцыятыву, Расея абараняецца — намеснік міністра абароны Украіны
«Усе нашы ваенныя планы рэалізуюцца ў адпаведнасці з ацэнкамі. Галоўнае ў сучаснай вайне — гэта валоданне становішчам, каб ведаць становішча праціўніка, а таксама мець магчымасці наносіць высокадакладныя ўдары на далёкія адлегласці. Гэта значыць мець зброю, якая здольная паражаць праціўніка на далёкасці да 200 км», — сказаў намеснік міністра Уладзімір Гаўрылаў.
Ён таксама дадаў, што Украіна знаходзіцца на шляху да атрымання самалётаў, якія перш за ўсё будуць абараняць неба ад расейскіх балістычных і іншых ракет, для абароны мірных людзей і грамадзянскай інфраструктуры.
«Прайшло больш за год вайны і мы ўпэўненыя, што пераможам расейскіх захопнікаў, разам з нашымі партнёрамі, якія забяспечваюць нас усім неабходным», — падсумаваў Уладзімір Гаўрылаў.
РФ будзе эвакуіраваць для лячэння толькі афіцэраў — Генштаб УСУ
Войска РФ працягвае несці вялікія страты, якія ўсімі спосабамі спрабуе схаваць, у прыватнасці, гэта адбілася на эвакуацыі «трохсотага» асабістага складу.
Як адзначае Генштаб УСУ ў сваёй ранішняй зводцы, камандаванне акупантаў устанавіла новы парадак лячэння параненых расейскіх вайскоўцаў, згодна з якім эвакуацыі ў РФ падлягаюць выключна афіцэры.
Сяржанцкі і радавы склад, незалежна ад цяжкасці ранення, падлягае лячэнню на часова захопленых тэрыторыях Украіны.
Украіна пад абстрэламі
Днепрапятроўшчына
Уначы былі атакі па Нікапалю. Артылерыйскі абстрэл. Пашкоджаны прыватныя дамы, гаспадарчыя пабудовы, лінія электраперадачы.
Херсоншчына
За суткі расейскія акупанты 75 разоў абстралялі населеныя пункты Херсоншчыны. Выпусцілі 314 снарадаў з артылерыі, мінамётаў, "Градаў" і беспілотнікаў. Па Херсоне вораг выпусціў 44 снарады — яны трапілі ў будынкі навучальных, адміністрацыйных устаноў і ўстановы гандлю. 2 чалавекі загінулі, 25 атрымалі раненні.
Мікалаеўшчына
Учора вораг наносіў артылерыйскія ўдары па партовай зоне г. Ачакаў, пазней варожыя абстрэлы фіксаваліся па акваторыі Ачакоўскага раёна. Пацярпелых няма.
Данеччына
За 16 чэрвеня расейцы забілі 1 жыхара Данецкай вобласці — у Тарэцку.
Харкаўшчына
На працягу сутак вораг з артылерыі і мінамётаў абстрэльваў памежныя і прыфрантавыя населеныя пункты Купянскага, Харкаўскага і Чугуеўскага раёнаў вобласці. У выніку абстрэлаў Купянска пашкоджаны прыватны дом, гараж і 2-павярховы шматкватэрны дом, адбыўся пажар.У выніку расейскага абстрэлу атрымаў раненне 36-гадовы грамадзянскі мужчына.
Мінулай ноччу ў С. Казачая Лопань Харкаўскага раёна абстрэлам пашкоджаны прыватны дом і гаспадарчыя пабудовы.
Сумшчына
Уначы і раніцай расейцы здзейснілі 10 абстрэлаў памежжа. Зафіксавана 40 выбухаў. Абстрэлам падвергліся Хоцінская, Белапольская, Юнакоўская, Эсманская, Сярэдзіна-Будская, Зноб-Наўгародская абшчыны.
Кахоўская ГЭС: вада адступае
З'явіліся свежыя спадарожнікавыя здымкі ўзарванай Кахоўскай ГЭС.
Свежыя спадарожнікавыя здымкі кампаніі Maxar паказалі, як выглядае ўзарваная расейскімі акупантамі Кахоўская ГЭС, а таксама рачны тэрмінал «Нібулон».
На фота можна дэталёва ўбачыць знішчаную плаціну. Акрамя таго, на здымках можна ўбачыць рачны тэрмінал «Нібулон» у пасёлку Казацкае, недалёка ад Кахоўскай ГЭС. Раней яго тэрыторыя была затопленая. На свежым фота бачна, што цяпер вада адтуль адышла.