У РФ таксама заклікаюць «збеглых» вяртацца. Вось што адказаў журналіст спікеру Дзярждумы
Галоўны рэдактар выдання «Новая газета. Еўропа» Кірыл Мартынаў адказаў спікеру Дзяржаўнай Думы Вячаславу Валодзіну, які заклікаў вяртацца на радзіму расійцаў, што эмігравалі праз вайну.
Нагадаем, што вяртацца дадому палітэмігрантаў заклікаюць і лукашысты, нават адмысловую камісію стварылі. Праўда, падобна, што ідэя фільтрацыі праз пакаянні перад азаронкамі і мукавозчыкамі пацярпела крах.
У адказ на заклікі Валодзіна журналіст Кірыл Мартынаў стварыў у інтэрнэце петыцыю з наступным зместам:
«Старшыні Дзяржаўнай Думы
Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі
Валодзіну Вячаславу Віктаравічу
ад грамадзян Расійскай Федэрацыі,
якія часова пражываюць за яе межамі
Вячаслаў Віктаравіч!
Мы, грамадзяне Расіі, звярнулі ўвагу на вашу новую заяву аб неабходнасці нашага хутчэйшага вяртання на радзіму.
Выказваючы глыбокую занепакоенасць тым, што адбываецца ў
Расіі, а таксама падзяляючы натуральнае жаданне жыць на радзіме, уласцівае
большасці людзей ва ўсім свеце, мы прапануем наступныя ўмовы, неабходныя для
нашага неадкладнага вяртання.
1. Вывад Узброеных Сіл РФ з міжнародна прызнанай тэрыторыі
Украіны.
2. Забарона незаконных узброеных фарміраванняў, такіх як ПВК
Вагнера.
3. Вызваленне палітычных зняволеных, адмена дыскрымінацыйных
законаў.
4. Роспуск Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі як зборышча небяспечных для грамадства самазванцаў.
5. Асабістыя прабачэнні з боку былога старшыні Дзяржаўнай Думы
Вячаслава Віктаравіча Валодзіна, які называў грамадзян Расіі «здраднікамі»,
прынесеныя з непакрытай галавой на лобным месцы.
6. Арганізацыя гістарычнага жэсту добрай волі — візіта грамадзяніна РФ Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна ў Міжнародны крымінальны суд у
Гаазе для дачы тлумачэнняў (там нічога дрэннага рабіць не будуць, толькі
дакументы звераць).
7. Шпіталізацыя намесніка старшыні Савета бяспекі РФ, старшыні ўсерасійскай палітычнай партыі «Адзіная Расія» Дзмітрыя Анатольевіча Мядзведзева.
Аб ходзе выканання гэтых умоў грамадзян Расіі просім
аб'явіць ва ўстаноўлены законамі тэрмін.
Да хуткай сустрэчы!»
Пакуль петыцыю падпісалі каля 500 чалавек.
Напярэдадні Валодзін заклікаў расійцаў, якія з'ехалі за мяжу, вяртацца, пакуль ёсць магчымасць.
Валодзін палічыў, што эмігранты хутка
сутыкнуцца з праблемамі праз стаўленне ўладаў заходніх краін і не змогуць вярнуцца назад. Сам ён
раней называў эмігрантаў здраднікамі і прапаноўваў пазбаўляць грамадзянства крытыкаў пуцінскага рэжыма.
Тым, хто пакінуў Расію, варта задумацца аб вяртанні з-за «істэрыі, якая нагнятаецца ў Заходняй Еўропе», паколькі такой магчымасці
можа хутка не быць, заявіў спікер Дзяржаўнай Думы.
Валодзін раней назваў тых, хто з'ехаў, здраднікамі
і заявіў, што тыя пашкадуюць аб сваім рашэнні. Спікер Дзярждумы заклікаў
пазбаўляць грамадзянства за крытыку дзеянняў Масквы ва Украіне і канфіскаваць
маёмасць тых, хто з-за мяжы працягвае «публічна ліць бруд».
Пры гэтым Уладзімір Пуцін не ўбачыў нічога дрэннага ў
ад'ездзе расійцаў, выказаўшы здагадку, што яны стануць «элементам дадатковай
сувязі» з іншымі краінамі. Крэмль заклікаў змагацца за расійцаў, якія з'ехалі,
нагадваючы, што ўсе яны грамадзяне РФ, якія маглі выехаць з розных прычын.