У Лукашэнкі няма ніякай прагі заняць царскае месца ў Крамлі

Няўдалы прыгожынскі мяцеж ажывіў спарахнелы наратыў пра тое, што Лукашэнка можа заняць кіруючы фатэль у Крамлі. Некалькі думак пра тое, чаму на сёння гэта суцэльнае трызненне.

Калаж Atlanteedas Pacific

Калаж Atlanteedas Pacific

Вагнераўцы рашуча ішлі на Маскву, Пуцін наклаў у порткі і залез пад ложак, але раптам з’явіўся беларускі віцязь на белым кані, які смела і майстэрскі разруліў сітуацыю і выратаваў Расію ад грамадзянскай вайны. Менавіта так малявала ўдзел Лукашэнкі ва ўтаймаванні прыгожынцаў яго прапаганда. Дый сам ён першы час — хай і іншымі словамі — пахваляўся сваёй палітычнай маскуліннасцю. У дадатак і ў расійскіх дзяржаўных медыя шаноўнаму Аляксандру Рыгоравічу дзякавалі за садзейнічанне ў вырашэнні вагнераўскага крызіса.

Вось тут і пачалі разганяць у публічнай прасторы дыскурс пра магчымасць беларускага дыктатара памяняць Дразды на Нова-Агарова пад Масквой. Маўляў, ён вельмі гэтага хацеў яшчэ напрыканцы 90-х, калі старым і лядашчым быў Ельцын, але тады не склалася. Дык вось пад’ехаў другі шанец — а старэе і становіцца бездапаможным ужо Пуцін. То што? Гойда да крамлёўскіх вежаў?u

Насамрэч: не. Не будзе ніякай гойды, нічога не будзе. Калі раз-пораз Лукашэнка і бачыць сябе ў Крамлі, то хіба толькі ў начных кашмарах. Прачынаецца, ускрыкваючы, п’е валяр’янку і глядзіць у вакно на свой дагледжаны гародзік з кавунамі.

Чаму прага ўладання Расіяй, відавочная ў 90-х, цяпер для Лукашэнкі толькі страшны сон? Ды проста таму, што гэта, як сказаў бы добраахвотнік Янкі, казачны замак.

І справа нават не ў тым, што пакуль такі сцэнар немагчымы юрыдычна — для гэтага патрэбна і канстытуцыі зноў мяняць у РБ і РФ, і далучаць Беларусь да Расіі. Справа ў іншым — Лукашэнку да Масквы не дапусцяць нават на адлегласць гарматнага стрэлу. І ніякія 70% сімпатый расіян (такі рэйтынг беларускага дыктатара паказалі апытанні пасля бунту ПВК Вагнера) яму не дапамогуць.

Цудоўна гэта разумеючы, Лукашэнка і сам больш не імкнецца ўладарыць у Расіі. Чарговы крэдыт папрасіць і новы лагістычны ланцужок супраць санкцый — гэта так, з вялікай ахвотай. А з прэзідэнцкай амбіцыяй… Не, ні ў якім разе.

Тлумачыцца гэта вельмі проста. Улада ў Расіі ўладкавана такім чынам, што не ўсё, як у Беларусі, трымаецца на адным чалавеку — дыктатары. Так, рэжым і там персаналісцкі, але ўсё ж ён менш абсалютысцкі. Дакладней казаць, што не Пуцін усё вырашае так, як яму хочацца. Усё вырашае клан, на чале якога — Пуцін. Ці, іншымі словамі, кааператыў «Возера» — сённяшняя расійская «эліта», карумпаваная, крыміналізаваная, якая выйшла збольшага з Пецярбургу і шмат гадоў знаёмая з былым дрэздэнскім рэзідэнтам савецкага КДБ.

Рэакцыя Пуціна на прыгожынскі мяцеж якраз падсвечвае вось гэтую архітэктуру расійскай улады. Быў бы прэзідэнт абсалютным правадыром — такое становішча абавязвала б яго скруціць галаву кіраўніку вагнераўскай ПВК. А калі ўсё выбудавана больш складана, калі Прыгожын сам з'яўляецца набліжаным да кааператыва «Возера» і на ім сышліся карупцыйныя інтарэсы іншых цяжкавагавікоў з пуцінскага атачэння, то проста так на яго кайданкі не накінеш.

Відавочна, што такая сістэма, калі ёй спатрэбіцца новы Акела, бо стары прамахнуўся, згенеруе яго са сваіх. Народу там хапае, і жадаючыя таксама знойдуцца, а што Лукашэнка нейкі рэйтынг мае сярод расійскага грамадства — то хто там калі глядзеў на рэйтынгі і народныя сімпатыі. Пуцін чвэрць стагоддзя таму пачынаў свой шлях да ўлады ў статусе абсалютнага ноўнэйма. І нічога, прапагандысты і паліттэхнолагі хутка напампавалі яму патрэбны градус электаральнай падтрымкі, а піпл радасна «схаваў» вобраз піцерскага мача з кадэбэшным бэкграўндам.

Лукашэнка і сам выдатна ўсё гэта разумее. Як і цалкам усведамляе стаўленне да сябе з боку расійскага палітычнага істэблішмента. А яно хутчэй такое, што крамлёўскія ястрабы больш задумваюцца над тым, каб прыбраць капрызлівага мінскага дыктатара ды паставіць на яго месца кагосьці больш згаворлівага. Якая ўжо тут шапка Манамаха для ўтрыманца з паўночна-заходняй правінцыі… Чужынца, некаманднага гульца ва ўзросце пад 70… Яго ўзровень — сустрэчы з Пушыліным з «ДНР» ды з Бжаніяй з Абхазіі.

Разумее Лукашэнка і тое, што галоўнае для яго цяпер — захаваць цяперашнія пазіцыі ў Беларусі. Аб чым ён і дбае ўжо тры гады, працягваючы рэпрэсіі, змяняючы канстытуцыю, цягнучы краіну ў «савок», спараджаючы новыя хвалі ўжо не столькі палітычнай, колькі эканамічнай эміграцыі. Законы прыроды і гістарычнага развіцця супраць яго, але ён змагаецца з імі нібыта той літаратурны герой з ветракамі.

І з Масквы яму калі і свеціць агеньчык, то толькі чырвоны. Маўляў, пара падпісваць адкладзеныя саюзныя праграмы, вайна вайной — але і пра твае абавязацельствы мы памятаем.

Таму ад пачатку і да канца ўсе развагі пра расійскія перспектывы Лукашэнкі — лухта, бздура і правакацыя. Вельмі паказальна тое, што яны нават не цешаць абвостранае самалюбства беларускага дыктатара.

Успомніце, што ён казаў напрыканцы чэрвеня, калі раздаваў сваім сілавікам генеральскія пагоны і пахваляўся сваім удзелам у супакаенні вагнераўскага мяцежа.

«Ёсць там «смярдзючыя» і палітолагі, і блогеры, якія пачынаюць сутыкаць мяне з Пуціным. <…>. Не трэба нас сутыкаць. Мы рабілі ўсё, што павінны былі зрабіць. Мы рабілі і робім сваю працу. Прытым без амбіцый. У мяне няма абсалютна ніякіх амбіцый. Я не апраўдваюся, каб вы разумелі. Ніякіх амбіцый, пра якія кажуць», — пабажыўся Лукашэнка, не даўшы рады агучыць прымам тэкстам сутнасць тых самых амбіцый.

І яшчэ — у падмацаванне сваіх слоў — ён назваў сябе і Пуціна «сыходзячымі палітыкамі». І гэты быў той рэдкі выпадак, калі Лукашэнка сказаў праўду.