Падступныя шчупальцы Расіі спрабуюць дацягнуцца да Еўропы
Дзесяцігоддзямі Крэмль праводзіў міралюбную палітыку, захопліваючы чужыя тэрыторыі для стварэння на іх сваіх вайсковых баз. Беларусь — не выключэнне.

«Ветлівыя людзі» ў Крыме. Фота: currenttime.tv
Масква не толькі адмаўляе факт адкрыцця сваіх вайсковых баз на захад ад меж РФ, але і сцвярджае пры гэтым, што «праводзіць міралюбную палітыку».
11 ліпеня прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў раскрытыкаваў прапанову прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы размясціць пастаянныя вайсковыя базы NATO ля меж з Расіяй, заявіўшы, што Расія «ніколі не перамяшчала сваю вайсковую інфраструктуру» на захад:
«Відавочна, што еўрапейцы не разумеюць гэтай памылкі, тут вельмі важна для сябе ўсвядоміць, што ніколі расійская вайсковая інфраструктура не рухалася ў бок Заходняй Еўропы, заўсёды адбываўся рух у зваротным кірунку. Калі еўрапейцы не разумеюць гэтай памылкі, то, вядома, гэта выклікае шкадаванне».
Гэтаму хлусліваму сцвярджэнню прэс-сакратара прэзідэнта РФ прысвечаны даследчы матэрыял праекта «Паліграф» — інтэрнэт-рэсурса, створанага «Голасам Амерыкі», з мэтай перашкаджаць распаўсюджванню хлусні і прапаганды ў сусветных СМІ і сацыяльных сетках (Polygraph.info).
За апошнія два дзесяцігоддзі Расія пабудавала дзясяткі новых вайсковых баз і аднавіла працу савецкіх вайсковых аб'ектаў уздоўж сваіх меж з Заходняй Еўропай.
У 2014 годзе Расія пачала таемную ваенную аперацыю на ўсходзе Украіны, а ў 2022 годзе — неакаланіяльную вайну супраць Украіны, спрабуючы пашырыць ваенную моц Масквы ў заходнім кірунку.
У 2023 годзе Расія прыступіла да размяшчэння тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, якая мяжуе з трыма краінамі NATO: Польшчай, Літвой і Латвіяй.
Ніжэй — прыклады прасоўвання пазіцый УС РФ шляхам адкрыцця і ўкамплектавання вайсковых баз у Еўропе.
Калінінградская вобласць, Расія
Калінінград, расійскі эксклаў, размешчаны за 370 кіламетраў ад астатняй часткі краіны, з'яўляецца самым заходнім рэгіёнам Расіі.
З 2016 года Расія значна мілітарызавала Калінінград і перакінула туды войскі і ўзбраенне, фарміруючы 11-ты армейскі корпус.
Паводле даных «Center for a New American Security» (CNAS), даследчай і аналітычнай арганізацыі, якая фінансуецца ўрадам ЗША, з 1990-х па пачатак 2016 года «зводныя падраздзяленні сухапутных войскаў 11-га армейскага корпуса мелі намінальную колькасць ад 12 000 да 18 000 вайскоўцаў, уключаючы танкі Т-72, бронетранспарцёры БТК, мабільныя рэактыўныя і артылерыйскія ўстаноўкі».
Калі Калінінград стане аб'ектам заходняй санкцыйнай блакады, высокая ступень яго мілітарызацыі дазволіць Крамлю захапіць частку Сувалкаўскага калідора — паласу тэрыторыі Польшчы і Літвы даўжынёй меншай за 80 кіламетраў, якая аддзяляе Беларусь ад Калінінграда.
Глядзіце таксама

Украіна
Пасля таго, як увесну 2014 года Расія незаконна анексавала ўкраінскі паўвостраў Крым, Мінабароны Расіі захапіла на паўвостраве вайсковыя базы Украіны, раскансервавала старыя савецкія базы і пабудавала новыя.
Аб'ект-100 («Уцёс») — адна з адноўленых савецкіх вайсковых баз у Крыме. Гэта комплекс берагавых ракетных пазіцый, размешчаных у гарах пад Севастопалем. Падчас вучэнняў УС РФ 2017 года з гэтай базы запускалі крылатыя ракеты.
Расія таксама аднавіла ў гарах Крыма сетку савецкіх радыёлакацыйных станцый, з дапамогай якіх яе Узброеныя сілы цяпер могуць кантраляваць Чорнае мора, уключаючы рух румынскіх, балгарскіх і турэцкіх суднаў.
Краіны NATO ўспрынялі гэта прасоўванне расійскай вайсковай інфраструктуры на захад як адкрытую пагрозу.
У верасні 2016 года тагачасны міністр абароны Вялікабрытаніі Майкл Фэлан заявіў, што Лондан занепакоены нарошчваннем расійскай вайсковай моцы ў Крыме і мілітарызацыяй «прычарнаморскага рэгіёна агулам», дадаўшы, што Балгарыя і Румынія адчуваюць «сур'ёзную пагрозу».
Глядзіце таксама

Расія пашырыла ў Крыме і магчымасці сваіх Ваенна-паветраных сіл, ператварыўшы былы грамадзянскі аэрапорт «Бельбек» у вайсковую базу. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года Масква выкарыстоўвае авіябазы ў Крыме для бамбавання ўкраінскіх гарадоў.
Да лістапада 2021 года РФ пабудавала дзесяць вайсковых баз у часткова акупаваных Луганскай і Данецкай абласцях Украіны. Расійскія вайскоўцы перакінулі на гэтыя базы танкі, БТР, артылерыю, зенітныя самаходныя ўстаноўкі і іншае ўзбраенне, якое выкарыстоўвалі падчас поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Да пачатку ліпеня 2022 года Расія стварыла часовыя і пастаянныя вайсковыя базы ў дзвюх іншых часткова акупаваных украінскіх абласцях — Херсонскай і Запарожскай.
Беларусь
Расійскія Узброеныя сілы ў Беларусі, якая мяжуе з трыма краінамі NATO (Польшчай, Літвой і Латвіяй), цяпер знаходзяцца на самым высокім з моманту распаду Савецкага Саюза ўзроўні абсталявання і баявой гатоўнасці. Расія мае дзве вайсковыя базы ў Беларусі (блізу гарадоў Баранавічы і Вілейка).
Расійская вайсковая прысутнасць у Беларусі дазволіла Маскве забяспечваць рэжым Лукашэнкі ўзбраеннем і тэхнікай для падаўлення беларускіх пратэстаў 2020-2021 гадоў.
Глядзіце таксама

У лютым 2022 года расійскія войскі ўварваліся ў Кіеўскую і Чарнігаўскую вобласці Украіны з Беларусі. Паводле звестак Еўрапарламента, Беларусь «прадастаўляе сваю тэрыторыю Расіі для нанясення ракетных удараў па Украіне, а таксама ажыццяўлення налётаў беспілотных лятальных апаратаў».
Як было адзначана вышэй, з чэрвеня Масква пачала размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі.
Малдова
У Малдове Масква размясціла аператыўную групу расійскіх войскаў у Прыднястроўі, у так званай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы (ПМР) — рэгіёне, не прызнаным дзяржавамі-чальцамі ААН. Аператыўная група, створаная ў 1995 годзе, грунтавалася на базе 14-й арміі УС РФ, якая ўваходзіла ў склад УС СССР.
На стамбульскім саміце АБСЕ ў 1999 годзе Расія ўзяла на сябе абавязацельства «цалкам вывесці расійскія войскі з тэрыторыі Малдовы да канца 2002 года», але не стрымала свайго абяцання, хоць улады Малдовы неаднаразова заклікалі да вываду расійскіх войскаў і замены іх міжнароднымі грамадзянскімі назіральнікамі.
У чэрвені 2018 года Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая заклікае Расію вывесці свае войскі з прыднястроўскага рэгіёна Малдовы.
Колькасць расійскіх вайскоўцаў у Прыднястроўі ў 2015 годзе ацэньвалася ў 1000-1500 чалавек. З тых часоў гэтая лічба павялічылася больш чым удвая. Паводле ацэнкі Украіны, у чэрвені 2020 года ў Прыднястроўі дыслацыравалася блізу 3500 расійскіх салдат.
Сербія
У 2011 годзе Масква адкрыла расійска-сербскі гуманітарны цэнтр у горадзе Ніш на поўдні Сербіі, які ў справаздачы Інстытута новай Еўропы (Institute of New Europe) за 2020 год вызначаецца як «расійская вайсковая база»:
«Там размешчаны расійскія войскі, уключна з інжынернымі часткамі, верталётамі і знішчальнікамі... Цэнтр працуе як гуманітарна-экалагічная місія. Аднак яго прызначэнне — падвойнае. Ён таксама выкарыстоўваецца расійскімі спецслужбамі».
Расійская і сербская арміі рэгулярна праводзяць у Сербіі сумесныя вайсковыя вучэнні. У 2019 годзе Мінабароны Расіі абвясціла пра планы будаўніцтва ў Сербіі расійскай базы СПА. У жніўні 2022 года амбасадар Расіі ў Бялградзе Аляксандр Боцан-Харчанка адкрыта назваў расійска-сербскі гуманітарны цэнтр «расійскай вайсковай базай».
Глядзіце таксама

Грузія
Пасля расійска-грузінскай вайны 2008 года вайскоўцы РФ адкрылі 7-ю вайсковую базу ў горадзе Гудаута, размешчаным у акупаваным грузінскім рэгіёне Абхазія. Паводле даных сайта «InformNapalm», на гэтай расійскай вайсковай базе, размешчанай у краіне-чальцы NATO, якая мяжуе з Турцыяй, дыслацыраваны «чатыры мотастралковыя батальёны, танкавы батальён, два артылерыйскія дывізіёны, рэактыўны артылерыйскі дывізіён, рота снайпераў, рота, якая кіруе беспілотнікамі, выведвальны батальён, а таксама шэраг іншых асобных баявых і тылавых падраздзяленняў».
У 2010 годзе Уладзімір Камаедаў, былы камандуючы Чарнаморскім флотам Расіі, паведаміў расійскай «Незалежнай газеце», што Федэральная служба бяспекі, пераемніца савецкага КДБ, атрымала кантроль над партамі Сухумі і Ачамчыра ў Абхазіі і што гэтыя парты сталі дадатковымі базамі для караблёў Чарнаморскага флоту:
«З гэтага часу Чарнаморскі флот будзе больш разгрупаваным, а значыць, менш уразлівым. Плюс вырашаецца задача па абароне суверэнітэту Абхазіі з боку мора».
1 лютага 2009 года расійскія вайскоўцы стварылі 4-ю гвардзейскую вайсковую базу ў Паўднёвай Асеціі, іншым акупаваным Расіяй раёне Грузіі. На ёй базіруюцца да 5000 расійскіх вайскоўцаў, размешчана яна недалёка ад горада Цхінвалі, пры гэтым асобныя яе часткі разгрупаваны па ўсёй Паўднёвай Асеціі.
У 2022 годзе вайскоўцы з расійскіх вайсковых баз у Грузіі ўзялі ўдзел у поўнамаштабным уварванні Расіі ва Украіну.