«Наперадзе ў нас вялікія перамены ў рэгіёне, і мы павінны быць да гэтага гатовымі»

Дэпутатка Еўрапарламента і былая міністарка абароны Літвы Раса Юкнявічэне разважае пра ролю Беларусі ў будучай сістэме бяспекі еўрапейскага кантынента. На яе думку, нават уступленне Беларусі ў NATO не з’яўляецца зусім ужо фантастыкай.

Фота з LRT

Фота з LRT

— Немагчыма, каб на еўрапейскім кантыненце засталіся такія рэжымы, як у Беларусі і ў Расіі, — адзначыла сябра Еўрапарламента на канале «Свабода Premium». — Абодва гэтыя рэжымы цяпер як блізняты, іх нельга адрозніць, яны залежаць адзін ад аднаго.

Будучыня Украіны, яе перамога і тое, што каля 50 дэмакратычных дзяржаў свету дапамагаюць ёй у гэтым, якраз і прывядзе да канца гэтых рэжымаў.

Былая міністарка абароны Літвы нагадала, як абодва дыктатарскія рэжымы выпрабоўвалі на трываласць еўрапейскую стабільнасць, учыніўшы маштабны міграцыйны крызіс.

— Улетку 2021 года здарылася самая вялікая правакацыя, калі ў Іраку, Сірыі і іншых падобных дзяржавах шукалі мігрантаў, спецыяльна, як турыстаў, прывозілі ў Беларусь, а потым праводзілі да нашай мяжы тысячамі.

Упэўнена, гэта была сумесная аперацыя Крамля і беларускага КДБ, каб пахіснуць стабільнасць нашых дзяржаў — Польшчы і Літвы. Тады мы яшчэ не ведалі, што Расія пачне поўнамаштабнае ўварванне.

Але цяпер, аглядаючыся на тыя падзеі, я разумею, што гэта была падрыхтоўка, звязаная з вайной, яны мелі намер зладзіць хаос у памежных дзяржавах. Таму што цяпер Літва і Польшча — адны з асноўных партнёраў Украіны.

Таму правакацыі на мяжы працягваюцца дагэтуль, хоць і ў меншых маштабах, — адзначыла Юкнявічэне, маючы на ўвазе інцыдэнт на пункце пропуску «Мядзінінкай».

Дэпутатка Еўрапарламента ўпэўнена, што меркаванае ўступленне Украіны ў Паўночнаатлантычны альянс адаб'ецца і на будучыні Беларусі.

— Тое, што NATO (на саміце ў Вільні) абмяркоўвала ўступленне Швецыі і Украіны (а ў прыняцці апошняй у чальцы NATO няма ніякіх сумневаў, бо гэта важна для бяспекі ўсёй Еўропы), можа дапамагчы вызначыцца з вектарам і Беларусі.

Калі ў будучыні Беларусь скажа NATO «так», як украінцы кажуць цяпер, то, вядома, і для Беларусі не будзе іншага шляху.

Гэты саміт NATO — пра тое, як дапамагчы Украіне перамагчы, таму што ўсе разумеюць: гэтая вайна вырашае не толькі будучыню Украіны і не толькі будучыню Беларусі, Малдовы і ўсёй Усходняй Еўропы.

Яна — пра будучыню дэмакратыі ў свеце, пра будучыню ўсёй Еўропы. І Беларусь, у якой ёсць межы з ЕС і NATO, стане вельмі важным фактарам у будучыні.

Наогул беларусы заўсёды былі еўрапейскай нацыяй, разам з палякамі і літоўцамі вызнавалі заходнія каштоўнасці. Цяпер мы бачым, як Украіна вяртаецца да сваіх еўрапейскіх каранёў. Думаю, і беларусы будуць да гэтага імкнуцца. Але, вядома, шлях будзе нялёгкім, ён, у першую чаргу, будзе залежаць ад саміх беларусаў.

2020 год паказаў, што гэты народ жывы, хоць пасля столькіх доўгіх гадоў дыктатуры многія не спадзяваліся на гэта, думалі, што адбылася канчатковая «саветызацыя, лукашызацыя».

Але не — і я думаю, большасць беларусаў, нават тых, хто застаўся ў краіне, не змянілі сваёй пазіцыі і не сталі прыхільнікамі Лукашэнкі.

Таму я веру ў будучыню Беларусі. Пасля бунту Прыгожына ўсе, і Лукашэнка ў тым ліку, убачылі, што Пуцін слабы, так што наперадзе ў нас вялікія перамены ў гэтым рэгіёне, і мы павінны быць да гэтага гатовымі, — падкрэсліла дэпутатка Еўрапарламента.