Больш за 67 тысяч чалавек не прапусцілі суседзі Беларусі ад пачатку крызісу з мігрантамі
У апошні час прыток мігрантаў у кірунку Літвы павялічыўся, паколькі беларускія ўлады абралі менавіта гэтую краіну асноўнай мэтай у міграцыйным крызісе.

З 3 жніўня 2021 года памежнікі Літвы, Латвіі і Польшчы не пусцілі ў свае краіны каля 67 тысяч мігрантаў. З таго часу яны ў праве выдвараць мігрантаў-парушальнікаў са сваёй тэрыторыі.
Асноўны паток прыйшоўся на Польшчу. Яна не прыняла 44 579 чалавек. Літоўскія памежнікі развярнулі больш за 15 тысяч мігрантаў, а латвійскія — 7257 чалавек. Пра гэта паведамляе памежная служба Літвы.

У апошні час прыток мігрантаў у кірунку Літвы павялічыўся, паколькі беларускія ўлады абралі менавіта гэтую краіну асноўнай мэтай ў міграцыйным крызісе, адзначае ведамства.
— З другой паловы жніўня кожны тыдзень у Літву з Беларусі спрабуюць нелегальна трапіць больш за 600 мігрантаў, а ў Польшчу і Латвію прыкладна ў тры і дзевяць разоў менш.

Гэта «наўпрост звязана з актыўнымі дзеяннямі беларускіх памежнікаў», перакананыя ў Літоўскай памежнай службе. Там падкрэсліваюць, што беларускія памежнікі скіроўваюць мігрантаў да мяжы і нават дапамагаюць бурыць агароджу, якую ўзвялі літоўцы.

— Для гэтага беларускія памежнікі нават абзавяліся новай «зброяй» — нажніцамі для рэзкі металу, — рэзюмуе памежная служба Літвы.