NATO: Беларусь павінна спыніць варожыя дзеянні адносна суседзяў

У камюніке па выніках сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-членаў NATO 11 ліпеня арганізацыя заклікала Беларусь перастаць дапамагаць Расіі і спыніць варожыя дзеянні ў дачыненні да сваіх суседзяў. 

Фота: edition.cnn.com

Фота: edition.cnn.com

«Мы заклікаем усе краіны не аказваць ніякага садзейнічання расійскай агрэсіі і асуджаем усіх, хто актыўна спрыяе вайне Расіі. Падтрымка Беларусі адыграла важную ролю, паколькі яна працягвае прадастаўляць сваю тэрыторыю і інфраструктуру, каб расійскія сілы маглі атакаваць Украіну і працягваць расійскую агрэсію. У прыватнасці, Беларусь, а таксама Іран павінны спыніць сваё дапамаганне Расіі і вярнуцца да захавання міжнароднага права», — гаворыцца ў дакуменце.

У NATO таксама пракаментавалі магчымае размяшчэнне ПВК «Вагнер» у Беларусі.

«Паглыбленне ваеннай інтэграцыі Расіі з Беларуссю, у тым ліку разгортванне перадавога расійскага ваеннага патэнцыялу і вайсковага персаналу ў Беларусі мае наступствы для рэгіянальнай стабільнасці і абароны альянсу. NATO будзе захоўваць пільнасць і працягваць уважліва сачыць за развіццём падзей, у прыватнасці, за магчымым разгортваннем так званых прыватных ваенных кампаній у Беларусі. Мы заклікаем Беларусь спыніць зламысныя дзеянні супраць сваіх суседзяў, паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды і выконваць міжнароднае права», — гаворыцца ў камюніке.

Лідары краін NATO таксама асудзілі намер Расіі размясціць ядзерную зброю ў Беларусі. Такія дзеянні Расіі падрываюць стратэгічную стабільнасць і агульную бяспеку ў еўраатлантычным рэгіёне, гаворыцца ў дакуменце.

Нагадаем, у час саміту NATO прайшоў сайд-івэнт «Суверэнітэт Беларусі і трансатлантычная бяспека», які вяла Святлана Ціханоўская. Ціханоўская падкрэсліла, што цяпер усе погляды звернуты на Украіну і Расію, «але часта забываюць, што Беларусь з’яўляецца часткай гэтай галаваломкі бяспекі, якую мы спрабуем вырашыць. Мне цалкам зразумела, што без свабоднай дэмакратычнай Беларусі не можа быць бяспечнай Еўропы. Беларусь — ключавы фактар бяспекі нашага рэгіёна»

Па яе словах, гэта зразумела толькі Расія, і менавіта таму яна шмат укладвае ў падтрымку нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі — каб павялічыць ягоную залежнасць і ператварыць у свой інструмент.

Глядзіце таксама

Паводле яе, у 2020 годзе беларусы выбралі «дэмакратыю замест тыраніі, вяршэнства закона замест беззаконня і Еўропу замест панавання Расіі».

«Гэта прама пагражала імперскім амбіцыям Расіі. Расія адрэагавала на мірныя пратэсты ў Беларусі, даўшы Лукашэнку ўсю палітычную, вайсковую і фінансавую падтрымку, неабходную яму, каб застацца ва ўладзе, — нагадала палітык. — Пры падтрымцы Пуціна рэжым развязаў тэрор супраць беларускага народа. Адчуваючы сябе беспакараным, рэжым пачаў тэрарызаваць суседзяў, зганяць самалёты і арганізоўваць міграцыйны крызіс. Беларускі крызіс перакінуўся на ўвесь рэгіён. Рэжым Лукашэнкі стаў інструментам расійскай агрэсіі супраць Украіны, саўдзельнікам расійскіх ваенных злачынстваў».

Ціханоўская таксама адзначыла, што Расія «павольна, але няўхільна зацягвае» Беларусь. У краіне размешчаны расійскія войскі, «вось-вось будзе разгорнута расійская ядзерная зброя».

«Гэта парушае пагадненне аб нераспаўсюджанні (ядзернай зброі — «НЧ»), Будапешцкі мемарандум, Канстытуцыю Беларусі і, самае галоўнае, ідзе супраць волі беларускага народа. Паводле апытанняў, толькі 20% беларусаў падтрымліваюць размяшчэнне ядзернай зброі. Толькі 4% падтрымліваюць абʼяднанне Беларусі і Расіі. Толькі 3% лічаць, што беларускае войска павінна ўступіць у вайну супраць Украіны. Гэтыя лічбы паказваюць, што беларусы не падтрымліваюць расійскіх імперскіх амбіцый, нягледзячы на прапаганду, якая прамывае мазгі», — заявіла Ціханоўская.