510-ты дзень вайны ва Украіне: Атака на ўкраінскія порты — Адесу і Мікалаеў
Уначы Расія атакавала Адесу і Мікалаеў. Украінская выведка лічыць, што найміты ў Беларусі не ўяўляюць пагрозы для ЕС і краін NATO — але будуць нерваваць еўрапейцаў.
Крылатыя ракеты “Калібр” і пераважная большасць дронаў-камікадзэ знішчаныя на поўдні — у Адэскай і Мікалаеўскай абласцях, астатнія ўдарныя БПЛА знішчаныя ў Данецкай, Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласцях.
Начная атака на Мікалаеў і Адэсу
Уначы расіяне атакавалі поўдзень Украіны: некалькі хваляў ударных дронаў былі накіраваныя на выяўленне і знясіленне сіл СПА, пасля чаго з акваторыі Чорнага мора па Адэсе былі выпушчаныя крылатыя ракет “Калібр”. Усе ракеты былі знішчаныя, аднак абломкамі збітых ракет і выбухной хваляй пашкоджаныя аб'екты партовай інфраструктуры, некалькі дамоў. Адзін чалавек пацярпеў, паведаміла АК “Південь”. Быў збіты 21 дрон на падлёце з мора ў Адэскай вобласці, яшчэ чатыры — у небе над Мікалаеўскай вобласцю.
Раніцай камандаванне паветраных сіл Украіны ўдакладніла, што ўначы было знішчана 38 паветраных цэляў. Расія атакавала з паўднёвага напрамку шасцю крылатымі ракетамі калібр і 36 ударнымі дронамі тыпу Shahed. Пускі калібраў здзяйсняліся, верагодна, з расійскага фрэгата “Адмірал Эсэн”, дронаў — з раёна палігона Чауда (Крым).
Сіламі і сродкамі паветраных сіл Украіны знішчаныя ўсе 6 “Калібраў”, 31 ударны дрон Shahed-136/131 і адзін выведвальны БПЛА.
Ярмак заявіў, што начная атака расіян на Адэсу і Нікалаеў — гэта яшчэ адзін доказ таго, што РФ хоча паставіць пад пагрозу жыццё 400 мільёнаў чалавек у розных краінах, якія залежаць ад украінскага харчовага экспарту.
У Мінабароны РФ сцвярджаюць, што падчас начнога ўдару па Адэскай і Мікалаеўскай абласцях нібыта атакавалі не парты, а «аб'екты, дзе рыхтаваліся тэракты супраць Расіі з ужываннем безэкіпажных катэраў, а таксама месцы іх вырабу ў раёне Адэсы». А ў раёне Мікалаева нібыта знішчаныя «аб'екты паліўнай інфраструктуры, якія забяспечваюць УСУ палівам».
- Колькасць ахвяр учорашняга расійскага абстрэлу Белаполля Сумскай вобласці ўзрасла да трох — у шпіталі памерла адна з параненых, паведаміў мэр горада Юрый Зарка.
- У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі тры чалавекі (у Сцяпанаўцы, Макараўцы і Стэпавым), яшчэ чацвёра атрымалі раненні.
- У Запарожскай вобласці ў выніку авіяўдару па жылым раёне Арэхава загінуў адзін чалавек, яшчэ пяцёра параненыя.
- У Херсонскай вобласці трое параненых.
- У Харкаўскай вобласці — двое параненых.
Навіны вайны
У ранішняй зводцы Генштаб Украіны паведаміў, што войска РФ засяроджвае асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках — за мінулыя суткі адбылося 36 баявых сутыкненняў. Сілы абароны Украіны працягваюць наступальную аперацыю на Мелітопальскім і Бярдзянскім кірунках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 18 ліпеня: асабовага складу — каля 239 010 (+710) чалавек .
Украінскія войскі паспяхова наступаюць на поўдні на напрамках Малая Такмачка — Новапакроўка і Вялікая Навасёлка — Ураджайнае, паведаміў спікер Генштаба Андрэй Кавалёў. На бахмуцкім кірунку УСУ працягваюць наступальныя дзеянні паўночней і паўднёвей горада Бахмут. Войска РФ аказвае магутны супраціў, ідуць цяжкія баі.
Украінскія вайскоўцы маюць перавагу ў баях за Старамаёрскае Данецкай вобласці, паведаміў спікер аб'яднанага прэс-цэнтра Сіл абароны Таўрычнага кірунку Валерый Шэршань. Ён дадаў, што за населены пункт ідуць цяжкія баі.
ISW: РФ не здолее дасягнуць поспеху на Купянскім кірунку
Пакуль УСУ контратакуюць на поўдні Украіны і ў раёне Бахмута, расіяне падрыхтавалі свой наступ на Купянскім кірунку.
Спікер Усходняй групоўкі войскаў УСУ Сяргей Чараваты паведаміў, што каля 100 тысяч расійскіх салдат, якія знаходзяцца на Купянскім кірунку — не з'яўляецца чымсьці новым: «Сілы абароны ўжо шмат месяцаў запар не даюць ім ніякага прагрэсу і магутна наносяць па іх ўдары. То-бок, гэта не ўчора з'явілася 100 тысяч».
Паводле яго слоў, групоўка РФ хоць і вялікая, але няякасна падрыхтаваная і нематываваная. А больш за 900 танкаў, якія расійскія сілы падцягнулі на Лімана-Купянскі кірунак, - гэта старая савецкая тэхніка, у той час як найноўшыя ўзоры сустракаюцца на поле бою значна радзей, чым у пачатку ўварвання.
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што расійскім войскам не ўдасца здзейсніць аператыўна важны прарыў на Купянскім кірунку, дзе яны пачалі наступ. Аналітыкі адзначаюць, што войскі РФ вырашылі скарыстацца тым, што ўкраінскія сілы сканцэнтраваныя на іншых участках фронту, і адцягнуць увагу ўкраінскіх рэзервістаў ад крытычна важных раёнаў баявых дзеянняў. Але нізкая якасць і склад расійскіх войскаў, разгорнутых на гэтай лініі фронту, не дазволіць Расіі дасягнуць больш чым тактычных поспехаў, прагназуюць у ISW.
* * *
- Мінабароны РФ заявіла, што ўначы Украіна спрабавала атакаваць Крым 28 беспілотнікамі, з іх 17 нібыта знішчаныя сродкамі СПА, яшчэ 11 здушаныя сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Пацярпелых і разбурэнняў няма.
- У Варонежскай вобласці выяўленыя целы двух наймітаў ПВК “Вагнер”, якіх расстралялі, нібыта, за адмову ўдзельнічаць у мецяжы Прыгожына, піша тэлеграм-канал Baza. Паводле яго звестак, целы былі знойдзеныя яшчэ 6 ліпеня, а 17 ліпеня быў затрыманы падазраваны ў забойстве — 25-гадовы найміт “Вагнера”, ураджэнец Кыргызстана. Падчас допыту ён распавёў, што мужчыны былі забітыя 24 чэрвеня за адмову ўдзельнічаць у мецяжы.
Украіна: найміты ў Беларусі не ўяўляюць пагрозы для ЕС і краін NATO
Найміты ПВК “Вагнер” у Беларусі будуць выконваць дзве функцыі: навучанне жаўнераў і «нерваванне» краін-чальцоў NATO, заявіў прадстаўнік ГУР Мінабароны Андрэй Юсаў. Паводле яго слоў, сёння гаворка ідзе пра 500-700 баевікоў, якія прыбылі ў РБ. Частка з іх, паводле яго, будзе рыхтаваць беларускае войска, а таксама, магчыма, навучаць новыя падраздзяленні мабілізаваных расейцаў. «А частка будзе публічна і наўмысна ўцягнутая, у прыватнасці, у тое, каб нерваваць Польшчу, іншыя краіны-чальцы Альянсу і Еўрапейскага саюза», — дадаў Юсаў.
Ён падкрэсліў, што найміты не ўяўляюць пагрозы для ЕС і краін NATO. Яны заходзяць у Беларусь раззброенымі, і таксама ў раззброеным стане яны ў асноўным пакідаюць тэрыторыю Украіны. Па перакананні Юсава, на сёння прыбыццё вагнераўцаў у Беларусь ніякім чынам не мяняе сітуацыю ў сферы бяспекі.
Украіна: Крымскі мост быў пабудаваны незаконна і выкарыстоўваецца ў ваенных мэтах
Кіраўнік украінскага МЗС Кулеба заявіў на прэс-канферэнцыі ў Нью-Ёрку, што Расія выкарыстоўвае Керчанскі мост галоўным чынам у вайсковых мэтах: «Чаму вы лічыце, што Керчанскі мост з'яўляецца грамадзянскай інфраструктурай, улічваючы, што ён у асноўным выкарыстоўваецца для забеспячэння расійскай арміі ў акупаваным Крыме і на поўдні Украіны боепрыпасамі, палівам і іншым вайсковым абсталяваннем, неабходным для працягу агрэсіўнай вайны супраць Украіны?»
Міністр падкрэсліў, што не кожны мост з'яўляецца грамадзянскім па азначэнні. «А гэты канкрэтны мост, па-першае, быў пабудаваны незаконна. Ён існуе па-за законам, і мы заўсёды павінны пра гэта памятаць. А па-другое, ён у асноўным выкарыстоўваецца ў ваенных мэтах, і мы павінны разглядаць яго як такі», — дадаў Кулеба.
Дзяржава-тэрарыст паставіла пад пагрозу жыццё 400 мільёнаў чалавек у розных краінах
Увечары 17 ліпеня Зяленскі паведаміў, што правёў тэлефонную размову з Генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам: «Тэматыка відавочная — гэта чарговая расійская спроба зрабіць зброяй голад і дэстабілізацыю глабальнага харчовага рынку. Дзяржава-тэрарыст паставіла пад пагрозу жыццё 400 мільёнаў чалавек у розных краінах, якія залежаць ад украінскага харчовага экспарту. Найбольш крытычная сітуацыя - у такіх краінах Афрыкі і Азіі, як Самалі, Эфіопія, Паўднёвы Судан, Емен».
Украінскі прэзідэнт падкрэсліў, што Чарнаморскую збожжавую ініцыятыву неабходна захаваць, таму дамовіліся з Гутэрышам «працаваць разам і з адказнымі дзяржавамі».
Зяленскі паведаміў у вячэрнім відэазвароце, што накіраваў афіцыйныя лісты Эрдагану і Гутэрышу з прапановай падоўжыць працу Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы або яе аналага ў трохбаковым фармаце: «Украіна, ААН і Турцыя сумесна могуць забяспечыць працу харчовага калідора і інспектаванне судоў. Гэта трэба для ўсіх у свеце. І кожны, хто падтрымае, стане выратавальнікам жыцця на велізарнай прасторы ад Марока да Кітая, ад Інданезіі да Лівана».
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг асудзіў пастанову РФ спыніць удзел у збожжавай ініцыятыве: «Асуджаю аднабаковае рашэнне Расіі выйсці з Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы, насуперак намаганням нашага саюзніка Турцыі і ААН. Супрацьпраўная вайна Расіі супраць Украіны працягвае шкодзіць мільёнам уразлівых людзей».
Каардынатар Рады Нацбяспекі Белага дома Джон Кірбі заявіў, што збожжа з Украіны цяпер можна вывозіць толькі па сухапутным калідоры: «Адзіны варыянт, які ёсць, — гэта перавозіць па сушы, па чыгунцы, грузавым транспартам. Гэта больш цяжка, менш эфектыўна». Пры гэтым Кірбі падкрэсліў, што ЗША не будуць адпраўляць ваенныя караблі для суправаджэння камерцыйных судоў з Украіны пасля разрыву збожжавай здзелкі.
Еўрапейскі суд па правах чалавека адмовіў Расіі ў задавальненні пазову супраць Украіны. Гэта была адзіная міждзяржаўная скарга супраць Кіева, паведаміў украінскі Мінюст. Расія падала пазоў у ліпені 2021 года. Ён утрымліваў дзесяць абвінавачванняў, сярод якіх адказнасць за збіты самалёт МН17, таму што Украіна «не закрыла паветраную прастору».