509-ты дзень вайны ва Украіне: Зноў пашкоджаны Крымскі мост

Уначы Крымскі мост быў атакаваны надводнымі дронамі. Паведамляецца пра ахвяры і сур’ёзныя разбурэнні. Расія спрабуе паменшыць маштабы атакі. Крымскі мост вельмі важны для расійскіх войскаў у плане лагістыкі і забеспячэння.

Пашкоджаны Крымскі мост. Фота vesiskitim.ru

Пашкоджаны Крымскі мост. Фота vesiskitim.ru

Украіна прасоўваецца на франтах

Генштаб УСУ па ранейшаму сціпла піша, што сілы абароны Украіны працягваюць паспяхова адбіваць наступ акупантаў на ўсходзе і праводзіць уласныя наступальныя дзеянні на поўдні. Захопнікі засяроджваюць асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках, дзе на працягу сутак адбылося 28 баявых сутыкненняў.

Узброеныя Сілы Украіны занялі частку вёскі Старамайорскае ў Данецкай вобласці, размешчанае паблізу нядаўна дэакупаванай Макараўкі і за 30 кіламетраў ад Угледара. Спроба акупантаў аднавіць страчаныя пазіцыі ў паўночнай частцы Старамайорскага пацярпела паразу, адзначае Генштаб.

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што ўкраінскія вайскоўцы працягваюць весці контрнаступныя аперацыі адразу на некалькіх кірунках. Вядома аб прасоўванні на Бахмуцкім і Бярдзянскім напрамках.

Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведаміла, што ўкраінскія вайскоўцы за мінулы тыдзень вызвалілі ад акупацыі амаль 18 квадратных кіламетраў тэрыторый на ўсходзе і поўдні краіны.

Каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Канстанцін Машавец заявіў, што ўкраінскім вайскоўцам удалося месцамі прарваць першую лінію абароны расійскіх войскаў на поўдні. «На трох кірунках — Васільеўскім, Такмакскім і Бярдзянскім — перадавыя падраздзяленні Узброеных Сіл Украіны праводзяць наступальныя дзеянні. Тэмпы і размах наступу пакуль мінімальныя. Праціўнік цяпер спрабуе ўтрымаць паласу забеспячэння і месцамі першую лінію абароны», — сказаў ён.

Машавец адзначыў, што байцам УСУ ўжо ўдалося месцамі прайсці першую лінію абароны. Пры гэтым ён адзначыў, што нельга блытаць першую лінію абароны і галоўную. «Калі ўкраінскія войскі прарвуць галоўную лінію абароны, то вядома, што тэмпы і размах іх наступу могуць павялічыцца, прычым рэзка і “раптоўна” — гэта відавочна. Але праціўнік у гэтым сэнсе стварыў у Паўднёвай аперацыйнай зоне эшаланаваную і падрыхтаваную абарону», — сказаў ён.

Атакі з паветра ў абодва бакі

Расійскія войскі за суткі тры разы абстралялі Харкаў. Па стане на вечар 16 ліпеня вядома пра сем пацярпелых і аднаго загінулага. Папярэдне, атакі адбываліся ракетамі тыпу С-300, выпушчанымі з тэрыторыі Белгарадскай вобласці Расіі.

Два разы за ноч быў атакаваны Херсон. Перад гэтым камандаванне Паветраных Сіл Узброеных Сіл паведаміла пра пагрозу прымянення ворагам ударных БпЛА ў Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцях. У гэтых рэгіёнах была абвешчаная паветраная трывога. У Луганскай вобласці і ў часова акупаваным Крыме паветраная трывога абвешчаная пакуль увесь час.

У ноч на панядзелак, 17 ліпеня, расійскія войскі ўдарылі ракетамі па жылых шматпавярховіках Краматорска Данецкай вобласці. Двое чалавек атрымалі раненні.

У Крыме акупанты заявілі пра «атаку беспілотнікаў» на Севастопаль, а ў сеціве з'явіліся відэа нібыта з горада, на якіх чутная стральба і выбухі. Мясцовыя Telegram-каналы заявілі, што на працягу «масіраванай і працяглай» атакі былі збіты два беспілотнікі, а яшчэ пяць «задушылі сіламі радыёэлектроннай барацьбы». Дроны рухаліся з боку мора — у раёне мыса Херсанэс, мыса Манганары, Севастопальскай бухты і Балаклавы.

Цэнтр стратэгічных камунікацый паведаміў, што 16 ліпеня ў часова акупаваным Юбілейным, што на Луганшчыне, быў знішчаны расійскі склад ракет. Страткам апублікаваў фота і відэа выбухаў.

356190602_624259753220440_7349163109192785387_n.jpg

Крымскі мост — усё?

Сёння ўначы Крымскі мост быў атакаваны надводнымі дронамі. Паводле папярэдняй інфармацыі, да аперацыі маюць дачыненне СБУ і ваенна-марскія сілы Украіны. Мост атакавалі з дапамогай надводных дронаў. Дайсці да моста было складана, але ўрэшце гэта ўдалося зрабіць.

На фотаздымках месца здарэння, якія з'явіліся ў тэлеграм-каналах, відаць, што адзін з пралётаў разбураны, іншы асеў.

У Мінтрансе РФ афіцыйна прызналі пашкоджанне дарожнага палатна. Пры гэтым расійскі Мінтранс сцвярджае, што апоры моста нібыта цэлыя. У ведамстве таксама сцвярджаюць, што канструкцыі пралётаў моста «знаходзяцца на сваіх апорах».

Паведамлялася, што падчас выбуху быў пашкоджаны аўтамабіль. Загінулі мужчына і жанчына, іх дачка ў бальніцы. Яны ехалі з Белгарадскай вобласці. Аўтамабільны і чыгуначны рух спынены, таксама не працуе паромная пераправа.

Нагадаем, што ў кастрычніку ў выніку выбуху на Крымскім мосце абрынуліся дзве паўсекцыі яго аўтамабільнай часткі і быў пашкоджаны чыгуначны шлях.

Тады расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін назваў гэта «тэрактам», а «выканаўцамі» — спецслужбы Украіны. У сваю чаргу, украінскі бок не пацвярджаў, што датычны да падрыву моста, але неаднаразова адзначаў, што Крымскі мост з'яўляецца законнай мэтай для ўкраінскіх войскаў, бо гэта важны мост для расійцаў, паколькі ён быў пабудаваны захопнікамі падчас акупацыі паўвыспы і лагістычна важны для РФ, асабліва ў пытанні вайсковага забеспячэння.

Глядзіце таксама