Пажар на Крымскім мосце: што адбылося

Сёння раніцай на Крымскім мосце пасля выбуху загарэліся цыстэрны з палівам. Частка аўтамабільнага палатна абвалілася.

У выніку выбуху на Крымскім мосце пачаўся пажар і абвалілася частка аўтамабільнай веткі

У выніку выбуху на Крымскім мосце пачаўся пажар і абвалілася частка аўтамабільнай веткі

Каля шостай гадзіны раніцы на Крымскім мосце пачаўся пажар — загарэліся цыстэрны з палівам, якія ў той момант перавозіў па мосце грузавы цягнік. Пра тое, што стала прычынай пажару, акупацыйныя ўлады Крыма палічылі за лепшае прамаўчаць. Ці ёсць ахвяры, таксама не паведамляецца.
Крыху пазней Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расійскай Федэрацыі заявіў, што прычынай узгарання цыстэрн стаў падрыў грузавога аўтамабіля. У расійскім СМІ пачалі з'яўляцца каментары крымскіх чыноўнікаў, якія абвінавацілі ў падрыве «ўкраінскіх вандалаў».
Украіна, у сваю чаргу, пакуль не ўзяла на сябе адказнасць за выбух і пажар на Крымскім мосце, аднак дарадца Уладзіміра Зяленскага Міхаіл Падаляк ужо паспеў пракаментаваць здарэнне ў сваім твітары:
«Крым, мост, пачатак. Усё незаконнае павінна быць знішчана, усё скрадзенае павінна быць вернута Украіне, усё акупаванае Расіяй павінна быць выгнана».
На дадзены момант вядома, што на мосце абваліліся два пралёты аўтамабільнай веткі, а цягнік з палівам, якое працягвае гарэць, збіраюцца расцягваць у розныя бакі лакаматывамі. Для аднаўлення руху аўтамабіляў акупацыйныя ўлады Крыма рыхтуюць паромную пераправу.
Мост, які злучаў бы Крым і Расію, доўгі час быў важнай тэмай у наратыве расійскай прапаганды. Працэс пабудовы моста кантраляваў асабіста Уладзімір Пуцін, ён жа прыязджаў на яго адкрыццё ў 2018 годзе. Агулам, паводле падлікаў расійскіх СМІ, Крымскі мост абышоўся бюджэту РФ у 300 млрд рублёў.