Расійцы аднавілі рух аўтамабіляў па Крымскім мосце
Прызначаны Крамлём кіраўнік анексаванага Крыма Сяргей Аксёнаў заявіў аб запуску руху аўтатранспарту па Крымскім мосце. Пра гэта ён паведаміў у сваім Telegram-канале.
«На гэты момант рух адкрыты для легкавых аўтамабіляў і
аўтобусаў з праходжаннем поўнай працэдуры агляду», — удакладніў ён.
Аксёнаў таксама распавёў, што неўзабаве пачне працу адмысловы паром «Керч-2», які будзе перавозіць грузавы транспарт з паўвострава ў Расію і назад.
Выглядае, што чыгуначны пераезд па мосце дагэтуль закрыты.
Раніцай 8 кастрычніка шэраг СМІ паведаміў, што на чыгуначнай галіне Крымскага моста ўзнік моцны пажар. Пазней у сетцы з'явіліся фота і відэа, на кадрах бачны выбух.
Акупацыйная ўлада паўвострава заявіла, што на Крымскім мосце
нібыта выбухнуў грузавы аўтамабіль. Так званы кіраўнік Крыма Сяргей Аксёнаў
заявіў, што ў выніку выбуху адбылося абвальванне двух пралётаў аўтамабільнага
палатна галінкі, якая ідзе з Краснадара ў Керч.
Пуцін ужо даручыў стварыць урадавую камісію па выбуху на
Керчанскім мосце.