У Расіі заявілі пра трох загінулых пры выбуху на Крымскім мосце
У Следчым камітэце РФ агучылі папярэднюю інфармацыю па колькасці загінулых у выніку ранішняга выбуху на Крымскім мосце. Па звестках ведамства, ахвярамі выбуху сталі тры чалавекі.

«Гэта, як мяркуецца, пасажыры легкавога аўтамабіля, які знаходзіўся побач з грузавіком, які падарваўся. Цяпер з вады ўжо паднятыя целы двух загінулых — мужчыны і жанчыны, іх асобы высвятляюцца», – гаворыцца ў паведамленні расійскага СК.
Следчыя таксама ўстанавілі даныя грузавога аўтамабіля і
яго ўласніка — гэта жыхар Краснадарскага краю, па месцы яго жыхарства пачаты
следчыя дзеянні. Зараз вывучаецца маршрут перамяшчэння аўтамашыны і адпаведная
дакументацыя.
Пажар на Крымскім мосце пачаўся каля шостай гадзіны раніцы 8 кастрычніка. Загарэліся цыстэрны з палівам, якія ў той момант перавозіў па мосце грузавы цягнік.
Крыху пазней Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расійскай Федэрацыі заявіў, што прычынай узгарання цыстэрн стаў падрыў грузавога аўтамабіля. У расійскім СМІ пачалі з'яўляцца каментары крымскіх чыноўнікаў, якія абвінавацілі ў падрыве «ўкраінскіх вандалаў».
Украіна, у сваю
чаргу, пакуль не ўзяла на сябе адказнасць за выбух і пажар на Крымскім мосце,
аднак дарадца Уладзіміра Зяленскага Міхаіл Падаляк ужо паспеў пракаментаваць
здарэнне ў сваім твітары:
«Крым, мост,
пачатак. Усё незаконнае павінна быць знішчана, усё скрадзенае павінна быць
вернута Украіне, усё акупаванае Расіяй павінна быць выгнана».
У выніку выбуху разбураныя два пралёты аўтамабільнай часткі Крымскага моста. Рух па мосце цалкам прыпынены.
