Расійскія турысты бягуць з Крыма. Чыноўнікі просяць іх застацца

Паводле даных Асацыяцыі тураператараў Расіі, на паўвостраве знаходзіцца каля 50 тысяч турыстаў. Асноўным спосабам транспартнага злучэння з Крымам быў узарваны сёння мост, цяпер рыхтуюцца паромныя пераправы.

c41e1850_46f2_11ed_b0f6_0f78c2362362.jpg


Расійскія турысты, якія знаходзіліся на адпачынку ў Крыме, пасля сённяшняга выбуху на мосце праз Керчанскі праліў пачалі шукаць шляхі для эвакуацыі. Узарваны мост быў асноўным шляхам злучэння паўвострава з Расіяй, і таму зараз тураператары спрабуюць вырашыць праблему, арганізаваўшы паромныя пераправы.
Як заяўляюць акупацыйныя ўлады Крыма, для эвакуацыі людзей будуць прадастаўленыя суды, якія змяшчаюць на борце да 100 чалавек. Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі паўвострава Сяргей Аксёнаў папрасіў турыстаў застацца — хаця б на суткі. Ён паабяцаў кампенсаваць затраты.
Цягнікі і аўтобусныя рэйсы з Крыма адмененыя.
Нагадаем, сёння раніцай на Крымскім мосце адбыўся выбух, у выніку якога загарэліся некалькі цыстэрн з палівам на чыгуначнай ветцы, абваліліся некалькі пралётаў аўтамабільнага палатна. Рух па мосце быў спынены. Няма ніякіх паведамленняў пра ахвяр. Расійскі бок абвінавачвае ў дыверсіі ўкраінцаў.