Маміны гісторыі. Я стамляюся ад свайго дзіцяці
Гэта бывае: нават ад уласнага дзіцяці, такога любімага і доўгачаканага, можна стамляцца. І чым старэйшым яно становіцца, тым часцей у мамы можа ўзнікаць жаданне схавацца ад яго, збегчы, часам накрычаць і нават падняць руку.
Упершыню я адчула, што стамілася ад свайго сына, калі яму споўніўся месяц. Акурат у ноч перад "днём народзінаў" ён кепска спаў, плакаў і проста некалькі гадзін гуляў. Я яшчэ толкам не адышла ад родаў, была знясіленая фізічна і трохі разгубленая маральна. Супакоіць дзіця не дапамагалі ні гушканні, ні кармленне, ні спавіванне. Калі мой стан наблізіўся да зрыву, я зразумела, што не даю рады, і проста сунула маленькага гуляку разгубленаму спрасонку мужу. Ён, канечне, мякка кажучы, здзівіўся, але спрачацца не стаў. Насуперак маім страхам, муж цудоўна справіўся з немаўлём, а я змагла трохі выспацца і на наступны дзень уключыць рэжым "адэкватнай мамы".
Як бы свядома мы не падыходзілі да нараджэння дзіцяці, у кожнай мамы здараюцца моманты эмацыйнага і фізічнага спусташэння ад мацярынства. На жаль, ніхто не можа застрахаваць ад пасляродавай дэпрэсіі. Але нават калі яна вас абмінула і вам, як і мне, дасталася збольшага спакойнае дзіця, руціна, так званы "дзень сурка", бязлітасна накрывае і заганяе ў блізкі да дэпрэсіі стан. Здавалася б, ты не ходзіш на працу, але к вечару (ды што казаць: часам ужо к абеду) ледзьве валачэш ногі ад бясконцых беганняў, поўзанняў, агуканняў, збіранняў цацак, прыборкі, гатавання ежы, мыцця адзення, збораў на прагулку…
Маміна праца — 24/7 без выходных і святаў, і самае складанае, што яна паўтараецца з дня ў дзень і цягнецца гадамі. Жанчыны з маленькімі дзецьмі як бы выпадаюць з грамадства, занураючыся ў пялюшкі і кашы, дзічэюць ад недахопу камунікацыі і яскравых эмоцый.
І вось праз нейкі час жыцця ў такім рытме аднойчы даводзіцца сабе прызнацца: я стамляюся ад свайго дзіцяці. Я не хачу гуляць з ім. Я хачу тупіць у тэлефон, есці салодкае, ляжаць і нічога не рабіць. І тут жа чырвонай лямпачкай запальваецца яшчэ адна думка, якая падспутна сядзіць у падкорцы: я кепская маці, аказалася не гатовая да мацярынства.
Што рабіць?
- Па-першае, не баяцца прызнаць: так, маё дзіця мяне напружвае, і гэта нармальна. Бо мой рэсурс абмежаваны (часам — вельмі моцна абмежаваны), а жыццё даводзіцца перажываць "за сябе і за таго хлопца". І калі ўжо зусім цяжка, не варта высільвацца — свет не абрынецца, калі вы ў чарговы раз не збярэце цацкі, не зробіце "ладкі" ці — о Божа! — не пратрэце падлогу.
- Па-другое, калі адчуваеце, што ўжо на мяжы, спыніцца, зрабіць некалькі ўдыхаў-выдыхаў і адысці ад дзіцяці, пакінуўшы яго ў бяспечным месцы і стане. Спачатку я дзівілася, сустракаючы ў сеціве параду маладым бацькам пакінуць малечу, якая плача, у ложачку ці на падлозе і выйсці на некалькі хвілін у іншы пакой, але з часам зразумела, што гэта слушна.
- Па-трэцяе, добра, калі ёсць, каму дапамагчы з клопатамі пра дзіця — муж, бабулі-дзядулі, іншыя сваякі, сябры, нянька… Абавязкова трэба карыстацца гэтай дапамогай, а не выдаваць з сябе маці-гераіню і потым папракаць свайго падрослага дзіцёнка, што "я на цябе ўсё жыццё паклала, а ты…" Давайце будзем шчырымі: ён ад вас гэтага не прасіў. Зрэшты, калі маму трохі разгрузіць, у яе не ўзнікне такіх думак.
- Па-чацвёртае: важна не выпадаць з жыцця і выходзіць кудысьці, апроч крамы з памперсамі. Кавярні, шпацыры з сябрамі, выставы, пікнікі — адной, з мужам, ды хоць бы і з дзіцёнкам. Бо гэта — вельмі моцны рэсурс для мамы.
І апошняе: не вінаваціць сябе, бо вы робіце самую важную і адказную справу на зямлі: гадуеце новага чалавека. І, паверце, у вас няблага атрымліваецца.