Маміны гісторыі. Шлях скрозь страх

Быць мамай — неверагоднае шчасце. Дакладней, гэта шчаслівы шлях, але ён мае ў сабе мноства складнікаў. Мабыць, адно з першых пачуццяў, з якім сутыкаюцца маладыя бацькі, — пачуццё страху.

44668848_2268032830112777_920569825502167040_n_logo.jpg


Мацярынства — штосьці кшталту жывога эксперыменту. Гэта адначасова і весела, і страшна, і творча, і рутынна, і ўвогуле, увесь час адчуванне, нібыта жывеш у нейкім рэаліці-шоу на выжыванне. Мамай я стала зусім нядаўна, але вырашыла дзяліцца гісторыямі нашага з сынам жыцця, бо разумею, наколькі важна маладым матулям ведаць, што яны — не адны, і многія праходзяць праз адны і тыя ж цяжкасці, гадуючы дзяцей.

Я — чалавек адказны, і да нараджэння дзіцяці рыхтавалася. Але на апошніх тыднях цяжарнасці мяне накрыла пытанне: што рабіць з дзіцём пасля выпіскі з радзільні? Я нават палезла з ім у гугл. Пашукавік выдаваў нейкую лухту кшталту "пакарміце, пераапраніце, выкупайце". Не, а ўвогуле — што з ім зрабіць? Гэта ж маленькі чалавек — такая адказнасць! 

А галоўнае — як рабіць? Бо страшна нават дакрануцца да гэтага малюпасенькага чарвячка — здаецца, нешта яму зламаеш (і як гэта ў акушэрак у радзільні атрымліваецца так спрытна жангляваць немаўлятамі падчас пераапранання?). 

Шкада, што разам з дзецьмі Сусвет не выдае інструкцыі да іх. А раптам нешта зробіш не так? Мала таго, што і так нервуешся, дык яшчэ і падчас першага візіту ў міліцыю (закрэслена) дзіцячую паліклініку даюць падпісаць кіпу папер аб бацькоўскай адказнасці. "Гэта значыць, калі вы будзеце кепска клапаціцца пра дзіця, мы яго забярэм", — з салодкай усмешкай патлумачыла медсястра. Вось так з нараджэння ў якасці базавай матывацыі выхавання дзіцяці грамадаству прапануюць пачуццё страху. 

Але ладна, жывеце вы з новай істотай тыдзень, два — нібыта пачынаеце звыкацца адно да аднаго і нават лавіць кайф ад таго, што вы разам. І тут пачынаеце заўважаць, што шчочкі ў істоты пакрываюцца болькамі. "Ну ўсё, — дакараеце сябе, — у дзіцяці алергія". Ну і блізкія, канечне, паддаюць: "А што гэта ты з'ела, што дзіця абсыпала?" 

Вядома, пачынаеце шкадаваць, што начыталіся модных парадаў пра тое, што мамам, якія гадуюць грудзьмі, можна есці ўсё. Але яшчэ больш перажываеце, як адчувае сябе дзіця — пэўна, яму нядобра і балюча. І вось ужо мозг ласкава падсоўвае таксічныя думкі кшталту "Эх, недагледзела, што я за маці? І гэта толькі некалькі тыдняў прайшло — а ўжо праблемы, што ж будзе далей?" 

І на змену эйфарыі ад мацярынства зноў прыходзіць страх — што не справішся, нашкодзіш, дзіцяці. 

Мабыць, пачуццё страху пераследуе мам усё жыццё. Бо, як трапна нехта заўважыў, што ад нараджэння дзіцяці і да скону ў маці два сэрца. Я пакуль не магу сцвярджаць гэтага дакладна, але схільная верыць гэтай думцы. Аднак што я ведаю на сто адсоткаў — што любоў большая за любыя страхі. Любоў дапамагае і справіцца з сабой, і паразумецца з маленькім іншапланетнікам, якога вы прывезлі з радзільні. І з часам аказваецца, што можна лёгка адной рукой мяняць падгузак і другой адначасова трэсці бразготкай (альбо выдзіраць з маленькіх учэпістых пальчыкаў дрот ад лямпы); а болькі на шчочках — ніякая не алергія, а нармальны гарманальны стан, які бывае ў немаўлят. 

Можна расслабіцца. Вы — цудоўная мама для сваёй малечы. 

Гэтым тэкстам мы пачынаем серыю публікацый, якая, спадзяемся, прынясе карысць тым, хто не так даўно стаў бацькамі. А магчыма і не толькі ім. "Маміны гісторыі" мы плануем публікаваць штонядзелю.