Сляза дзіцяці. Як адміністрацыя гомельскай калоніі эксплуатуе непаўнагадовых
На швейнай вытворчасці непаўнагадовыя працуюць у брыгадах з дарослымі вязнямі. У Сусветны дзень барацьбы з дзіцячай працай распавядаем, як і чаму ў гомельскай калоніі эксплуатуюцца падлеткі і што на гэта кажа закон.
Уплыў крымінальнікаў і ціск брыгадзіраў
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», сярод прызнаных палітычнымі зняволенымі непаўнагадовых жаночага полу няма.
— Але звычайныя асуджаныя не аднойчы казалі, што такія падлеткі ў калоніі ёсць, — распавядае былая палітзняволеная, якая папрасіла не называць свайго імені. — Я бачыла дзяўчат з жоўтымі біркамі. Дапускаю, што гэта могуць быць вязні, асуджаныя па палітыцы, і іх гісторыі папросту не апублічваюцца. Разам з тым на прафілактычным уліку падлеткі могуць знаходзіцца і па іншых прычынах. Напрыклад, праз суіцыдальныя думкі ці агрэсіўныя паводзіны. Такія зняволеныя таксама носяць жоўтыя біркі.
Суразмоўца «Новага Часу» зазначае, што адміністрацыя калоніі змушае непаўнагадовых да працы ўжо другі год. І калі летась гэта былі адзінкавыя выпадкі, то цяпер, паводле слоў экс-палітзняволенай, «з атрада малалетак» на фабрыку выводзяць не менш за 30 чалавек».
— Напачатку гэтыя дзяўчыны адпрацоўвалі поўную змену. Цяпер час знаходжання на фабрыцы ім скарацілі да некалькіх гадзін. Калі мы працавалі ў другую змену і выходзілі з працы на вячэру, падлеткаў на вытворчасці ўжо не было, — дадае суразмоўца.
Экс-палітзняволеная кажа, што апошнім часам у гомельскую калонію заехала шмат непаўнагадовых. Іх масавы вывад на фабрыку яна звязвае з тым, што «адміністрацыя, відаць, вырашыла, што такая іх колькасць не мусіць «гультаяваць без справы» і трэба гэтую працоўную сілу выкарыстоўваць».
Як падлеткі пераносяць прымусовую працу і што думаюць на гэты конт?
— У асноўным стаўленне негатыўнае. Па-першае, што яны там заробяць за гэтыя некалькі гадзін, пару капейчын? Па-другое, шмат канфліктных сітуацый: майстар, брыгадзір, брыгада патрабуюць норму выпрацоўкі, а што гэтыя дзеці могуць нашыць? — апавядае былая палітзняволеная.
Яна дадае, што найбольш востра тут стаіць пытанне маральнай разбэшчанасці і негатыўнага ўплыву з боку асуджаных па побытавых артыкулах на неакрэплую псіхіку падлеткаў.
У гомельскай калоніі непаўнагадовыя ўтрымліваюцца ў асобным атрадзе, але на фабрыцы працуюць у адных брыгадах з дарослымі асуджанымі. Апошняе ўжо з’яўляецца грубым парушэннем дзеючага заканадаўства.
— Тут яшчэ трэба ўлічваць умовы, у якіх дзецям даводзіцца працаваць на фабрыцы. Летам там няма чым дыхаць, вельмі душна, брудна, усе крычаць, скандаляць, падганяюць, прыдзіраюцца. Як можа адчуваць сябе падлетак у такіх варунках, у тым ліку ў маральна-псіхалагічным плане? — пераймаецца іншая палітзняволеная.
Абедзве суразмоўцы зазначаюць, што стаўленне адміністрацыі да непаўнагадовых у цэлым вельмі жорсткае. Супрацоўнікі ўвесь час крычаць на іх, зімой прымушаюць насіць снег у торбах, а за так званыя правіннасці караюць увесь атрад.
А як па законе?
Юрыст, які папрасіў не называць свайго прозвішча, у каментары «Новаму Часу» адзначае, што адміністрацыя гомельскай калоніі парушае адразу некалькі пунктаў заканадаўства:
— У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 98 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь непаўнагадовыя асуджаныя прыцягваюцца да працы згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб працы. Згодна з артыкулам 8 Працоўнага кодэкса Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства аб працы. У пункце 3 артыкула 10 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах замацавана, што дзеці і падлеткі павінны быць абаронены ад эканамічнай і сацыяльнай эксплуатацыі. Ужыванне іх працы ў галіне, шкоднай для іх здароўя ці небяспечнай для жыцця, якая можа пашкодзіць іх нармальнаму развіццю, мусіць карацца па законе.
Згодна з артыкулам 7 Еўрапейскай сацыяльнай хартыі мінімальны ўзрост прыёму на небяспечныя і шкодныя працы — не менш за 18 гадоў. Асобы, што не скончылі абавязковай адукацыі, не могуць быць прыняты на працу, якая замінае іх навучанню.
У артыкуле 272 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь мінімальны ўзрост прыцягнення да працы — 16 гадоў. Аднак, з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля), працоўная дамова можа быць заключана з асобай, што дасягнула 14 гадоў — для выканання лёгкай працы, якая не з’яўляецца шкоднай для яе здароўя і развіцця, не наносіць урону наведванню агульнаадукацыйнай школы.
Пералік лёгкіх відаў прац зацверджаны Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 15.10.2010 № 144 «Аб усталяванні пераліку лёгкіх відаў прац, якія могуць выконваць асобы ва ўзросце ад чатырнаццаці да шаснаццаці гадоў».
Варта адзначыць, што праца на швейнай вытворчасці ў пераліку не прадугледжана, а значыць, не з’яўляецца лёгкай.
Больш за тое, прыцягненне непаўнагадовых да цяжкіх і са шкоднымі і (ці) небяспечнымі ўмовамі прац не дапускаецца ў адпаведнасці з часткай 1 артыкула 274 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Для працаўнікоў, малодшых за 18 гадоў, усталёўваецца скарочаная працягласць працоўнага часу ў адпаведнасці з часткамі 1 і 2 артыкула 114 і пунктамі 1,2 часткі 2 артыкула 115 ПК.
Працягласць штодзённай працы (змены) не можа перавышаць 4 гадзіны 36 хвілін для працаўнікоў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў і 7 гадзін для ўзроставай катэгорыі 16-18 гадоў.
Для навучэнцаў, што атрымліваюць агульную, прафесійна-тэхнічную адукацыю, спецыяльную адукацыю на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, якія працуюць на працягу навучальнага года ў вольны ад вучобы час, ва ўзросце ад 14-16 гадоў гэта можа быць 2 гадзіны 18 хвілін, ва ўзросце 16-18 гадоў — 3 гадзіны 30 хвілін (пункты 1, 2 частка 2 артыкула 115 ПК).
Хачу падкрэсліць, што Крымінальна-выканаўчы кодэкс супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — у асноўным законе краіны замацаваны не абавязак, а права на працу. У прысудах непаўнагадовых адсутнічае рашэнне аб прымусовай працы, а артыкул 41 Канстытуцыі гарантуе «права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека».
Апроч іншага, турэмнікамі парушаюцца нормы закона аб асобным утрыманні непаўнагадовых.