Вольга Севярынец: «Францішак памятае тату і моліцца за яго…»
Тры гады веры, надзеі, любові. Больш за тры гады палітык і грамадскі дзеяч Павел Севярынец за кратамі.

Подпіс да малюнка Фота Паўла Хадзінскага
Паўла Севярынца затрымалі ў Мінску 7 чэрвеня 2020 года, амаль за два месяцы да выбараў. У дачыненні да палітыка былі вынесеныя тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах за ўдзел у перадвыбарных пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Але пасля 75 сутак на волю яго так і не выпусцілі, а перавялі СІЗА №1 ды распачалі крымінальную справу паводле арт. 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).
Яго жонка Вольга Севярынец на трохгоддзе з даты затрымання напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Ахвяра заўсёды вышэй за справы. Нявінная ахвяра вышэй за ўсё.
Тры гады выкупляльнай ахвяры ў законах сусвету, якія нам невядомыя, жыцці пакладзеныя на ахвярнік Радзімы. Няўжо не выкупяць яе з няволі граху і несвабоды?!
Тры гады таму, калі затрымалі Пашу — і пайшоў новы адлік, была нядзеля, была Пяцідзесятніца.

Я перакананая, што няма ніякай іншай сілы, апроч Божай, якая магла б перамяніць нашу зямлю і нашыя сэрцы. Веру, што гэты час цярпення дадзены якраз для такіх перамен, цяжкіх, балючых, нябачных, але якія ўрэшце змяняюць усё.
Неяк у “Сыне Чалавечым” Аляксандра Меня ўразіў мяне адзін вобраз. Ён піша: уявіце вулканічнае плато – награмаджэнні застылай лавы, попелу, камянёў на кіламетры вакол. І раптам сярод гэтай мёртвай цвердзі – парастак. Што гэта? Травінка? Будучае дрэва? Колас?.. Такі варты жалю, пяшчотны, мізэрны сярод мора каменю. Але ён – жыццё! Ён перамагае смерць. І рана ці позна тут будзе сад.
Госпад, Які прыходзіць з веяннем ціхага ветру, мацней за любую буру.
Ён цалуе нашыя сэрцы – і там з’яўляюцца парасткі Ягонай любові. Дзень пры дні яны растуць, растуць, растуць, памнажаюцца – і ператвараюць нашыя душы ў Песню Песняў»

- «Застаецца надзея, што ўсё кепскае Гасподзь зможа перамяніць на дабро»
Вольга Севярынец распавяла «Народнай Волі» пра тое, якімі былі для сям’і тры гады без бацькі і мужа.

— Якімі былі для нашай сям’і гэтыя тры гады? — кажа Вольга Севярынец. — З аднаго боку, гэта былі вельмі цяжкія і балючыя гады. А з іншага — гэта гады веры, надзеі і любові, таму што было шмат добрых сустрэч, шмат падтрымкі ад людзей, шмат напоўненых каханнем лістоў ад Паўла.
І шмат было малітваў, у якіх вера і надзея, што ўсё кепскае Гасподзь зможа перамяніць на дабро і наступіць дзень, калі мы ізноў будзем разам — Паша, Францішак, я, нашы бацькі.
— Калі Паўла затрымалі, малому Францішку было ўсяго два гады…
— Зараз гэта ўжо сур’ёзны хлопец – вясной яму споўнілася 5 гадоў. Ён, безумоўна, вельмі змяніўся за апошні час, але ўсё роўна памятае тату, моліцца за яго, чакае. З такім унутраным сцісканнем слухае гісторыі пра Паўла, пры гэтым заўсёды ўнутрана засяроджваецца, уважліва слухае. Яму вельмі цікава пра тату слухаць.
А Паша нязменна піша Францішку асобныя лісты ад таты сыну.

— Ёсць у Францішка ўжо нейкія здольнасці?
— Цікавасці ў дзяцей нярэдка змяняюцца. Адзінае бачна, што ў сына праяўляецца моцная воля, севярынцаўская настойлівасць, якую я ніяк і нічым не магу перамагчы.
Калі Францішку нешта патрэбна, то ён упарта будзе стаяць на сваім, пакуль не дасягне таго, што яму патрэбна.
Увогуле ж, сын любіць маляваць, бо ў гэтым плане ў яго ідзе параўнанне з татам. Паша дасылае яму лісты з турмы з малюнкамі, і сын таксама яму ў адказ малюе.
Але зараз у Францішка любімая цацка — самакат. Гойсае на ім па вуліцы, як эстрэмал.
— Ці ёсць нейкія апошнія навіны ад Паўла?
— Пэўны перыяд Паша быў у штрафным ізалятары, а зараз яго змясцілі на тры месяцы ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). З сувязі з мужам засталіся толькі рэдкія лісты ад яго…

