Вольга Севярынец: Ад сувязі з мужам засталіся толькі рэдкія лісты...

Жонка палітвязня Паўла Севярынца Вольга расказала «Народнай волі», як расце маленькі Францішак і якія навіны ёсць ад мужа.

Вольга Севярынец з сынам Францішкам

Вольга Севярынец з сынам Францішкам


Павел Севярынец быў затрыманы ў Мінску 7 чэрвеня 2020 года. Пасля гэтага ў дачыненні да яго былі вынесены тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах за «ўдзел у перадвыбарчых пікетах» і «заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах».

Пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту Паўла Севярынца не выпусцілі на волю, а перавялі ў СІЗА № 1 у статусе падазраванага па арт.293 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), дзе ён адмовіўся даваць паказанні.

У выніку палітык быў прысуджаны да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Адбывае пакаранне Павел Севярынец у шклоўскай папраўчай калоніі №17.

— Якімі былі для нашай сям’і гэтыя тры гады? — кажа Вольга Севярынец. — З аднаго боку, гэта былі вельмі цяжкія і балючыя гады. А з іншага — гэта гады веры, надзеі і любові, таму што было шмат добрых сустрэч, шмат падтрымкі ад людзей, шмат напоўненых каханнем лістоў ад Паўла.


І шмат было малітваў, у якіх вера і надзея, што ўсё кепскае Гасподзь зможа перамяніць на дабро і наступіць дзень, калі мы зноў будзем разам — Паша, Францішак, я, нашы бацькі.

— Калі Паўла затрымалі, малому Францішку было ўсяго два гады…

— Зараз гэта ўжо сур’ёзны хлопец — вясной яму споўнілася 5 гадоў. Ён, безумоўна, вельмі змяніўся за апошні час, але ўсё роўна памятае тату, моліцца за яго, чакае. З такім унутраным сцісканнем слухае гісторыі пра Паўла, пры гэтым заўсёды ўнутрана засяроджваецца, уважліва слухае. Яму вельмі цікава пра тату слухаць.

А Паша нязменна піша Францішку асобныя лісты ад таты сыну.

— Ці ёсць у Францішка ўжо нейкія здольнасці?

— Цікавасці ў дзяцей нярэдка змяняюцца. Адзінае бачна, што ў сына праяўляецца моцная воля, севярынцаўская настойлівасць, якую я ніяк і нічым не магу перамагчы.

Калі Францішку нешта патрэбна, то ён упарта будзе стаяць на сваім, пакуль не дасягне таго, што яму патрэбна.

Увогуле ж, сын любіць маляваць, бо ў гэтым плане ў яго ідзе параўнанне з татам. Паша дасылае яму лісты з турмы з малюнкамі, і сын таксама яму ў адказ малюе.

Але зараз у Францішка любімая цацка — самакат. Гойсае на ім па вуліцы, як экстрэмал.


— Ці ёсць нейкія апошнія навіны ад Паўла?

— Пэўны перыяд Паша быў у штрафным ізалятары, а зараз яго змясцілі на тры месяцы ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). З сувязі з мужам засталіся толькі рэдкія лісты ад яго…