Алесь-Францішак Мышкевіч: «Уся беларуская культура цяпер не ў Беларусі, але пры гэтым яна максімальна беларусізавалася»

Саліст гурта The Superbulls Алесь-Францішак Мышкевіч, як і вельмі многія беларускія творцы, вымушаны быў з’ехаць з Беларусі. Нядаўна гурт зладзіў свой першы канцэрт у Варшаве.

0xjvgcrrrubdjq0vyuvd57pno55sgcnj.jpg

Пагаварылі на budzma.org з Алесем-Францішкам пра ўражанні ад канцэрту, адаптацыю за мяжой і пачуццё настальгіі, пра распальванне варажнечы паміж украінцамі і беларусамі і пра тое, што нам усім з гэтым рабіць.

— Як прайшоў першы канцэрт гурта ў Варшаве? Якія ўражанні?

— Першы канцэрт прайшоў някепска, добра.

Самае галоўнае — гэта настрой музыкаў і каманды. Адчувалася падтрымка адно аднаго, жаданне граць рок-н-рол, адчуванне паплечнікаў і братэрства. Мы зрабілі годную справу, і зрабілі гэта крута!

Дзякуй вялікі арганізатарам за тое, што зрабілі гэты падарунак і падтрымлівалі ўвесь час. Дзякуй блізкім, сябрам, браццям і ўсім добрым людзям, якія прыйшлі.

Людзей было не так, як чакалася. Павінна было быць болей, але вы ж ведаеце, як раптам бывае: то насмарк, то не змог, то «залатуха»... Гэта іх выбар. Я не расчараваны. Я натхнёны. Агулам канцэртам мы задаволеныя.

f3ky2zlk5ya9tl2ztl2ibd2uyx8fg933.jpg

— Чым адрозніваецца беларуская публіка ў Беларусі і ў эміграцыі, ці адчулі нейкі асаблівы «вайб»?

— Беларуская публіка заўсёды беларуская публіка, дзе б яна ні была. З любоўю.

Час ад часу, канечне, выбіраюць не тых артыстаў. Жартую. Але цяпер адчуваецца яднанне людзей, і пачуццё свабоды, тое, што ты можаш і на канцэрце, і на ўсіх імпрэзах, сустрэчах дыхаць вольным паветрам. Гэта файна! Гэта правільна. І гэта адчуваецца, так павінна быць. Энергетыка была наймацнейшая.

— Распавядзіце сваю гісторыю больш падрабязна пра тое, чаму вырашылі эміграваць?

— У Кіеве першапачаткова была мая асноўная праца — «Ляпіс» ды «Брутто». Можна сказаць, што гэта было запланавана да падзей. Жаданне з’ехаць ва Украіну было даўно. Мой род ідзе з Палесся, і я заўсёды лічыў украінцаў сваімі крэўнымі братамі. Яшчэ дзеля дзяцей. Хацелася, каб мае дзеці маглі знаходзіцца ў цывілізаваных умовах і выраслі вольнымі людзьмі.

— Ці ўсе ўдзельнікі гурта ўжо перабраліся ў Польшчу?

— Не. Далёка не ўсе. І гэта новая гісторыя. Усё толькі пачынаецца.

— Як адаптаваліся?

— Адаптуемся, шмат пытанняў і складанасцяў. Як і ва ўсіх. Моўнага бар’еру амаль няма. Нізкі паклон палякам за дапамогу, за салідарнасць і за прытулак. Яны сапраўды дапамагаюць адаптавацца. Ну, і канечне, сябры і друзі — беларусы, украінцы — натхняюць. Нас багата, мы павінны трымацца разам, гэта дапамагае адаптавацца.

— Якія канцэртныя планы маеце на бліжэйшую будучыню?

— Планы як мага болей граць. Гэта самае істотнае для музыкаў. Намагаемся «пракачаць» новы альбом у новых для нас рэаліях, каб нас пачуў увесь свет. Ну і канечне, Грэмі як мінімум. Уэмблі хацелася б бліжэйшым часам (усміхаецца).

046d2p0h5b8npcg24dxgtn8o9nx8yz05.jpg

— Ці ўзнікае пачуццё настальгіі, тугі па доме? У чым праяўляецца?

— Час ад часу здаецца, што знаходзішся ў працяглым сне і ніяк не можаш прачнуцца. Туга па доме, па родных, па любімых людзях — неймаверная.

Штоночы сніцца родны кут. Здаецца, што можна здурнець, што нічога з гэтым не можаш зрабіць. Але ёсць Вера і ўпэўненасць у перамозе! Трэба жыць зараз, і пражыць так, каб нам не было сорамна дзецям, нашым нашчадкам глядзець у вочы.

— Як ацэньваеце сітуацыю ў беларускай культуры?

— Уся беларуская культура цяпер не ў Беларусі. Але цяпер пры гэтым яна максімальна ўся беларусізавалася. Гэта новая хваля беларускай культуры. Галоўнае — падтрымліваць адно аднаго і працаваць на яе росквіт. Яе знішчаюць на тэрыторыі Беларусі, тым больш мы павінны яе распаўсюджваць, каб пакінуць спадчыну, каб памятаць, ведаць і самаідэнтыфікаваць сябе як нацыя.

— Ці чулі пра рэестр арганізатараў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў? Чым, на ваш погляд, гэта пагражае канцэртнай дзейнасці ў Беларусі?

— Нешта чуў. Нічому не здзіўлены. Канцэртная дзейнасць у Беларусі? Пра што вы кажаце? Яе няма. Ужо няма чаму пагражаць.

— Што параіце рабіць тым, хто ў Беларусі, улічваючы актуальную сітуацыю ціску там?

— Я не ў праве раіць. Кожны робіць свой выбар. Падумайце пра будучыню вашых дзяцей. І якую ролю адыгрываеце вы. Беларусы — павінны быць на баку Украіны, разам з украінцамі. І ніяк інакш, без сумневу. А значыць, на баку Святла!

— Як ставіцеся да распальвання сварак паміж беларусамі і ўкраінцамі?

— Мяркую — спецслужбісцкія распальванні. Кшталту «падзяляй і ўладар». У фашызму няма нацыянальнасці. Беларусы і Украінцы — браты, разам і назаўжды. І адэкватныя людзі гэта разумеюць. Беларусы як ніхто адчуваюць гэты боль за Украіну, некаторыя змагаюцца за яе, аддаюць сваё жыццё за нашу і вашу свабоду! Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй ужо шмат гадоў. Гэта трэба разумець кожнаму разумнаму чалавеку.

— Ці закранула вашае кола стасункаў вайна ва Украіне, можа, расчараваліся ў кімсьці, ці наадварот, былі ўражаны пазіцыі?

— Цяпер мала што здзіўляе. Пасля прылёту першай крылатай ракеты жыццё падзялілася на «да» і «пасля». Усе расчараванні я выкінуў на сметнік. Цяпер толькі наперад, да нашай агульнай перамогі над цёмнай бруднай зграяй.

І, канечне, уражаны штодня смеласцю, адвагай вайсковых ЗСУ, байцоў беларускіх фармаванняў. Адчуваю гонар за ўвесь украінскі народ, за кіраўніцтва Украіны. За ўсіх беларусаў, якія самааддана працуюць, змагаюцца дзеля нашай агульнай перамогі! Укленчваю перад імі. Вечная слава ўсім героям! Дзякуй вам, маці, за такіх дзяцей.

— Пры якіх умовах гатовыя вярнуцца дадому?

— Пры каторых — усе чакаюць!

ПЖ, budzma.org

Фота Алеся Пілецкага