Чаму ўсяго 16% гараджанаў, якія выступаюць за перавод школаў на беларускую мову — гэта ня мала, а вельмі добра

Аналітык Сяргей Навумчык аналізуе вынікі апытаньня «Палітычнай сфэры», якое выявіла, здавалася б, сумны адсотак аматараў пераводу школы на беларускую.

Фота: Павел Хадзінскі

Фота: Павел Хадзінскі

У сваім тэлеграм-канале Сяргей Навумчык піша:

Кожную зьяву, асабліва калі яна тычыцца працэсаў у грамадзтве, варта ацэньваць аб’ёмна, у скупнасьці розных фактараў.

На лічбу 16% гарадзкога насельніцтва, якія паводле апытаньня «Палітычнай сфэры», выступаюць за перавод школаў на беларускую мову, можна таксама паглядзець з розных бакоў.

Паводле дадзеных на 1.01.2023, у гарадах жыве 78,4% насельніцтва, гэта 7 212 405 чалавек. У вёсках, адпаведна — 21,5%, 1 988 212. Такім чынам, 16% ад гарадзкога насельніцтва — гэта, груба, 1 мільён 150 тысяч.

Што тычыцца вёскі, мы павінныя ўлічыць, што беларуская вёска 2020-х гадоў пасьля амаль трох дзесяцігодзьдзяў прымусовай лукашэнкаўскай русіфікацыі — гэта ня вёска 1950-60-х, калі яна, у той ці іншай ступені, заставалася апірышчам беларушчыны. Цалкам магчыма, што працэнт прыхільнікаў беларускіх школаў у іх яшчэ меншы, чым сярод гараджанаў. Уплывае тут і ўзровень адукаванасьці, і палітычнай сьвядомасьці, і іншыя фактары. Зьменшу гэтыя 16% нават на ў два, а ў тры разы, атрымліваем крыху больш за 100 тысячаў чалавек.

Такім чынам, пры самым пэсымістычным падліку, за перавод школаў на беларускую мову выступае 1 250 тысячаў жыхароў Беларусі. Гэта прыблізна толькі шостая частка насельніцтва.

Іншымі словамі — толькі адзін з шасьці ўспрымае мову як найважнейшую каштоўнасьць. А калі ацэньваць у палітычным ракурсе — толькі адзін з шасьці ўсьвядоміў важнасьць нацыянальнай ідэнтычнасьці і — што самае галоўнае — яе ключавую ролю ў захаваньні незалежнай дзяржавы, увогуле ў захаваньні беларусаў як нацыі.

Груба кажучы, толькі адзін з шасьці — палітычны прагматык. Бо якія б цудоўныя эканамічныя мадэлі і сацыяльныя рэформы не ажыцьцяўляліся, зьнішчэньне нацыянальнай ідэнтычнасьці будзе аўтаматычна азначаць зьнішчэньне спачатку падмурку дзяржавы, а потым і самой дзяржавы (што мы і назіраем).

Вось чаму, між іншым, я лічу выснову майго сябра, гісторыка і пісьменьніка Сяргея Абламейкі пра тое, што ў 2020 годзе палітычнае фармаваньне беларускай нацыі завершылася, заўчаснай. Цалкам разумею адчуваньні Сяргея ад тысячаў бел-чырвона-белых сьцягоў у жніўні 2020-га. Цалкам згодны з тымі, хто кажа, што 16 жніўня, калі на вуліцы Менску, гарадоў і вёсак выйшлі больш за паўмільёна чалавек, быў рэальны шанец зьмясьці рэжым пры хаця б мінімальным палітычным досьведзе «лідэраў пратэсту» (ці хаця б пры іх жаданьні слухаць тых, хто мае такі досьвед, але менавіта вопыт палітычнай працы, напрыклад, стварэньня страйкамаў, а не экскурсій на міжнародныя канфэрэнцыі). Два-тры тыдні страйку 10-15 бюджэтаўтворных найбуйнейшых прадпрыемстваў — і вось ужо Лукашэнка атабарваецца ў Дубаі (пры лепшым для сябе варыянце). І ўсё ж, перакананы, пра завяршаньне палітычнага фармаваньня нацыі казаць пакуль нельга. Яно наперадзе.

Глядзіце таксама

А зараз іншыя лічбы. На прэзыдэнцкіх выбарах-1994, паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, 757 195 грамадзянаў Беларусі галасавалі за старшыню БНФ Зянона Пазьняка (падкрэсьліваю, я прыводжу афіцыйныя дадзеныя. Рэальна лічбы былі большыя, сьведчу гэта як чалавек, які ў якасьці даверанай асобы Пазьняка ўсю ноч пасьля першага туру правёў у кабінэце старшыні ЦВК Абрамовіча. Лукашэнка перамог ужо ў першым туры, але раніцай у яго, у Пазьняка і ў Шушкевіча «забралі» пэўную колькасьць галасоў і дадалі Кебічу, які з рэальнага чацьвертага месца скокнуў на другое. Адбыўся, як вядома, другі тур).

Гэтыя 757 195 прагаласавалі за праграму БНФ — за дэмакратыю, выкананьне правоў чалавека, рынкавыя рэформы, незалежнасьць, супраць вайсковага саюзу з Расеяй (за некалькі месяцаў да гэтага старшыня ВС Шушкевіч падпісаў дамову аб далучэньні Беларусі да АДКБ, што азначала ўцягваньне Беларусі ў арбіту вайсковых інтарэсаў маскоўскага Генштабу). Прагаласавалі супраць якой бы тое не было інтэграцыі з Расеяй. Нарэшце — за дзяржаўнасьць беларускай мовы.

Менш чым праз год, у часе антыканстытуцыйнага «рэфэрэндуму»-95, за тое, каб беларуская мова заставалася адзінай дзяржаўнай, прагаласавалі (зноў жа па афіцыйных дадзеных) 613.516 чалавек (12,7% ад колькасьці ўдзельнікаў галасаваньня).

Такім чынам, у 1994-1995 гадах мінімальна ад 600 да 750 тысячаў чалавек выступалі за безумоўны, бяз усякіх агаворак, статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай.

І нават калі ўлічыць, што любое апытаньне мае на ўвазе зрэз усёй часткі насельніцтва, а вынікі любога галасаваньня — гэта толькі галасы тых, хто прыйшоў на ўчасткі, нават пры гэтым выснова адназначная: колькасьць прыхільнікаў беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай не паменшылася. Пры тым, што дзесяткі іх тысячаў былі вымушаныя ратаваць сваё жыцьцё і свабоду ў вымушанай эміграцыі.

І гэта — ва ўмовах, калі ад 1994 году (не ад «рэфэрэндуму»-95, а літаральна зь першага дня прыходу ва ўладу Лукашэнкі) супраць беларускага школьніцтва, беларускага кнігадрукаваньня, беларускіх СМІ была распачатая інсьпіраваная Масквой мэтанакіраваная, сыстэмная, агрэсіўная дзейнасьць.

У апошнія тры гады гэтая дзейнасьць сумяшчаецца з, па-сутнасьці, дзяржаўным тэрорам (хаця зьбіцьцё дэпутатаў БНФ, якія галадавалі за Мову, Сьцяг і Герб, у красавіку 1995-га ўжо было актам дзяржаўнага тэрарызму).

І пры ўсім гэтым — не ўдалося.

Тое, што вось ужо тры дзесяцігодзьдзі колькасьць нацыянальна сьвядомых людзей не павялічваецца ці павялічваецца вельмі марудна (і нават 24 лютага 2022-га мала чаму навучыла большасьць), прымушае меркаваць, што сапраўдныя зьмены ў Беларусі адбудуцца не раней чым гадоў праз 20-30. Тут я рэаліст.

Але тое, што этнацыд і тэрор так і ня зьнішчылі, як пяецца ў нацыянальным гімне, «наш беларускі, вольны дух», сьведчыць пра тое, што зьнішчыць Беларусь ім ніколі і не ўдасца.

Тут я таксама рэаліст. «А іначай, — як пісаў іншы мой сябра, Ўладзімер Арлоў, проста ня варта жыць».