Сярод пераможцаў прэміі імя Аляхновіча за турэмную літаратуру — аўтарка «Новага часу»

«Радыё Свабода» і Беларускі ПЭН-цэнтр абвясцілі шэсць пераможцаў і восем лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшыя творы, напісаныя аўтарамі, якія былі зняволеныя.

7d61806b_a906_4475_b44d_00a331b6d8d3_cx0_cy1_cw0_w1023_r1_s_1.avif

Сёлета дзеля бясьпекі арганізатары прэміі прапанавалі намінантам або іх сваякам, пры жаданьні, захаваць ананімнасьць і гарантавалі канфідэнцыйнасьць. З гэтае прычыны імёны некаторых пераможцаў і ляўрэатаў схаваныя пад псэўданімамі, не абвяшчаюць і назвы іх твораў. Прозьвішчы апублічаць толькі тады, калі гэта стане бясьпечным для аўтараў твораў.

Пераможцаў і ляўрэатаў вызначала Рада Беларускага ПЭН-цэнтру.

Такім чынам, пераможцамі сёлетняй літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў зьняволены, сталі:

Алесь Бяляцкі — Успаміны пра музэй Максіма Багдановіча.

Алег Грузьдзіловіч — Кніга «Мае турэмныя муры».

Марк Каласок — Кніга (назва не апублічваецца).

Вольга Класкоўская — Турэмныя дзёньнікі.

Летапісец — Нататкі (назва не апублічваецца).

Нікола Тэсла — Кніга (назва не апублічваецца).

Ляўрэатамі літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў зьняволены, вызначаныя:

Уладзімер Гундар — верш.

Андрэй Кузьнечык — вершы.

Спадар Лапычаў — вершы.

Ільля Міронаў — верш «Думаеце, такога не бывае?», нататкі.

Павал Севярынец — вершы.

Анатоль Хіневіч — верш «Паглядзі ў люстэрка на асабісты твар».

Сяргей Ціханоўскі — вершы.

Max V. Detta — вершы.

Камэнтуючы выбар журы, старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай сказала: «Сёлета, абвяшчаючы пераможцаў і ляўрэатаў, мы адзначаем ня толькі літаратурнае майстэрства, але і непахіснасьць духу аўтараў, якія пішуць ва ўмовах няволі. Кожная старонка іх твораў — гэта ня проста словы, а адлюстраваньне іх барацьбы за свабоду думкі і выказваньня. Уручаючы гэтую прэмію, мы ня толькі адзначаем іх талент, але і падтрымліваем іх нязломнае памкненьне да свабоды».

Няспынныя рэпрэсіі, арышты аўтараў і выдаўцоў цягам мінулага 2022 году зрабілі амаль немагчымым публічнае зьяўленьне твораў, напісаных у няволі. Агулам, паводле беларускага ПЭНу, у няволі знаходзяцца 30 «людзей слова»: літаратары, перакладчыкі і дасьледчыкі літаратуры, публіцысты, інтэлектуалы, а таксама тыя, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў.

У 2013 годзе Беларускі ПЭН і «Радыё Свабода» супольна заснавалі прэмію за творы, напісаныя ў зьняволеньні, і прысьвяцілі яе драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), чыя кніга «У капцюрох ГПУ» адной зь першых расказала сьвету пра савецкі ГУЛАГ.

Ляўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча ў розныя гады станавіліся Ігар Аліневіч (2013), Алесь Бяляцкі (2014), Зьміцер Дашкевіч (2014), Фэлікс Пекер (2014), Павал Севярынец (2014), Аляксандар Фядута (2014), Ірына Халіп (2014), Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў (2017), Леанід Пятрэнка (2017), Аляксандар Лапшын (2018), Уладзімер Някляеў (2018), Вольга Мікалайчык (2018), Алесь Пушкін (2019), Сяргей Скрабец (2019), Андрэй Аляксандраў (2021), Аляксандар Васілевіч (2021), Максім Знак (2021), Вольга Калацкая (2021), Сьвятлана Купрэева (2021), Мікола Папека (2021), Андрэй Скурко (2021) і іншыя.

Арганізатары плянуюць уручаць прэмію імя Францішка Аляхновіча датуль, пакуль сытуацыя ў Беларусі будзе даваць для гэтага падставы, але спадзяюцца, што яна неўзабаве страціць сваю актуальнасьць.

«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай можна пачытаць ТУТ.

Паводле «Радыё Свабода», захаваны правапіс арыгіналу