Зменлівы і нязменны: Персі Бішы Шэлі
Ім зачытвалася і яго праклінала ўся Англія. Выдатны юнак і адчайная пачвара. Паэт-рамантык і філосаф-ідэаліст. Ізгой і выкрадальнік жаночых сэрцаў нароўні з Байранам. Заўважны і занадта шчодры мужчына. Геній, які яшчэ раз даказвае, што мераць творцаў адной лінейкай нельга, бо геніяльнасць заўсёды ўнікальная.
Замест уступу
Калі мы бачым у заяўленым жанры «рамантыка», разумеем, што там нешта пра пачуцці, эмоцыі і каханне. Таму калі гаворка вядзецца пра нямецкіх, ангельскіх, французскіх рамантыкаў, у неспрактыкаванага чытача ўзнікае думка, што яны ўсе пісалі пра каханне. Але не. Хоць пра каханне, вядома, таксама, як і ўсе паэты, але не яно было іх пуцяводнай зоркай, не да яго імкнуліся яны ў сваіх выкшталцоных тэкстах.
У палях жывой травінкі не знойдзеш,
Аголеныя лясы.
І цішыню гайдае
Кола млына.
[Тут і далей пераклады вершаў – А. А.]
Немцы вельмі летуценныя. Яны вечна лунаюць у сваіх далёкіх аблоках, мараць аб паралельных сусветах, куды сапраўды можна збегчы з гэтага абывацельскага існавання. Гэты свет заўсёды цудоўны і казачны. Ён яскравы, там героя вельмі чакаюць, ён там становіцца новым Месіяй.
Французы — рэвалюцыянеры. Галоўны рамантык Парыжа Віктор Гюго 20 гадоў пісаў раман усяго свайго жыцця, дзе ідэйнай кульмінацыяй становіцца згуба ўсіх АВС-шных прыгажунчыкаў, якія ўвасабляюць аўтарскія ідэі аб раўнапраўі-каханні-сяброўстве-жуйцы. Уявіце, колькі слёз пралілі спачатку чытачы падчас апісання баёў на барыкадах 1832 года, а потым ужо і глядачкі амаль аскараноснага мюзікла 2012 года, там акцёры — усе як на падбор!
Зусім іншыя ангельцы. Яны — рэфарматары. Гэта тыя людзі, якія стваралі кірункі, а потым самі ж тыя кірункі высмейвалі. Тут вам і Стэрн, які стварыў і высмеяў сентыменталізм, і Байран, рамантычнае баство, якое ў выніку само ж з сябе пацяшалася. Пры гэтым ангельцы — пры ўсім іх пурытанстве і чапурыстасці — умудрыліся спарадзіць неабсяжную колькасць мітуслівых, свабодалюбных паэтаў, якія выбіваліся з усіх магчымых і немагчымых межаў, якія, верагодна, цяпер ужо з’яўляюцца часткай гісторыі, якія, магчыма, ужо засталіся ўнутры вузкай літаратуразнаўчай тусоўкі, але без іх не было б ні сясцёр Брантэ, ні Дзікенса, ні Вірджыніі Вульф, ні шматлікіх сучасных аўтараў, якія дагэтуль чэрпаюць натхненне ў літаратурных доўгажыхароў.
Такі — Персі Бішы Шэлі. Доўгажыхаром, праўда, назваць яго складана, але ён паспеў у адведзеныя яму няпоўныя 30 гадоў стварыць столькі, што ўпісаў сваё імя ў гісторыю літаратуры надоўга.
Антыбіяграфія
Наогул вывучаць літаратуру па пісьменніцкіх біяграфіях справа няўдзячная. Мы часта чакаем ад паэтаў маральнага ідэалу, прыкладу для пераймання, маральнага арыенціра. Гэтыя ўсе ідэалы і арыенціры, як правіла, адштурхоўваюцца ад нашых сучасных (ці не вельмі) уяўленняў аб маралі і этыцы; рэдка хто суадносіць цяперашняе ўспрыманне тэксту з эпохай яго стварэння. А ўжо задумацца аб розніцы светаўспрымання і вобразе жыцця пісьменніка і чытача, якіх падзяляюць нават не гады — стагоддзі, — гэта ўжо наогул не кожнаму, на жаль, дадзена.
Персі Бішы Шэлі — не самы станоўчы прыклад для пераймання нават для чалавека XXI стагоддзя, а ўжо ў стагоддзі XIX, у якім ён паспеў набедакурыць, тым больш.
…Дух Мільтана з’явіўся мне зараз, —
І лютню зняў з густога дрэва жыцця,
І громам салодкагучнасці ўстрапянуў
Людзей, якія пагарджаюць людзьмі,
І крывёю абагрэтыя пасады,
І алтары, і крэпасці, і турмы…
Будучы старэйшым сынам тытулаванай сям’і і меўшы тытул баранэта, ён нават не скончыў універсітэт, хаця атрыманай ім адукацыі хапіла б сучаснаму філолагу для абароны як мінімум кандыдацкай ступені. Ён перакладаў Платона, чытаў Сафокла, любіў Кітса, поўніўся глыбокай пашанай да Мільтана. А як гаварыў Фамусаў, веды — вось прычына ўсіх бедаў, што звальваюцца на занадта разумных хлопчыкаў (і дзяўчынак, куды ж без гэтага).
Першы шлюб Персі — найдасканалейшы мезальянс. Мала таго, што без дазволу павёз дзяўчыну ў Шатландыю (усе ж ведаюць, што Шатландыя ў Вялікабрытаніі XIX стагоддзя была чымсьці накшталт цяперашняга Лас-Вегаса: узяць шлюб там можна было хутка, без усялякіх перашкодаў у выглядзе ўгневаных сваякоў або ўсякай бюракратычнай валтузні), дык яшчэ і будучая жонка аказалася дачкой звычайнага карчмара.
Харыэт Уэстбрук, сяброўка сясцёр Шэлі, была міленькай, уражлівай, але не асабліва разумнай. Яна захаплялася талентам юнага генія (а тое, што Персі быў геній, было ўсім зразумела, хоць і не ўсе гэта прызнавалі), гатовая ва ўсім яго падтрымліваць. Але пагадзіцеся, складана ўтрымацца, калі табе пішуць, напрыклад, такое:
О Харыэт! Хто раз выпіў
Да дна твой погляд прамяністы,
Той змрок жыцця перамог…
Але, сябар мой, у запале чыстым
Прызнацца я не паспяшаўся
І тым пагарду заслужыў.
О Харыэт, толькі ты можаш
Не зачарсцвець у мітусні;
Між ненавіснікаў маркотных —
Добрая, далікатная толькі ты,
І далікатная твая адвага
Заменіць мне зямныя выгоды.
Дадайце сюды яшчэ не самую шчаслівую сям’ю, бацьку-ліхвяра, не надта перспектыўныя варыянты будучага замужжа з аднаго боку і выдатнага юнака-паэта — з іншага. Здаецца, выбар відавочны, і выбар гэты — жаніцьба ў Шатландыі.
Ад вечных змен? — Для іх найвольны шлях.
Ні радасць і ні смутак не ведаюць палону.
І дзень учорашні назаўтра не вярнуць.
Так, зменлівасць — яна адна нязменная.
Ну, вы зразумелі: не паспела Харыэт нарадзіць Персі другое дзіцё, як ён захапіўся іншай. Так, вось так лёгка і проста. Ён быў фанатам Уільяма Годвіна, які, у сваю чаргу, быў мужам першай англійскай феміністкі Мэры Уолстанкрафт. Гэта была яшчэ тая сямейка з грамадзянскімі шлюбамі, суіцыдамі ды іншымі прыкладамі маніпулятарства, але Годвін — апагей усяго. І ўсё ж пры дэспатычных хатніх паводзінах ён умудрыўся выхаваць дачку, Мэры Годвін, якая пасля не толькі стала другой жонкай Персі Бішы Шэлі, але і ўвайшла ў гісторыю сусветнай літаратуры як аўтарка «Франкенштэйна».
Але цяпер не пра Мэры Шэлі, хоць яна і аўтарка самага экранізаванага рамана. Наогул, калі ўспрымаць паэта праз прызму яго біяграфіі, атрымаецца суцэльная нудота і пошласць. Хто з кім спаў, хто з кім збег, хто колькі нарадзіў і колькіх пахаваў. Гэта ўсё тлен (хоць незадаволенасць з нагоды адмовы забраць дзяцей пасля самагубства першай жонкі Персі вельмі ярка выказаў у паэме «Разалінда і Алена»), у вечнасці застаецца іншае.
Больш лагічна праз біяграфію глядзець на творчасць, пра што, напрыклад, казаў яшчэ Шлейермахер у сваіх лекцыях, лічачы, што «поўнае вывучэнне тэксту магчыма толькі ў сувязі з асобай аўтара». Але ўсё ж трэба ўмець аддзяліць зерне геніяльнасці ад пустазелля біяграфічнай даведкі.
І ўсё ж пра творчасць
Персі Бішы Шэлі быў паэтам, які апяваў свабоду без рэлігійнага прыгнёту, марыў пра камуну, у якой будуць усе роўныя. Ён пагарджаў Напалеонам, бо той «мог бяскроўна зацвердзіць свой трон», але «аддаў перавагу разні ў пышным стылі». Сваё скептычнае (мякка кажучы) стаўленне да хрысціянства адлюстраваў у паэме «Каралева Мэб», а ў «Аласторы» ён намаляваў аўтапартрэт і пачаў дыскусію якраз з нямецкім асацыяльным вобразам рамантыка.
Яго лірычны герой марыць пра Дзеву, у ідэальных рысах якой выразна прасочваецца яго другая жонка Мэры Шэлі, якая была не толькі пісьменніцай, яна магла не толькі слухаць, але і чуць, разумець і нават развіваць ідэі мужа. Адукацыя, якую даў ёй бацька Уільям Годвін (які, дарэчы, жыў шмат гадоў на грошы Персі, але пры гэтым замужжа сваёй дачкі не ўхваліў і на парог іх доўгі час не пускаў — вось вам і вольныя норавы з грамадзянскімі шлюбамі), адукацыя дазволіла гэтай маладой жанчыне прыхінуць да сябе не толькі сяброў Персі, але нават самога Байрана, зачараванага прыгажосцю і розумам юнай Мэры (у іх кампаніі тусіла яшчэ юная Клэр, зводная сястра Мэры, але гэта ўжо проста зусім санта-барбара).
Смуткуе птушка аб каханні сваім,
Адна ў лесе сівым.
Крадзецца холад між галін,
Ручай зацягнуты лёдам.
Байран. Так, яны сябравалі. Каталіся разам па Еўропе, калі апынуліся абодва вырваныя з англійскага грамадства. Іх тэкстамі зачытваліся, але ў прыстойныя дамы не пускалі. Яны былі геніямі, але ізгоямі. Тая сіла думкі, тая сіла пачуццяў, тыя ідэі, што луналі вакол іх, сутыкаліся, нараджаючы літаратурныя шэдэўры — гэта нейкае буйства чалавечага генія на адзінку прасторы.
Пацешна, што пры ўсёй рамантычнасці і свабодалюбстве Шэлі даволі дыдактычны. Вось, напрыклад, радкі з яго паэмы «Паўстанне Ісламу», у якой паэт канструюе ідэальную рэвалюцыю:
Ты, Роўнасць, найстарэйшая на свеце!
Каханне й Мудрасць носяць па планеце,
Як верныя нястомныя анёлы,
Багацці Розуму — к прыступкам трона…
З аднаго боку, свабода-роўнасць-братэрства, з другога — Розум вышэй за ўсё, як завяшчалі асветнікі папярэдняга стагоддзя.
Але вяршыняй творчасці лічыцца «Вызвалены Праметэй». Гэта не проста апяванне свабоды, гэта — гімн Паэту, ода прызначэнню яго, выбудаваная ўтопія, якая, вядома, ніколі не надыдзе, але якая так вабіць і зіхаціць недасягальнымі прамянямі чалавечага шчаслівага быцця:
Паўсюдна будзе вольным чалавек,
Брат будзе роўны брату, ўсе перашкоды
Расталі між людзьмі; плямён, народаў,
Саслоўяў больш няма, зліліся ўсе ў адно,
І кожны паўнаўладны над сабою...
«Бывай, свабодная стыхія...»
Персі любіў мора. Ён гатовы быў удыхаць яго водар, лашчыцца ў промнях салёнага сонца, гойдацца на хвалях і… зусім не ўмеў плаваць. Вось зусім. Абсалютна. Байран (гэты кульгавы прыгажун заўсёды камплексаваў з-за сваёй хваробы і так сябе натрэніраваў, што, па чутках, мог бы адной левай здаць нарматыў на майстра спорту па плаванні) здзіўляўся і вечна ў іхніх сумесных марскіх вандроўках быў напружаны, гатовы ў любы момант змагацца са стыхіяй адной рукой, а другой — выцягваць з буры свайго малодшага сябра.
Не вернецца больш тое, што міне.
Гады пасерабрылі і мяне.
Перада мной — пахілы
Крыж магілы.
Сам Персі да сівізны не дажыў. У той фатальны дзень у пачатку ліпеня 1822 года Байрана побач не было, і шхуна «Арыэль» (а назва ж якая!), на якой Персі Бішы Шэлі дабіраўся з Пізы назад да жонкі і сына ў Лігурыю, патрапіла ў шторм. Нежывое цела паэта помслівае мора выкінула толькі праз некалькі дзён. Цела яго спальваў Байран. А пахаваны прах у Рыме побач з Кітсам, томік якога быў з Персі нават падчас апошняй сутычкі са «свабоднай стыхіяй».