Жывяце ў Літве? Неўзабаве скончыцца дзеянне пашпарта? Рашэнне ўжо шукаюць

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) Валерый Кавалеўскі і дырэктар Дэпартамента міграцыі МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайтэ абмеркавалі працэдуру выдачы неабходных дакументаў грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў Літве і не могуць аднавіць свой страчаны або памяняць пратэрмінаваны пашпарт. Пра гэта паведамляе прэс-служба АПК.

paszp.png

Адзначаецца, што падчас сустрэчы Валер Кавалеўскі і Эвеліна Гудзінскайтэ разам з іншымі прадстаўніцамі Дэпартамента абмеркавалі працэдуру выдачы дакументаў грамадзянам Беларусі, якія цяпер знаходзяцца ў Літве і па аб'ектыўных прычынах не могуць памяняць пашпарты, што сталі несапраўднымі з-за сканчэння тэрміну дзеяння або страты. «Пасля канчатковай дапрацоўкі працэдуры Аб'яднаны пераходны кабінет апублікуе інфармацыю аб умовах і спосабах атрымання такога дакумента», — гаворыцца ў паведамленні кабінета.

«Таксама на сустрэчы былі абмеркаваны іншыя праблемныя пытанні, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Літве, іншых краінах ЕС і ва Украіне. Для іх вырашэння бакі дамовіліся на шэраг рэгулярных сустрэч», — падкрэсліваецца ў прэс-рэлізе.

Масавая эміграцыя з Беларусі з палітычных меркаванняў пачалася ў 2020 годзе, пасля таго як рэжым Лукашэнкі сфальсіфікаваў выбары і беспрэцэдэнтнымі гвалтам і рэпрэсіямі адказаў на справядлівае абурэнне людзей. З таго часу шмат у каго сапраўды ўжо скончыўся тэрмін дзеяння асноўных дакументаў. Так, іх можна памяняць праз афіцыйныя лукашэнкаўскія амбасады, але не ўсе эмігранты жадаюць ісці гэтым шляхам, у дадатак ён стварае шмат нязручнасцяў і праблем. Пачытайце пра гэта ў матэрыяле ніжэй.