Чэргі, адмовы і шалёныя кошты: як працуюць беларускія консульствы за мяжой

Беларусы ў эміграцыі, якім трэба перааформіць дакументы ці атрымаць пашпарт, сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі ў абслугоўванні з боку консульстваў. DW расказвае пра некаторыя з такіх кейсаў.

Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц

Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц


З новага года беларускія дыпустановы за мяжой значна павысілі кошт консульскіх паслуг. Прадастаўленне апастылю на афіцыйным дакуменце цяпер каштуе 50 еўра замест 35 еўра. У 200 еўра (раней — 70 еўра) абыдзецца змена прозвішча, імя або імя па бацьку і выдача адпаведнага пасведчання. 100 еўра давядзецца заплаціць за рэгістрацыю шлюбу. Кошт гэтай паслугі вырас у два разы ў параўнанні з мінулым годам.


З 40 да 50 еўра павялічылі стаўку за выдачу або абмен пашпарта для беларусаў, якія пражываюць за мяжой. Замена праз дыппрадстаўніцтва пашпарта беларуса, які пражывае ў РБ, па-ранейшаму каштуе 100 еўра. Гаворка пра тых, хто пражывае за мяжой без ПМЖ — напрыклад, па нацыянальнай візе. Стаўку за разгляд заявы аб выхадзе з грамадзянства РБ, якая раней складала 250 еўра, паднялі да 400 еўра. Але аплата збораў не заўсёды гарантуе хуткае атрыманне консульскіх паслуг. Беларусы з розных краін расказалі DW, з якімі праблемамі сутыкнуліся пры звароце ў дыппрадстаўніцтва РБ.

Дакументы на замену пашпарта ўзялі, але ў Беларусь не адправілі

«Я навучыўся жыць без святла і вады ў Адэсе, але пакуль не ведаю, як буду жыць без пашпарта», — дзеліцца беларус, у якога неўзабаве заканчваецца тэрмін дзеяння дакумента. У снежні мужчына выехаў з Украіны ў Малдову, звярнуўся там у беларускую амбасаду, але яму сказалі, што для замены пашпарта патрэбны від на жыхарства ў гэтай краіне. Цяпер у планах беларуса пераезд у Грузію, дзе ён зноў паспытае шчасця з заменай дакумента.

«Я супрацоўнік адной беларускай дэмакратычнай арганізацыі, у мяне абмежаванне выезду з Беларусі. У беларускай амбасадзе ў Грузіі ў мяне ўзялі дакументы на замену пашпарта, але ў Беларусь іх не адправілі, прапанавалі зрабіць пасведчанне на вяртанне (дакумент, які дазваляе вярнуцца на радзіму з пратэрмінаваным пашпартам для яго замены. Заўв. рэд.), але з вядомых прычын я адмовіўся», — расказвае яшчэ адзін суразмоўца DW. Пакуль што яму не прыйшло апавяшчэнне наконт выдачы або адмовы ў новым дакуменце.


«Супрацоўнікі амбасады сказалі, што раней быў толькі адзін кейс, калі беларусу адмовілі ў выдачы пашпарта, прычын не патлумачылі», — дадае беларус. Паводле закона, грамадзяне Беларусі маюць права замяніць пашпарт у беларускай амбасадзе ў краіне пражывання, калі скончыўся тэрмін дзеяння дакумента; выдаткаваныя аркушы, прызначаныя для пазнак; пашпарт стаў непрыдатны для выкарыстання; а таксама ў выпадку, калі чалавек памяняў прозвішча, імя, імя па бацьку або пол; ці калі былі ўстаноўленыя недакладнасці ў звестках або пазнаках у пашпарце.

Запіс на паўгода наперад

У консульства Беларусі ў Варшаве беларусы часта проста не могуць датэлефанавацца, а чарга на замену дакументаў тут дасягае паўгода і больш: «Датэлефанавацца туды вельмі складана, на электронны ліст адказалі цягам двух тыдняў. На замену пашпарта змаглі запісацца толькі на жнівень 2023 года. У выпадку адмовы ў замене пашпарта варта атрымаць ад амбасады пісьмовы адказ, тады, калі ёсць ВНЖ, можна разлічваць на праязны дакумент замежніка (выдаецца ў некаторых краінах і замяняе ў паездках за мяжу пашпарт, калі дакумент згублены, пашкоджаны або непрыдатны для выкарыстання, а атрымаць новы немагчыма ппраз рызыку падвергнуцца рэпрэсіям у выпадку вяртання на радзіму. — Заўв. рэд.)».


«У консульства РБ не датэлефанавацца. Я тэлефанаваў на працягу двух тыдняў кожны дзень у розны час, на электронныя лісты адказваюць доўга — або не па тым пытанні, якое цікавіць, або наогул цішыня, — дзеліцца досведам яшчэ адзін беларус з Варшавы. — У выніку, мы проста туды прыйшлі, патлумачылі праблему, нам знайшлі час на наступны дзень. Але ж далёка не ўсе могуць так прыехаць, каб проста запісацца, гэта добра, калі яшчэ атрымаецца». Паводле слоў мужчыны, патрэбны яму дакумент абышоўся ў 30 еўра. Для параўнання: апастыль у польскім міністэрстве каштаваў каля 13 еўра.

Перад адмовай ад грамадзянства РБ прымушаюць тры месяцы падумаць

Працэс адмовы ад беларускага грамадзянства і зусім можа зацягнуцца на гады. Паводле слоў беларуса, які з гэтым сутыкнуўся, у супрацоўнікаў дыпустаноў ёсць правіла — адпраўляць людзей на тры месяцы «падумаць», ці сапраўды яны хочуць пазбавіцца беларускага грамадзянства.


Акрамя таго, каб запусціць працэдуру адмовы ад беларускага пашпарта, у заяўніка ўжо павінен быць альбо пашпарт краіны пражывання, альбо рашэнне кіраўніка дзяржавы, што такі дакумент будзе выдадзены ў будучыні.

Таксама суразмоўца DW звяртае ўвагу на тое, што далёка не заўсёды на сайце амбасады ёсць поўны пералік і ўзоры дакументаў для выхаду з грамадзянства, таму, магчыма, давядзецца іх шукаць на старонках іншых дыппрадстаўніцтваў РБ. «Чарга велізарная, запіс праз тры месяцы, збіраем дакументы, прыходзім, але ўсё не так. На просьбы прынесці дакументы паўторна заўтра ці праз гадзіну кажуць, вядома, не, трэба запісвацца нанова. І гэтая працэдура можа заняць гады. Ні адно консульства не зацікаўлена ў тым, каб адмаўляліся ад грамадзянства», — кажа беларус.