Як беларусы ў Еўропе адмаўляюцца ад беларускіх пашпартоў

«Deutsche Welle» спытала ў беларусаў, якія жывуць у Германіі, што прымусіла іх адмовіцца ад сіняга пашпарту.

Ілюстрацыйнае фота: dw.com

Ілюстрацыйнае фота: dw.com


Кожны год грамадзянства Германіі атрымлівае каля 120 тысяч замежнікаў, якія жывуць у краіне. Некалькі соцень з іх — беларусы: напрыклад, у 2016 годзе нямецкі пашпарт атрымалі 411 чалавек, у 2021-м — 385. Магчыма, колькасць за 2022-ты будзе вышэй за сярэднюю (даных за гэты год яшчэ няма): многія вырашыліся на змену грамадзянства пасля пратэстаў 2020-га і рэпрэсій, якія пачаліся следам, а на афармленне дакументаў, уключаючы абавязковы выхад з беларускага грамадзянства, сыходзіць больш за год. DW паразмаўляла з трыма беларусамі, якія сталі грамадзянамі ФРГ сёлета, пра тое, чаму яны гэта зрабілі і што адчувалі, расстаючыся з сінім пашпартам Беларусі.

Дар'я Дзергачова, 39 гадоў, прысяжная перакладчыца, жыве ў Кёльне


Я прыехала ў Германію ў 18 гадоў з усёй сям'ёй. Штуршком да змены пашпарта для мяне стала гісторыя Наталлі Хершэ, у якой было падвойнае грамадзянства, і яе пасадзілі ў турму ў Беларусі. Усе астатнія (беларусы з пашпартамі іншых краін, затрыманыя за ўдзел у пратэстах. Заўв. DW), хто не меў падвойнага грамадзянства, былі дэпартаваныя. Я не хаваю сваіх пазіцый адносна ўлады Беларусі, таму, калі мне давядзецца туды паехаць — а ў мяне там сябры і сваякі, — то мне больш падабаецца варыянт, што мяне дэпартуюць, чым пасадзяць.
Мяняць грамадзянства было, мякка кажучы, не вельмі радасна, улічваючы абставіны, з-за якіх я вырашыла гэта зрабіць. Калі я аддавала беларускі пашпарт — яго трэба было пакласці ў такую скрыню для дакументаў у пасольстве, і ён «ад'язджаў» — гэта было вельмі балюча. У нейкай ступені нас такім чынам пазбаўляюць радзімы, і гэта цяжка для любога чалавека, які эмацыйна звязаны са сваёй краінай, дзе б ён ні жыў. Я тут, у Германіі, дома, але Мінск — гэта нешта роднае, асаблівае і заўсёды ім застанецца.
Я застануся беларускай, нягледзячы на тое, што ў мяне цяпер нямецкі пашпарт. Маё паходжанне — гэта зборная салянка, у мяне 4-5 нацыянальнасцей у крыві. Але праз тое, што я нарадзілася і вырасла ў гэтай краіне, сфармавалася, пачала развівацца, для мяне Беларусь назаўжды застанецца домам. Гэта радзіма, і нікуды ты ад яе не дзенешся.
Калі не будзе вострай неабходнасці, я пакуль не хачу ехаць у Беларусь. Праз страх, што там са мной можа нешта адбыцца, і ўлічваючы палітычную сітуацыю. Я даўно сябрую з Машай Калеснікавай, і яе гісторыя мяне вельмі ўдарыла ў свой час, матывавала спрабаваць хоць неяк паўплываць на сітуацыю адсюль. Я вельмі паважаю яе рашэнне, але сама я не гатовая сесці ў турму.
Мне пашанцавала, што выхад з беларускага грамадзянства прайшоў досыць беспраблемна. Калі трэба было ў першы раз прыйсці ў амбасаду, я ўзяла з сабой свайго сябра-юрыста, сказаўшы яму: калі я цяпер адсюль не выйду, калі ласка, тэлефануй туды і туды. Не факт, што нешта адбудзецца, усё-ткі я зыходзіла з таго, што на тэрыторыі Германіі ніхто не наважыцца на такога роду ўчынкі, але само адчуванне, што пра гэта трэба думаць, — проста жудасна. Я вельмі спадзяюся, што настане дзень, калі нікому з беларусаў не давядзецца прыходзіць у амбасаду сваёй краіны з такім пачуццём.

Вадзім Навумчык, 38 гадоў, праграміст, жыве ў Берліне


Я прыехаў у Германію ў 2011 годзе на вучобу — вывучаў інфарматыку ў Лейпцыгу. Жаданне атрымаць нямецкае грамадзянства ў мяне было першапачаткова — каб цалкам быць у еўрапейскім прававым полі, карыстацца магчымасцямі, якія ёсць у грамадзян ЕС. Без грамадзянства нельга пакідаць Германію больш чым на 6 месяцаў, а з грамадзянствам можна быць нашмат больш спантанным — выехаць працаваць куды-небудзь, па-іншаму планаваць жыццё.
Паскорыла маё рашэнне вайна ва Украіне і незразумелы ўдзел або няўдзел у ёй Беларусі. Не было ясна, што будзе патрабавацца ад грамадзян Беларусі, будуць заклікі — не будзе заклікаў. І, знаходзячыся там, хацелася, вядома, мець абарону еўрапейскай краіны. Так, можа здарыцца, што замежнікам забароняць уезд, і маё грамадзянства абернецца хутчэй недахопам, чым перавагай. Але мае бацькі там, і, наведваючы іх, хацелася б адчуваць сябе ў бяспецы.
Самым складаным было сабраць усе дакументы. Незадоўга да грамадзянства я атрымліваў дазвол на пастаяннае знаходжанне — спіс быў даўжэйшы, чым на грамадзянства, так што многія дакументы ў мяне ўжо былі сабраныя. Некаторым для выхаду з грамадзянства трэба ехаць на радзіму, там атрымліваць афіцыйны статус пражывання за мяжой. Нам, беларусам, можна ўсё зрабіць праз амбасаду: запытаць пашпарт серыі PP і, ужо маючы яго на руках, адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Усё гэта заняло ў мяне трохі больш за год.
Я не магу сказаць, што гэта была чыстая радасць — кшталту ўсё, да пабачэння. Але больш моцныя эмоцыі ў мяне былі, калі я вырашыў падправіць напісанне свайго імя, каб яно больш адпавядала нямецкім правілам. Вось там я аддаў большую частку сябе, чым пры адмове ад грамадзянства.
Маё імя пісалася лацінкай паводле транслітарацыі з беларускай на англійскую. І зыходзячы з гэтага, у прозвішчы Навумчык — там, дзе ў беларускім «ы» — нямецкая «y». Я выправіў яе на «i», таму што для немцаў «ы» — гэта наогул незразумелы гук. З імя Vadzim я прыбраў «z», таму што ў нямецкім вымаўленні гэта ўсё роўна ледзь-ледзь заўважна. Гэта было эмацыйна складана. Я распытваў сяброў, ці зрабілі б яны такое. І некаторыя казалі, што напісанне імя кажа пра тое, адкуль ты родам, гэта нагода расказаць гісторыю свайго імя. Але мне практычнасць была важней за рамантычны бок гэтага працэсу.
Як толькі я атрымаў пашпарт, я падаў на беларускую візу. Праблем гэта аніякіх не склала. Цікава, што ў ёй усё напісана па-беларуску, так што на міжнародным узроўні мы бачымся больш беларускімі, чым унутры краіны. Я думаю, гэта зроблена, каб віза адрознівалася ад расійскай. Канечне, крыху дзіўна ехаць у Беларусь з візай. Цяпер у мяне усё навыварат.

Вольга Баўэр, 33 гады, праект-менеджарка ў IT, жыве ў Брэмене


У Германіі я каля 11 гадоў, пераехала па працоўным кантракце — мае партнёры-кліенты запрасілі мяне на працу да іх у Брэмен.
Раней, калі я часцей ездзіла дадому ў Беларусь, мне было больш зручна са сваім нацыянальным грамадзянствам. Але потым у мяне з'явілася дзіця, і мы пачалі больш падарожнічаць па іншых краінах, што якраз праблематычна з беларускім пашпартам. Затым я спрабавала знайсці новую працу, і адным з патрабаванняў было нямецкае грамадзянства. Такое бывае ў пэўных стратэгічных кампаніях, якія займаюцца, напрыклад, вайсковай тэхнікай.
Увогуле з часам у мяне было ўсё менш прычын пакідаць беларускі пашпарт, таму што тут маё жыццё, тут я адчуваю сябе дома. А пасля пачатку вайны я падумала, што гэта было суперкласнае рашэнне. Ці мала, нешта здарыцца, і ты апынешся ў Германіі з краіны, якая афіцыйна ўдзельнічае ў ваенным канфлікце.
Самым складаным у змене пашпарта было не атрымаць «окей» з нямецкага боку, а адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Гэта вельмі дорага, бюракратычна, энергазатратна. Гэта было непрыемна, і на гэта сышло вельмі шмат грошай. Трэба было пісаць ліст на імя Лукашэнкі — гэта быў вельмі дзіўны момант, нейкі сюррэалістычны. Потым нават прыйшоў адказ, але не асабіста ад яго — ён быў падпісаны нейкім міністрам. Мабыць, не зрабіў ласку сам — часу не было. А далей усё адбывалася па пошце — што атрыманне нямецкага грамадзянства, што адмова ад беларускага. Звычайная бюракратычная працэдура, якая не ўзбудзіла ўва мне нейкіх эмоцый.
Мне здаецца, чым даўжэй ты жывеш за мяжой, тым больш ты губляеш сваю ідэнтычнасць. Калі паглядзець на мяне 10-11 гадоў таму і цяпер — гэта два розныя чалавекі. Цяпер ува мне больш нямецкай логікі, ладу мыслення. Ты разумееш, што становішся іншым чалавекам, пры гэтым не можаш на 100 адсоткаў аднесці сябе да немцаў. Але і да беларусаў ужо таксама не — цяжка думаць і жыць так, як ты рабіў 10-11 гадоў таму.
Апошні раз я была ў Беларусі год таму, і пакуль у мяне няма магчымасці паехаць на радзіму. Але, натуральна, я вельмі гэтага хачу, хачу, каб у майго сына была магчымасць туды прыехаць. Але я не бачу нармальных шляхоў даехаць туды з маленькім дзіцём і быць упэўненай, што можна будзе вярнуцца, цябе не затрымаюць, а на мяжы не зададуць лішніх пытанняў.
На жаль, цяпер маё галоўнае пачуццё да Беларусі — гэта шкадаванне. Мне вельмі шкада, жудасна шкада. Калі я раней прыязджала туды, мне гэта прыносіла больш радасці, задавальнення, я сустракалася з сябрамі. Цяпер там нікога няма. Беларусь пусцее, да яе ставяцца як да краіны трэцяга свету, хоць калі ты там жывеш і ведаеш людзей, то разумееш, што гэта няправільна. Калі я там, у мяне адчуванне, як быццам у Мінску нейкая дэпрэсія, гэта адбіваецца на атмасферы горада, на людзях — у краіны няма будучыні. І гэта вельмі для мяне сумна.