«У цэнтры Еўропы па-ранейшаму паміраюць людзі ад рукі агрэсара»
Увечары 12 студзеня з нагоды Дня абаронцаў свабоды ў Літве былі запалены памятныя вогнішчы, якімі ўшанавалі памяць загінулых за незалежнасць краіны ў 1991 годзе. Прапануем вам фотарэпартаж.

Ганаровая варта ля вогнішчаў на плошчы Незалежнасці ў Вільнюсе.
13 студзеня ў Літве адзначаецца Дзень абаронцаў свабоды. У гэты дзень у 1991 годзе пры штурме савецкімі войскамі тэлевежы і тэлецэнтра ў Вільнюсе загінулі 14 чалавек, сотні былі параненыя. У памяць аб абаронцах свабоды Літвы 12 і 13 студзеня праходзіць шэраг памятных мерапрыемстваў. Самым яскравым з іх з'яўляецца запальванне вогнішчаў перад вільнюскай тэлевежай і будынкам Сейма Літвы на плошчы Незалежнасці.

Вогнішча перад будынкам Сейма Літвы.
Падчас цырымоніі ля тэлевежы камандуючы Літоўскай арміі Вальдэмарас Рупшыс сказаў, што калі б не смеласць абаронцаў свабоды ў той дзень, то, хутчэй за ўсё, краіна апынулася б у такой сітуацыі, як цяпер Украіна. «Сёння, ацэньваючы тое, што мы зрабілі ў студзені 1991 года, я схільны падняць пытанне: што было б, калі б было? Мы цяпер ясна бачым, што адбываецца ва Украіне. І было б так страшна, як цяпер ва Украіне. Гэта наша рашучасць, наша смеласць, жаданне здабыць свабоду перамаглі ўсё. Мы цяпер вольныя, квітнеем, усе любім нашу Радзіму — Літву», — сказаў Рупшыс.

У цырымоніі прымаў удзел і міністр абароны Арвідас Анушаўскас. Ён выказаў надзею на тое, што, як падзеі 1991 года паказалі, так і гэты год дакажа, што свабодныя народы немагчыма заняволіць. «Прайшло 30 гадоў, але ў цэнтры Еўропы па-ранейшаму паміраюць людзі ад рукі агрэсара. Акупанты ўсё яшчэ спрабуюць вярнуцца ў свабодныя краіны, заняволіць свабодныя народы. Але, як паказаў 1991 год і гэты год пакажа, свабодныя народы немагчыма заняволіць», — сказаў міністр.
