Дзень абаронцаў Айчыны. Калі прага да свабоды перамагае

Літва 13 студзеня адзначае Дзень абаронцаў Айчыны. У гэты дзень у 1991-м загінула 14 чалавек, каля 500 атрымалі траўмы і раненні. У абароне незалежнасці Літвы ўдзельнічалі і беларусы пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Фота Яўгена Красуліна

Беларусы, якія абаранялі свабоду Літвы. Фота Яўгена Красуліна

«Талака» і «Саюдзіс»

У другой палове 1980-х на хвалі перабудовы, абвешчанай генсекам КПСС Міхаілам Гарбачовым, у Літве, як і ў іншых рэспубліках СССР, пачалі ўтварацца незалежныя грамадскія аб’яднанні. Першым у сакавіку 1987 года ўзнікла экалагічнае аб’яднанне «Žemyna» («Зямля-Маці»), праз месяц — таварыства аховы помнікаў «Talаka» («Талака»).

У 1988 годзе па ініцыятыве прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі быў заснаваны «Літоўскі рух за перабудову», які ў хуткім часе пачалі называць проста «Рух» (па-літоўску гучыць як «Саюдзіс»). Спачатку мэты яго бачылі ў развіцці культуры, дэмакратыі, эканомікі, прычым у супрацы з Камуністычнай партыяй Літвы. Але ўжо ў лютым 1989-га «Саюдзіс» абвясціў, што галоўнай сваёй мэтай ён бачыць аднаўленне незалежнасці краіны, якую тая страціла ў 1940-м, пасля ўваходу ў склад СССР.

Гэта дало «Саюдзісу» вялікую падтрымку сярод літоўцаў. На выбарах у Вярхоўны Савет СССР у 1989-м ягоныя прадстаўнікі атрымалі 36 месцаў з 42, выдзеленых для Літвы. У лістападзе 1989-га старшынёй аб'яднання быў абраны Вітаўтас Ландсбергіс. Трыумфальнымі для «Саюдзісу» былі выбары ў Вярхоўны Савет Літоўскай ССР у лютым 1990-га: ягоныя прадстаўнікі атрымалі 101 мандат са 141. І амаль адразу пасля фарміравання складу Савета, 11 сакавіка 1990-га, ім быў прыняты Акт аб аднаўленні незалежнасці Літвы.

Літоўскі візіт Гарбачова

Сітуацыя ў Літве і да гэтага была галаўным болем для савецкага кіраўніцтва. Яшчэ ў снежні 1989-га КПЛ на чале з тагачасным першым сакратаром Альгірдасам Бразаўскасам абвясціла аб сваім выхадзе з КПСС. Каб разруліць сітуацыю, у Вільнюс накіраваўся сам Гарбачоў. Ягоны візіт адбыўся роўна за год да драматычных падзей 11-13 студзеня 1990-га.

Плёну гэты візіт не даў. КПЛ так і засталася расколатай. З тых камуністаў, якія засталіся вернымі цэнтру, была ўтворана новая камуністычная партыя — КПЛ (КПСС), якую ўзначаліў Міколас Буракявічус. Размаўляючы з людзьмі, якія сабраліся перад кафедральным саборам, савецкі лідар казаў пра неабходнасць распрацоўкі механізма выйсця рэспублік са складу СССР, што, фактычна, было прызнаннем магчымасці аддзялення.

Што б не меў тады на ўвазе Гарбачоў, гэтыя словы былі ўспрыняты прыхільнікамі незалежнасці як натхняльныя. Шмат хто ў далейшым ацэньваў той студзеньскі візіт Гарбачова ў Вільнюс як пачатак закату ягонай палітычнай кар’еры. Добра ілюструе сітуацыю фраза тагачаснага міністра абароны СССР Дзмітрыя Язава, прамоўленая ім у студзені 90-га: «Калі адна з рэспублік сыдзе, дык Гарбачоў кончаны, але калі ён выкарыстае сілу, каб гэтаму перашкодзіць, таксама».

«Летува будзе вольнай». Лозунг на барыкадзе на мосце праз Вілію. Фота Яўгена Красуліна

«Летува будзе вольнай». Лозунг на барыкадзе на мосце праз Вілію. Фота Яўгена Красуліна

Санкцыі і прызыў у войска

Гарбачоў абраў менавіта другі варыянт. 18 красавіка супраць Літвы былі ўведзены па сутнасці эканамічныя санкцыі, якія абмяжоўвалі пастаўкі сыравіны (у першую чаргу — нафты). Яшчэ да гэтага падраздзяленні дэсантных войскаў савецкай арміі занялі шэраг грамадскіх будынкаў, у тым ліку — будынак гаркама КПЛ.

Але літоўцы не зламаліся. Адзінае, чаго здолеў дамагчыся Гарбачоў, гэта згоды на прыпыненне на 100 дзён дзейнасці Акта аб аднаўленні незалежнасці, у абмен на што 2 ліпеня 1990-га былі зняты санкцыі.

Да пачатку наступнага года эканоміка Літвы апынулася ў складанай сітуацыі, што было тыповай з’явай у рэспубліках СССР, які ўступіў у апошні год свайго існавання. Але савецкае кіраўніцтва прызнаваць канец «вялікага і магутнага» катэгарычна адмаўлялася. І ўскладала свае спадзяванні на сілу. Эканамічныя праблемы — добрая «мутная вада», у якой тыя, хто прагнуў захавання СССР, планавалі вылавіць сваю рыбку.

3 студзеня 1991-га ўрад Літвы прыняў рашэнне аб увядзенні нормаў на прадукты харчавання, а праз чатыры дні было абвешчана пра павышэнне цэн на гэтыя прадукты. Адначасова з гэтым групы савецкіх войскаў працягвалі браць пад свой кантроль грамадскія будынкі ў літоўскіх гарадах. Таксама саюзны цэнтр паспрабаваў ажыццявіць набор маладзёнаў у савецкае войска, чаго не атрымалася здзейсніць у мінулым годзе, бо тыя ж літоўцы, зразумела, не жадалі ісці служыць у чужую для сябе армію імперыі.

Дзеля гэтага Гарбачоў 4 студзеня выдаў адпаведны загад, а з 7 студзеня ў Літве пачаў выконвацца загад Язава аб прымусовым наборы літоўцаў у войска. Займацца гэтым мусілі фарміраванні дэсантных войскаў, адмыслова для гэтага ўведзеныя ў літоўскія гарады. Праз гэта літоўскія маладзёны пачалі хадзіць па вуліцах невялікімі групамі, бо лічылася, што некалькіх чалавек складаней затрымаць, чым аднаго.

Фота Яўгена Красуліна

Фота Яўгена Красуліна

Правакатары з «Единства»

На наступны дзень пачаліся правакацыі супраць Вярхоўнага савета ЛітССР і ўрада. Побач з будынкам быў арганізаваны мітынг КПЛ (КПСС) і арганізацыі «Единство», якія стаялі на антынезалежніцкіх пазіцыях. Тады такое практыкавалася даволі шырока: цэнтр утвараў «на месцах» (у рэспубліках) арганізацыі, якія мусілі выражаць «волю народаў» на захаванне СССР.

Нешта падобнае можна было назіраць падчас Грамадзянскай вайны і ў канцы 1930-х гадоў, калі ў розных краінах, якія ўзніклі пасля распаду Расійскай імперыі, раптам утваралася групка, якая абвяшчала сябе «ўрадам рабочых і сялян» і клікала на дапамогу Чырвоную армію. Якая, канечне, прыходзіла і ратавала «братоў» ад буржуазна-нацыяналістычнага прыгнёту.

У канцы існавання СССР гэты механізм спрацоўваў настолькі нязграбна, што выклікаў шматлікія жарты, кшталту аповеда пра бабульку, якая пабачыла на вуліцы «нацыяналістаў» і тут жа з тэлефоннага аўтамата (былі тады такія, званок каштаваў дзве савецкія капейкі) выклікала бамбардзіроўшчыкі. Гэты жарт, дарэчы, прагучаў з экранаў тэлевізараў на ўвесь Саюз з вуснаў папулярнага тады артыста эстрады Генадзя Хазанава.

Плакат з заклікам да беларусаў. Фота Яўгена Красуліна

Плакат з заклікам да беларусаў. Фота Яўгена Красуліна

Абаронім незалежнасць!

Пасля таго як удзельнікі мітынгу «Единства» і КПЛ (КПСС) паспрабавалі ўварвацца ў будынак парламента, Ландсбергіс выступіў на тэлебачанні з заклікам да літоўцаў прыйсці і абараніць сваю незалежнасць. Гэты заклік прывёў у рух літаральна ўсю краіну. З усіх раёнаў у сталіцу пачалі прыязджаць людзі.

Мой сябра Рымас, які тады жыў у Каўнасе і завочна вучыўся ў адным з віленскіх інстытутаў, адпрасіўся з працы (з гэтым, ён кажа, праблем не было аніякіх) і таксама накіраваўся ў Вільнюс, абараняць парламент і незалежнасць.

Ён кажа, што, калі прыехаў на вакзал і пайшоў да сейма, склалася ўражанне, што ў Вільнюс ужо з’ехалася ўся Літва. А людзі ўсё працягвалі прыязджаць — цягнікамі (пакуль яны не спынілі рух), аўтобусамі, аўтамабілямі. Пры гэтым у горадзе панавалі салідарнасць, добразычлівасць і памкненне дапамагаць адзін аднаму — хто чым можа.

Прайсці пешшу было амаль немагчыма: адразу побач спыняліся аўтамабілі і кіроўцы прапаноўвалі адвезці, куды табе было трэба. Для тых, хто прыехаў з іншых гарадоў, не было аніякіх праблем з размяшчэннем: Рымасу, напрыклад, адразу далі паперку з адрасам школы і схемай, як да яе прайсці, дзе можна было начаваць. Калі трэба было патэлефанаваць дахаты, можна было зайсці ў любую кватэру, і гаспадары дазвалялі скарыстацца сваім тэлефонам. І не толькі дазвалялі патэлефанаваць па «міжгорадзе», але ў дадатак паілі гарбатай і частавалі чым-небудзь. Да будынка сейма ежу прывозілі гатовай ці гатавалі яе тут жа, на распаленых вогнішчах, вакол якіх і грэліся, бо было досыць халодна.

Першая барыкада ля ВС ЛітССР з будаўнічай арматуры. Фота Яўгена Красуліна

Першая барыкада ля ВС ЛітССР з будаўнічай арматуры. Фота Яўгена Красуліна

Барыкады

Шмат у каго былі радыёпрымачы, таму навіны атрымлівалі аператыўна. Ужо было вядома пра зварот Гарбачова да парламента Літвы з патрабаваннем «аднавіць дзейнасць Канстытуцыі СССР» і пра тое, што ў Вільнюс перакідваюцца аддзелы Пскоўскай дэсантнай дывізіі. Адбыліся захопы будынка Дэпартамента аховы краю і Дома друку. Прычым у апошнім выпадку была прыменена зброя, былі параненыя і збітыя, у тым ліку жанчыны. На вуліцах горада з’явілася савецкая бранятэхніка.

У адказ на гэта людзі пачалі будаваць вакол парламента барыкады. Для гэтага выкарыстоўвалі арматуру, якую цягнулі з бліжэйшай будоўлі. Другім месцам, дзе збіраўся народ, была пляцоўка перад віленскай тэлевежай. Гэтая вежа, як і радыёкамітэт, забяспечвалі інфармаванне людзей ва ўсім свеце пра падзеі ў Літве.

Увечары 12 студзеня Рымас быў каля тэлевежы. У гэты час з Паўночнага вайсковага гарадка выйшла калона тэхнікі, у тым ліку грузавікі з байцамі спецаддзела КДБ СССР «Альфа». З’явіліся чуткі, што яны рушаць на парламент, таму значная частка людзей кінулася ад тэлевежы туды, у перакананні, што асноўныя падзеі будуць там. Накіраваўся да парламента і Рымас. Там ён, як і ўсе астатнія, слухаў у прамым эфіры рэпартаж пра захоп радыёкамітэта. Трансляцыя ішла да апошняга, пакуль савецкія жаўнеры не спынілі яе. Але маўчанне было нядоўгім: тут жа падключылася радыёстанцыя Каўнаса, які быў абвешчаны ў гэты момант «часовай сталіцай Літвы».

Толькі зранку стала вядома, што ў выніку штурму тэлевежы групай «Альфа» пры падтрымцы бранятэхнікі ад стрэлаў з боку савецкіх войскаў і пад гусеніцамі і коламі баявой тэхнікі загінулі 14 чалавек, яшчэ каля 500 былі паранены. Але гэтыя навіны толькі ўзмацнілі жаданне літоўцаў адстойваць сваю свабоду.

Рымас распавядае, што пасля гэтага колькасць людей, гатовых абараняць незалежнасць, значна вырасла. Ён яшчэ некалькі дзён правёў у Вільнюсе, пасля чаго вярнуўся ў Каўнас на працу. Аб тым, што ён там адсутнічаў амаль тыдзень, яму нічога не казалі.

Але разам з ім працавалі камандзіраваныя з Расіі — дарослыя ўжо мужыкі. Яны пачалі пераконваць усіх, што ў Вільнюсе анічога не было, што ўсё гэта — байкі ворагаў-нацыяналістаў. На што Рымас у вельмі рэзкай форме і даволі працяглы час распавядаў гэтым расійскім мужыкам, наколькі яны не мелі рацыі. Чым выклікаў шок у калег, якія лічылі яго спакойным інтэлігентным хлопцам.

Барыкада пад мастом праз Вілію. Фота Яўгена Красуліна

Барыкада пад мастом праз Вілію. Фота Яўгена Красуліна

Незалежнасць па-над усім

Праз два тыдні пасля падзей ля тэлевежы мы з Рымасам ехалі з Каўнаса зноў у Вільнюс па амаль пустой трасе. Падарожжа было даволі рызыкоўным, паколькі на дарозе прысутнічала савецкая вайсковая тэхніка. Праз пару дзён пасля гэтага савецкія жаўнеры абстралялі на гэтай трасе цывільні аўтамабіль, у выніку чаго загінуў малады хлопец-студэнт.

Вільнюс у той час — у канцы студзеня — уяўляў сабой два абсалютна розныя гарады. Адзін быў у раёне радыёкамітэта і тэлевежы: абсалютна пусты, з рэдкімі фігурамі жаўнераў-вартавых з аўтаматамі і ў нязграбных савецкіх бронекамізэльках. Глеба вакол тэлевежы была ўся ўзарана коламі і гусеніцамі бранятэхнікі. Па ўнутраным перыметры агароджы з сеткі стаялі жаўнеры-вартавыя. Мы падышлі бліжэй і крыху патролілі аднаго з іх (самі якіх паўгода таму «дэмбель далі», таму ведалі, што казаць), пакуль з памяшкання не выскачыў афіцэр з чырвоным тварам.

У цэнтры, у раёне парламента, быў зусім іншы горад. Тут не было і прыкмет прысутнасці савецкіх войскаў. Аб забароне руху танкаў казалі саматужна зробленыя дарожныя знакі. Дарога пад мастом праз Вілію была наўмысна звужана грудамі пяску. Праспект Гедыміна перагароджаны масіўнай барыкадай з бетонных блокаў, праз якую людзі лазілі туды-сюды. Народу было шмат, у тым ліку з дзецьмі. Усё было завешана плакатамі, накіраванымі супраць СССР і савецкай арміі.

Перад будынкам парламента. Фота Яўгена Красуліна

Перад будынкам парламента. Фота Яўгена Красуліна

Да дрэў былі цвікамі прыкалочаны савецкія пашпарты, ваенныя білеты, савецкія ўзнагароды. Людзі хадзілі і стаялі невялічкімі групкамі. Па-над адной з іх лунаў наш бел-чырвона-белы сцяг. Не было ні страху, ні адчаю, хоць некаторае напружанне і адчувалася. І страляніна з боку савецкіх войскаў раз-пораз уздымалася, у выніку чаго яшчэ некалькі чалавек атрымалі раненні. 

Але людзі відавочна не дапускалі нават ценю ідэі капітуляваць перад саўком. Ужо 9 лютага ўлады Літвы, якія так і не здолеў скарыць Гарбачоў, правялі рэферэндум, на якім 90,47% удзельнікаў галасуюць за тое, каб Літва была незалежнай дэмакратычнай рэспублікай.

Фота Яўгена Красуліна

Фота Яўгена Красуліна

Пасля гэтага Літва і стала фактычна незалежнай. Жнівеньскі путч 1991-га толькі паскорыў міжнароднае прызнанне гэтага факта. Спроба сілай прымусіць нацыі, якія прагнулі свабоды, застацца ў складзе імперыі  прывялі да адваротнага выніку, толькі паскорыўшы працэс распаду. Так, не ва ўсіх атрымалася адразу тады ад яе адарвацца.

Ды і тыя, хто здолеў гэта зрабіць, і дагэтуль адчуваюць рызыку, бо агонія імперыі працягваецца, а гэта — вельмі небяспечны этап як для яе самой, так і для суседзяў. Тым не менш, як і тады, перамагчы яе можа прага да свабоды і незалежнасці. У такім выпадку нават спроба задушыць гэта сілай толькі паскорыць працэс канчатковага распаду.

Фота Яўгена Красуліна