«Soviet Army, go home!». 33 гады з крывавай ночы пад шпілем Віленскай тэлевежы
13 студзеня 1991 года Узброеныя сілы СССР пачалі штурм Віленскай тэлевізійнай вежы. Ахвярамі крамлёўскага імперыялізму сталі 13 мірных чалавек, якія насуперак страху і невядомасці рашуча супрацьстаялі акупантам на танках і бранятэхніцы. У тую ноч абодва бакі зрабілі выбар. Першыя — застацца героямі для свайго народа, другія — падпісаць смяротны прысуд імперыі зла.
У сакавіку 1990 года Літва першай сярод 15 рэспублік СССР абвясціла пра выхад з «турмы народаў» і, адпаведна, аднаўленне дзяржаўнай незалежнасці. Светапогляд і менталітэт пераважнай часткі насельніцтва балтыйскай краіны на той момант быў дыяметральна супрацьлеглым адданаму народу сучаснай Расіі — гэта дакладна пацвердзіла найвялікшая ў свеце акцыя салідарнасці «Балтыйскі шлях», што расцягнулася на 670 кіламетраў ад Вільні да Таліна: праз Панявежыс, Рыгу, Тарту ды іншыя буйныя гарады. Колькасць удзельнікаў акцыі па меншай меры склала 2 мільёны чалавек, што раўнацэнна 25% насельніцтва трох дзяржаў. На такія крокі, відавочна, Крэмль не мог рэагаваць ніяк інакш, як заўсёды — тэрорам.
Міхаіл Гарбачоў абвясціў Літве ультыматум — аднавіць дзеянне Канстытуцый СССР і ЛССР, а таксама адклікаць усе прынятыя «антыканстытуцыйныя» законы. Патрабаванне прэзідэнта знікаючай дзяржавы было паспяхова праігнаравана. Адказ паследаваў маментальна: у ноч з 10 на 11 студзеня ў Вільню ўвайшлі калоны акупацыйнай тэхнікі.
Пакуль вуліцы заставаліся пустымі, спецназ разам з часткай пскоўскіх вайскоўцаў паспелі захапіць сталічны Дом друку. Далей крамлёўскія акупанты пачалі рухацца да важных аб’ектаў горада, у тым ліку тэлевізійнай вежы. Інфраструктура сувязі была абрана невыпадкова: вайскоўцы атрымалі каманду знішчыць усе каналы камунікацыі паміж урадам Літвы і насельніцтвам. Раніцай кіраўніцтва Літоўскай Рэспублікі заклікала жыхароў выйсці на ахову адміністратыўных будынкаў, але, як высветлілася пазней, гэта будзе паўнавартасная абарона.
Літоўскае супрацьстаянне 11-12 студзеня
«Любая марыянеткавая прасавецкая ўлада не мае ніякай законнай падставы, і любыя яе рашэнні абсалютна неабавязковыя для грамадзян Літвы», — заявіў старшыня Вярхоўнай Рады Вітаўтас Ландсбергіс у сваім звароце да народа. Усе запеклыя падзеі палітык пражыў у будынку Парламента — фінальным пункце следавання савецкай арміі, дзе выбухамі павінен быў скончыцца «вызваляльны паход». Як карэктна адзначае літоўскае выданне Delfi, тэлевежа ў планах Масквы была толькі прэлюдыяй, а сапраўднае пекла планавалася ў будынку Вярхоўнай Рады.
Дарэчы, на гэтым унікальным гістарычным фота Вітаўтас Ландсбергіс тэлефануе Гарбачову з просьбай спыніць штурм вежы, аднак на другім канцы провада адказалі, што прэзідэнт спіць.
Вітаўтас Ландсбергіс тэлефануе Гарбачову
Мірныя вуліцы ў імгненне пераўтварыліся на арэны цяжкой барацьбы — рулі танкаў супраць голых рук і барыкад са смецця. Тысячы чалавек усіх узростаў выйшлі на харобрую абарону Віленскага тэлецэнтра, дома Вярхоўнай Рады ды іншых пабудоў. Вайскоўцы спрабавалі разагнаць натоўп дымавымі шашкамі, кулямі, давілі людзей бронетранспарцёрамі, ад безвыходнасці нават круцілі рулю танка па коле, каб стукнуць каго-небудзь па галаве. Цаной жыцця людзі станавіліся пад савецкія Т-72Б і штурхалі іх рукамі.
Глядзіце таксама
Тэлецэнтр, што знаходзіцца ў спальным раёне Каралінішкес, стаў уразлівым месцам для пратэстоўцаў. Пскоўскія дэсантнікі накінуліся на яго па ўсіх смугах руху і здолелі прарваць ачапленне. Падчас штурма Віленскай тэлевежы загінулі 13 літоўцаў, 140 чалавек былі параненыя.
Штурм Віленскай тэлевежы
Падзеі ў літоўскай сталіцы ўзрушылі ўвесь свет. Пасля крывавай ночы загаду ісці далей, на штурм Вярхоўнай Рады, не паступіла. Праз 8 месяцаў, у жніўні 1991 года акупацыйныя войскі назаўсёды пакінулі тэрыторыю назалежнай дзяржавы.
Акупацыйныя войскі пакідаюць Літву. Жнівень 1991
Як да студзеньскіх падзей ставяцца расійцы? Чаму гэта так нагадвае люты 2022-га?
Здавалася б, пры ўсёй відавочнасці і пацверджанасці храналогіі падзей (ёсць тысячы сведкаў, дакументаў і фотакантэнту) расійская прапаганда прасоўвае абсалютна паранаічныя наратавы аб тым, што на верхавіне тэлевежы знаходзіліся «снайперы з заходніх краін», якія і зладзілі страляніну па натоўпе. Сваё ўварванне ва Украіну краіна-агрэсарка таксама тлумачыць прысутнасцю заходніх вайсковых баз, вайскоўцаў, біялабараторый і гэтак далей па вядомым спісе.
Тлумачэнне ўвядзення танкаў у мірную Вільню паходзіць ад «шматлікіх тэлеграм жыхароў Літвы з заклікам да саюзнага кіраўніцтва навесці ў рэспубліцы парадак». Савецкая ўлада нават стварыла спецыяльны «Камітэт нацыянальнага выратавання Літоўскай ССР», які праіснаваў некалькі дзён. Вітаўтас Ландсбергіс у сваім звароце казаў пра нелегетымнасць і неабавязковасць падпарадкавацца гэтаму марыянетачнаму органу. Усё гэта выразна падобна да «8 гадоў дамбілі бамбас» ды «генацыд расійскамоўнага насельніцтва».
Што да Ландсбергіса, яго дзеянні вельмі нагадваюць першыя дні пасля 24 лютага. Танкі пад Кіевам, Зяленскі на Банкавай, абарона гарадоў, прапанова Маскве спыніцца, адсутнасць адказу. Танкі ў Вільні, Ландсбергіс у Вярхоўнай Радзе, абарона гарадоў, прапанова Маскве спыніцца, адсутнасць адказу.
14-м загінулым у Віленскай тэлевежы з’яўляецца Віктар Шацкіх — баявік са спецназа групы «Альфа», які штурмаваў будынак і атрымаў кулю ў спіну. У Расіі, відавочна, ён лічыцца героям, якога «застрэлілі дзесяць заходніх журналістаў, што знаходзіліся ўнутры тэлецэнтра». У рэальнасці ж следства пацвердзіла, што будзь-якая зброя ў будынку адсутнічала, а загінуў спецназавец ад выпадковага стрэлу пабрацімаў.
Наступствы ўварвання
Больш за тое, у Расіі узбуждзены крымінальныя справы ў дачыненні да літоўскіх службовых асоб, у дзеяннях якіх угледжваюцца прыкметы злачынства.
«Вайсковыя падраздзяленні выконвалі свой службовы абавязак, дзейнічаючы ў адпаведнасці з заканадаўствам СССР. Літоўскія суддзі і пракуроры пасля гэтага рашэння паскардзіліся ў еўрапейскія інстанцыі на "неправамерны" на іх думку пераслед з боку Расіі», — адзначаюць прапагандысцкія выданні.
Мінула 33 гады. Не змянілася ні свядомасць расійцаў, ні спосабы вырашэння праблем, нават жаданне абраць жыццё замест смерці на чужбіне. Змяніліся толькі словы на плакатах. Цяпер замест «Soviet Army, go home!» кажуць «Расійскі ваенны карабль...».
Але, што адметна, напрамак застаецца нязменным.