Эксперт: Узровень даверу Ірана і Беларусі ня надта высокі

Ці навучыць Іран Лукашэнку, як абыходзіць санкцыі? Ці можа быць вайскова-тэхнічнае вымярэньне новага этапу супрацы Беларусі і Ірану? Доктар палітычных навук, навуковы супрацоўнік Свабоднага ўнівэрсытэту Бэрліну Сяргей Богдан лічыць, што пра шчыльнае супрацоўніцтва казаць зарана.


Экспэрт адказаў на гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праекце «Падзея і камэнтар Св*боды».

— Адбыўся візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Іран. Па выніках паездкі ён заявіў аб «пераадоленьні паўзы ў адносінах». А якія матывы гэтага пераадоленьня? Чаму, для чаго Лукашэнка паехаў у Іран?

— Гэта варта разглядаць у кантэксьце ўбудоўваньня Ірану і Беларусі ў кітаецэнтрычны сьвет. Лукашэнка нядаўна быў у КНР. Адносна Ірану — гэта кітайскае пасярэдніцтва ў замірэньні Ірану і Саудаўскай Арабіі. Гэта рэвалюцыйная падзея для геапалітыкі Блізкага Ўсходу. Прэзыдэнт Ірану Эбрахім Раісі падкрэсьлівае, што частка кантактаў Тэгерану і Менску мусіць адбывацца праз Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва (ШАС), якая найперш пэкінскі праект.

— Прэзыдэнт Раісі наўпрост сказаў, што Іран гатовы падзяліцца зь Беларусьсю сваім досьведам супрацьстаяньня санкцыям. Лукашэнка заявіў пра павагу да Ірану за тое, што апошні «супрацьстаіць зьнешняму ціску, спробам навязаць чужую волю». Як яны могуць абʼяднаць намаганьні ў супрацьстаяньні санкцыям? І яшчэ адна сэнтэнцыя Лукашэнкі: «Санкцыі — час магчымасьцяў». Якіх?

— Санкцыі сапраўды перабудоўваюць карціну сьвету для любога субʼекта гаспадараньня Беларусі. У апошнія гады адносна Беларусі ўводзяцца моцныя санкцыі, фактычна, перафарматуецца эканамічная прастора краіны. І для Беларусі раптам падвышаецца значэньне імпарту з Ірану.

Прадаць туды Беларусь нешта можа, але заўсёды было праблемай, як вывесьці адтуль грошы і якія наступствы могуць быць за гандаль з Іранам. А цяпер наступстваў няма чаго баяцца — яны для Беларусі ў выглядзе санкцыяў ужо адбыліся.

Захад дамогся таго, чаго ён хацеў — сагнаць усе такія рэжымы разам. Навошта гэта было рабіць — гэта іншае пытаньне. Што да разьлікаў, то, напэўна, яны будуць адбывацца праз Расею і Кітай. Я не чакаю, што будзе велізарны рост двухбаковага гандлю. Але пэўны — будзе. Масіўныя санкцыі прымушаюць перарабляць тое, што доўгі час не маглі перарабіць. Палітыка-эканамічна Беларусь была вельмі шчыльна зьвязаная з краінамі рэгіёну і зь іншымі краінамі Эўропы. І ў гэтым была зарука таго, што Менск ня будзе падтрымліваць занадта шчыльныя кантакты з такім апанэнтам Захаду, як Іран. Цяпер гэтай зарукі няма.


— Заўважу, што Захад лічыць сваю санкцыйную палітыку абгрунтаванай і нават эфэктыўнай. Ці не абмяркоўваліся падчас візыту Лукашэнкі ў Тэгеран шляхі абыходу санкцыяў? На гэта намякнуў Раісі, сказаўшы, што Іран можа падзяліцца досьведам супрацьстаяньня санкцыям.

— Напэўна, так. Але ў пляне супрацоўніцтва ёсьць імпартазамяшчэньне. Ня варта забываць, што Іран у некаторых тэхналёгіях даволі моцна прасунуўся. І ён можа ў гэтым сэнсе сёе-тое даць Беларусі і ў выглядзе гатовай прадукцыі, і ў выглядзе ноў-хаў.

Іран пад жорсткімі санкцыямі з 90-х гадоў, калі не з 80-х. Калі гаварыць пра імпарт вайсковых тэхналёгій, то гэта зь сярэдзіны 80-х. Іран мае нафту, і пры яе дапамозе ён можа атрымліваць грошы. У Беларусі няма такога тавару, на які ёсьць стабільны попыт.

Захад абвінавачвае Іран у пастаўках узбраеньняў Расеі. Іран гэта адмаўляе. Але замежныя дроны, якія выкарыстоўвае Расея, — яны не азэрбайджанскія, не кітайскія, не ізраільскія, а менавіта іранскія.

— У чым можа палягаць вайсковае супрацоўніцтва паміж Іранам і Беларусьсю? Ці магчымая, напрыклад, зборка іранскіх бесьпілётнікаў у Беларусі?

— Ня думаю. Для гэтага ўзровень даверу павінен быць значна вышэйшы, чым ён ёсьць. Іранскія СМІ, асьвятляючы візыт Лукашэнкі, падкрэсьліваюць, што Беларусь — хаўрусьнік Расеі.

Адносна Расеі Іран заўсёды меў асьцярогі. Заўсёды гаварылася, што Расея, як і Іран, — апанэнт Захаду, але ня надта блізкая Ірану. І гэта паказала і сырыйская вайна. Расейскія войскі там кожны раз пасьпявалі сысьці з тых месцаў, па якіх Ізраіль наносіў удары. А іранскія войскі — не. Расея не лічыла патрэбным дзяліцца з Іранам выведнай інфармацыяй.

Дык і да Беларусі ўзровень даверу такі ж невысокі, як і да Расеі. Тэхналёгіі бесьпілётнікаў Іран атрымліваў ад Паўночнай Карэі праз Кітай і ад Кітаю наўпрост. Яны праходзілі апрабацыю ў канфліктах у Сырыі, Емэне, Палестыне.


— А ці ня можа Беларусь быць тым «калідорам», празь які можна пастаўляць гэтыя бесьпілётнікі туды, куды самому Ірану іх пастаўляць наўпрост нязручна?

— Гэта зноў жа пытаньне даверу, узровень якога ня надта высокі. За апошнія 20 гадоў Беларусь шмат разоў называлі такім «калідорам» і для Кадафі, і для Садама Хусэйна. Але гэтыя падазрэньні ніколі ня спраўджваліся. Для гэтага патрэбны зусім іншы вонкавапалітычны апарат. У Беларусі гэтага проста няма.

— Лукашэнка паведаміў, што прывязе з Ірану кантрактаў на 100 мільёнаў даляраў. Гэта, так выглядае, няшмат. У 2021 годзе таваразварот склаў усяго 30 мільёнаў даляраў, летась — 100 мільёнаў. Гэта не прарыў, гэта ня новы ўзровень адносінаў. Ці новы?

— Двухбаковыя дачыненьні ўсё ніяк ня могуць узьляцець. Гэта ўжо трэцяя спроба рэстарту гэтых адносінаў. Лукашэнка і сам сказаў, што мы і раней шмат пра што дамаўляліся з Іранам, але гэта не выконвалася. Гэта вельмі частая практыка ў стасунках з краінамі разьвіцьця.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: