384-ты дзень вайны: Армія Расіі пераймае тактыку «Вагнера», але на Прыгожына ідзе палітычная атака
Войскі Расіі працягваюць штурмаваць Бахмут, але без істотных поспехаў. А паміж баявымі падраздзяленнямі Расіі і іх лідарамі працягваюць нарастаць супярэчнасці.
Як паведамляе Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 сакавіка, войскі РФ працягваюць наступальныя дзеянні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім кірунках, нягледзячы на значныя страты. За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны адбілі больш за 100 варожых атак.
«На ўсіх названых напрамках армія РФ невыбіральна абстрэльвала мірныя населеныя пункты», — зазначаюць у Генштабе УСУ. За мінулыя суткі праціўнік нанёс пяць ракетных удараў, у тым ліку па аб'ектах грамадзянскай інфраструктуры Сумскай і Данецкай абласцей. Ёсць загінулыя і параненыя мірныя грамадзяне. Таксама зафіксаваныя 35 авіяцыйных удараў і 76 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
«Высокім застаецца ўзровень ракетнай пагрозы на ўсёй тэрыторыі Украіны», — падкрэслілі ў Генштабе.
Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што армія Расіі ва Украіне пачала па-новаму выкарыстоўваюць нядаўна створаныя «штурмавыя атрады». Эксперты ў справаздачы прыводзяць паведамленне ўкраінскага афіцэра аб захопленай расійскай вайсковай інструкцыі што да новых «штурмавых атрадаў». Згодна з ёй, сілы РФ выкарыстоўваюць ва Украіне як фармалізаваныя пастаянныя штурмавыя атрады, так і спецыяльныя часовыя штурмавыя атрады.
Украінскі афіцэр паведаміў, што Расармія аб'яднала пастаянныя штурмавыя падраздзяленні ў структуры батальёнаў, палкоў і брыгад, і што іх колькасць вар'іруецца ад роты да ўзмоцненага батальёна.
Часовыя штурмавыя атрады фармуюцца для рэагавання на сітуацыі па меры іх узнікнення, і гэтыя фармаванні, відаць, часта адступаюць пасля першапачатковых страт і адчуваюць сур'ёзныя праблемы з сувяззю і каардынацыяй, гаворыцца ў публікацыі.
Расійскія сілы таксама выкарыстоўвалі некаторыя з гэтых пастаянных штурмавых падраздзяленняў у карных мэтах і гвалтоўна ўкамплектоўвалі іх «праблемнымі і непаслухмянымі салдатамі», каб пакараць іх «за дрэнныя паводзіны», паведамляецца ў справаздачы.
Між тым, як адзначае ISW, у Крамлі заўважылі заявы аб «прэзідэнцкіх амбіцыях» і крытычныя выказванні на адрас Мінабароны РФ заснавальніка прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» Яўгена Прыгожына.
Эксперты звярнулі ўвагу на абвінавачванні з боку сябра звязанага з Крамлём дыскусійнага клуба «Валдай» расійскага палітолага Аляксея Мухіна ў адрас Прыгожына адносна пераследу палітычных мэтаў у Расіі, якія ставяць пад пагрозу сілы ягоных наймітаў у Бахмуце.
Так, Мухін пракаментаваў саркастычную заяву Прыгожына ад 11 сакавіка аб тым, што ён будзе балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне ў 2024 годзе, і заявіў у сваім Telegram-канале, што расійская грамадскасць пачала інтэрпрэтаваць заяву Прыгожына як аб'яву аб тым, што ён будзе балатавацца на выбарах прэзідэнта РФ, якія таксама запланаваныя на 2024 год.
Таксама Мухін з'едліва заявіў, што Прыгожын з'яўляецца «перспектыўным палітыкам», які шукае казлоў адпушчэння, каб абвінаваціць у высокіх стратах асабістага складу «вагнераўцаў» падчас наступу на Бахмут.
«Абвінавачванні Мухіна таксама пацвярджаюць ацэнку ISW аб тым, што Крэмль і Мінабароны Расіі могуць спрабаваць абвінаваціць Прыгожына ў запаволенні тэмпаў прасоўвання ў Бахмуце і ў вялікіх стратах сярод наймітаў “Вагнера”», — гаворыцца ў публікацыі.
Паводле РБК-Україна, Карэспандэнт; ВВС