Лукашэнка ў красавіку-траўні вернецца да тактыкі «мігранцкага крызісу»?

Візіт Лукашэнкі ў Іран, апроч рашэння ўзняць таваразварот паміж краінамі на ўзровень да 100 млн долараў, адзначыўся яшчэ адным, звонку нябачным момантам. Будуць адноўленыя авіязносіны паміж Беларуссю і Іранам.

Мігранты штурмуюць беларуска-польскую мяжу ў 2021 годзе. Фота: Reuters

Мігранты штурмуюць беларуска-польскую мяжу ў 2021 годзе. Фота: Reuters


Пачаць плануецца з двух рэйсаў на тыдзень. Для іранцаў у Беларусь дзейнічае бязвізавы ўезд. Падобна на тое, што Лукашэнка і яго бліжэйшы саюзнік Уладзімір Пуцін вырашылі вярнуцца да масіраваных нападаў нелегальнымі мігрантамі на ўсходнія межы Еўрапейскага Саюза, мяркуе Telegram-канал «Нік і Майк».

Аўтары канала адзначаюць, што амбасада Лукашэнкі ў Стамбуле таксама не спала ў шапку і ўсю зіму штампавала візы ўсім запар з тэрмінамі пачатку дзеяння ў красавіку-траўні. Патэнцыйных парушальнікаў, якім актыўна дапамагаюць крыўдлівыя беларускія кафіры, чакаюць умацаваныя межы.

Апроч таго, Лукашэнка быў непрыемна здзіўлены тым, што краіна, якая жыве 40 гадоў пад санкцыямі і ў яго карціне свету з'яўляецца наогул неверагодна адсталай, на галаву апярэджвае «дасягненні» яго Акадэміі навук ад Гусакова і яго папярэднікаў па мікраэлектроніцы, тэхніцы сувязі і медпрэпаратах. Нават тэакратыя аказалася больш эфектыўнай за аградыктатуру. Час прымаць кадравыя рашэнні ў дачыненні да прыкормленых вочаўціральнікаў.


У рэжыме тэлеграфа адзначаем, што пасля інцыдэнту ў Мачулішчах машына рэпрэсій набірае новыя абароты. Затрымліваюць стралкоў, страйкбалістаў, дайшлі нават да гештальт-тэрапеўтаў. Пад пагрозай таксама сваякі і проста знаёмыя. Гестапік ужо не саромеецца.

Імаверна, «зніклы ў Маскве» памочнік Мясніковіча трапіў у гэтыя сеткі, бо занадта любіў гістарычную рэканструкцыю. А гісторыю ў Беларусі ведаць не належыць.

На буйных прадпрыемствах у менеджменту збіраюць тэлефоны на прадмет пошуку замежных кантактаў і перапісак з замежнымі абанентамі.

Наперадзе — справаздачы аб сваяках за мяжой і тлумачальныя за наведвання замежных медыярэсурсаў.

Хутка беларусы будуць зайздросціць іранцам пад уладай аятол.

Але месца для супраціву па-ранейшаму застаецца. Самаадукацыя, вывучэнне беларускай гісторыі і культуры, а таксама няўдзел у акцыях адміністрацыі канцлагера — ад канцэртаў гурта «Любэ» да паходаў на матчы хакейнага «Дынама» (хоць на хакей ужо і не паходзіш — каманда зноў бясслаўна прайграла ў першым раўндзе плэй-оф).