Генадзь Коршунаў: Мы выходзім на новы віток міграцыйнага крызісу на беларускіх межах

Расія і Беларусь працягваюць выкарыстоўваюць мігрантаў у якасці дадатковага інструмента ціску на Усход Еўрасаюза падчас расійска-ўкраінскай вайны. Сацыёлаг і даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў піша пра цікавыя супадзенні атак на межы ЕС з Беларусі з абвастрэннем сітуацыі на расійска-ўкраінскім фронце.

Расіі не прывыкаць ствараць праблемы на сваіх межах, калі мэтанакіравана, калі аказіянальна, гэта значыць з нагоды. Цяпер вось дзякуючы абвешчанай (не) частковай мабілізацыі паўсталі шматкіламетровыя ачагі гуманітарных крызісаў на межах з Грузіяй і Казахстанам.

А летась дзякуючы проксі-рэжыму Лукашэнкі — на межах Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай. І тое, што ў першым выпадку гаворка ідзе пра грамадзян Расійскай Федэрацыі, а ў другім – трэціх краін, сітуацыі не мяняе. У абодвух выпадках на людзей пляваць, яны проста выкарыстоўваюцца як расходны матэрыял.

Чаму мы ўспомнілі пра як бы леташні мігранцкі крызіс на ўсходніх межах Еўрапейскага Саюза? Таму што насамрэч ён нікуды не сышоў і не скончыўся. Яго проста няма ў медыяпрасторы, ён выцеснены іншымі, больш важнымі тэмамі.

Напрыклад, расійска-ўкраінскай вайной. А дарма выцеснены, таму што гэты крызіс самым відавочным чынам упісаны ў ваенныя дзеянні Расіі. І не толькі як спроба расхістаць адзінства Еўропы перад уварваннем Расіі ва Украіну.

Пасля 24 лютага мігранты выкарыстоўваюцца як дадатковы сродак ціску на Польшчу і краіны Балтыі.


Гэта выдатна відаць, калі прааналізаваць штотыднёвую статыстыку спробаў парушэння межаў нашых краін-суседзяў з боку Беларусі. Цягам таго тыдня, калі пачалася вайна, на беларуска-польскі ўчастак мяжы было кінута больш за 500 чалавек.

На наступным тыдні на Польшчу накіравалі крыху менш, затое амаль удвая павялічылі ціск на межы Літвы.

Потым, калі стала зразумела, што бліцкрыг правальваецца, «ўключылі заднюю», і лічбы спробаў нелегальнага перасячэння мяжы ўпалі больш чым у два разы (а ў Латвіі ўвогуле сышлі практычна на нуль).

У чэрвені наступіла зацішша. Мабыць, спатрэбіўся нейкі час для стратэгічных разважанняў і тактычнай перагрупоўкі. Таму што з другой паловы ліпеня кірунак асноўнага ўдару быў зменены з Польшчы на Літву. У гэты час колькасць мігрантаў на беларуска-літоўскай мяжы пачынае дасягаць таго ўзроўню, які быў на мяжы з Польшчай у момант пачатку расійска-ўкраінскай вайны ў лютым.

Потым быў невялікі спад актыўнасці на межах з Польшчай і Літвой, затое мігрантамі была «прамацана» гатоўнасць процідзейнічаць ім з боку латвійскіх памежнікаў.

У другой палове жніўня (мабыць, калі расійскаму кіраўніцтву стала відавочнай пагроза контрнаступлення з боку ўкраінскіх войскаў) пачаўся чарговы рост нападаў на межы Еўрасаюза з боку Беларусі. Як і ў ліпені-жніўні, асноўнай мэтай нападу стала Літва — на яе межах колькасць нелегальных спробаў перасячэння мяжы была ў 2,5-3 разы вышэй, чым на беларуска-польскіх.

Думаецца, цяпер мы выходзім на новы віток або этап міграцыйнага крызісу на беларускіх межах. Гэта пацвярджае і зводная статыстыка, і даныя па штодзённых спробах парушэнняў межаў. Так, у прыватнасці, 20 верасня літоўскія памежнікі зафіксавалі гадавы (пакуль) рэкорд — за суткі 135 чалавек паспрабавалі незаконна перасекчы беларуска-літоўскую мяжу.

Да гэтага рэкордам 2022 года было 125 чалавек (27 жніўня). А агульны сутачны рэкорд за два гады крызісу быў 12 лістапада мінулага года, калі мяжу спрабавалі перасекчы 144 чалавекі. Як бачым, да таго рэкорду засталося зусім няшмат.


Вядома, вышэйпрыведзеныя лічбы выглядаюць не вельмі ўражлівымі на фоне мінулага года, калі ў разавых спробах прарыву межаў удзельнічалі сотні чалавек, а сярэднетыднёвыя паказчыкі перавышалі планку ў 4000 спробаў (у тым ліку групавых).

Аднак у мінулым годзе ўсё таксама не ў адзін дзень вырашылася і арганізавалася. Падрыхтоўка да тысячнага нападу на межы ішла месяцамі. А сёння, у верасні 2022 года (які да таго ж яшчэ не скончыўся) сумарная колькасць нелегальных спробаў перасячэння межаў Еўропы ўжо ўшчыльную наблізілася да паказчыкаў верасня мінулага года.

Да чаго гэта ўсё.

Па-першае, праблему мігранцкага крызісу на беларускіх межах нельга выпускаць з-пад увагі як мінімум з гуманітарных меркаванняў. Мы не ведаем, дзе жывуць мігранты перад нападамі на межы, як яны харчуюцца, ці ёсць у іх хоць якое медыцынскае забеспячэнне. На вуліцах беларускіх гарадоў іх практычна не відаць, магчыма, яны ўтрымліваюцца ў вайсковых частках, дзіцячых лагерах ці яшчэ якіх «асаблівых» установах.


Па-другое, дзякуючы адкрытым межам паміж Беларуссю і Расіяй сіла ціску мігрантаў на ўсходнія межы Еўрасаюза можа быць маштабаваная цягам лічаных тыдняў. Нельга выключаць, што паходы мігрантаў да межаў могуць быць арганізаваныя проста «з колаў».

Па-трэцяе, тэма мігранцкага крызісу — цалкам рукатворнага і кіраванага беларускім рэжымам — павінна падымацца і для таго, каб было відаць, што беларускі рэжым удзельнічае ў агрэсіі Расіі ўсімі спосабамі, на якія яму дастаткова смеласці.

І за ўсё гэта — без выключэння нават выпадаючых цяпер з увагі момантаў — усе дзеячы рэжыму павінны панесці адпаведнае пакаранне.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: