У Польшчы дабудавалі плот на мяжы, але колькасць мігрантаў з боку Беларусі не зменшылася
У суботу, 1 кастрычніка, памежнікі краін Еўрасаюза, якія мяжуюць з Беларуссю, зарэгістравалі рост спробаў мігрантаў перасекчы межы. Усяго іх зафіксавана за суткі больш за 250.
Памежная ахова Польшчы паведамляе пра 120 мігрантаў, якія
спрабавалі перайсці мяжу, у тым ліку грамадзян Лівана, Гамбіі. Група з 17
чалавек падыходзіла пад памежны плот.
Былі затрыманыя двое грамадзян Расіі і адзін грамадзянін
Украіны пры спробах адвезці ўглыб краіны мігрантаў, якія перасеклі мяжу. Яны
перавозілі восем грамадзян Ірана, па два грамадзяніна Таджыкістана і Ірана,
аднаго сірыйца.
Літоўскія памежнікі сутыкнуліся са 107 спробамі парушэння
мяжы. З пачатку года зарэгістравана 8106 парушальнікаў.
Памежнікі Латвіі выправадзілі 25 чалавек.
1 кастрычніка паведамлялася, што Польшча завяршыла будаўніцтва пяцімятровай загароды на мяжы з Беларуссю.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі ўзнік вясной 2021 года праз наплыў нелегальных мігрантаў, у асноўным з Ірака і Сірыі, якія імкнуліся незаконна патрапіць у Польшчу, Літву і Латвію.
Улады гэтых краін, прыводзячы шмат доказаў, вінавацілі рэжым Лукашэнкі ў адмысловым стварэнні крызісу за кошт масавага і кіраванага завозу нелегалаў у Беларусь і наступнай дастаўцы іх на мяжу. Летась цэнтр Мінска літаральна пераўтварыўся ў філіял Багдада, калі гандлёвыя цэнтры і гатэлі былі перапоўненыя людзьмі паўднёвай знешнасці. Міліцыя, якая напрактыкавалася ў палітычным пераследзе беларусаў, на мігрантаў не звяртала аніякай увагі, а лукашэнкаўцы казалі, што гэта турысты, якія не парушаюць закон.
У мінулым годзе ЕС прыняў комплекс мер, якія дазволілі справіцца з крызісам. Гэтаму спрыяла таксама цвёрдая пазіцыя Польшчы, Літвы і Латвіі, якія ўвялі на мяжы з Беларуссю надзвычайнае становішча і заканадаўча зацвердзілі дазвол на выцісканне мігрантаў у зваротным кірунку. Таксама гэтыя краіны пачалі будаваць плот на межах з Беларуссю.
Аднак у 2022 годзе крызіс на межы вярнуўся. Цяпер ён не такі маштабны, але кожны дзень памежнныя службы трох еўрапейскіх краін фіксуюць дзясяткі спробаў мігрантаў перасячы мяжу.