Польшча завяршыла будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю
Прадстаўнік міністра-каардынатара спецыяльных службаў Станіслаў Жарын паведаміў аб завяршэнні будаўніцтва плота на польска-беларускай мяжы. Ён апублікаваў пасты ў сваім твітары на польскай, рускай і арабскай мовах.
Раней, яшчэ 30 чэрвеня 2022 года, аб завяршэнні заяўляла памежная
ахова Польшчы.
«25 студзеня пачалося ўзвядзенне фізічнага бар'ера на
мяжы. Сёння праца над ім падыходзіць да канца», — паведамілі ў ведамстве.
Цяпер, па словах Жарына, незаконны ўезд у Польшчу «цалкам
заблакаваны».
Працягласць плота на тэрыторыі Любельскага і Падляскага
ваяводстваў складае 186,25 км. Для яго спатрэбілася 49 тыс. тон сталі. Загарода мае вышыню ў 5,5 метра. Яна забяспечана калючым дротам. У ёй абсталяваны некалькі
дзясяткаў варот для пропуску буйных жывёл, а таксама тысячы «дзірак» для
дробных.
Плот пабудаваны Польшчай у адказ на рост міграцыйных плыняў
з Беларусі, нагадвае refom.by. З лета мінулага года мігранты з краін Усходу і Афрыкі спрабуюць
перайсці з Беларусі ў Польшчу. Загарода пабудавана на сухапутным участку
беларуска-польскай мяжы. На астатняй працягласці яна праходзіць па рэках, якія
ўскладняюць парушэнне мяжы. Трэба адзначыць, што загарода на мяжы таксама
ўзводзіцца з літоўскага боку.
Беларускі бок выступаў супраць будаўніцтва плота, акцэнтавалася
ўвага на тым, што ён праходзіць па Белавежскай пушчы і падзяляе ўнікальны
рэліктавы лес, ствараючы пагрозу для жывёл.
Між тым мігранты не спыняюць спробаў патрапіць у Польшчу, выкарыстоўваючы для гэта менавіта тыя ўчасткі, дзе мяжа праходзіць па рэках. Таксама паведамлялася, што з дапамогай беларускіх сілавікоў нелегалы пералазяць цераз плот і робяць падкопы.
За мінулыя суткі ў Літву і Польшчу не ўпусцілі 178 мігрантаў з боку Беларусі.
29 чалавек, сярод якіх грамадзяне Алжыра і Эрытрэі,
спрабавалі трапіць у Польшчу. На ўчастку Баброўнікі затрыманы ўкраінец, які
перавозіў шэсць мігрантаў з Егіпта і Сірыі.