У Калінінградзе мабілізуюць мужчын з літоўскімі каранямі

Старшыня Літоўскай абшчыны ў Калінінградзе Сігітас Шамборскіс расказаў, што ў першую чаргу ваяваць з Украінай забіраюць мужчын з літоўскімі каранямі ці тых, хто размаўляе па-літоўску.

image_60.png


Дакладнай статыстыкі, колькі літоўцаў жыве ў Калінінградзе, няма. Аднак тых, хто лічыць літоўскую роднай мовай, — каля 10 тысяч. Паводле слоў старшыні Літоўскай абшчыны ў Калінінградзе Сігітаса Шамборскіса, гэтыя людзі першымі атрымліваюць позвы ў ваенкаматы:
«Так, яны ў першую чаргу атрымліваюць позвы. Саміх рускіх імкнуцца ў першую чаргу не прызываць, у асноўным прызываюць жыхароў памежных з Літвой рэгіёнаў. А там, як вядома, вельмі шмат літоўцаў жыве, унукаў былых нашых сасланых, палітвязняў. Ужо немалую частку прызвалі і павезлі», — гаворыць Шамборскіс у каментары «Delfi».
Паводле яго слоў, ва Украіне ўжо ёсць загінулыя з літоўскімі каранямі, якія ваявалі на баку Расіі. Пры гэтым да нядаўняга часу для вайскоўцаў і тых, хто падлягае мабілізацыі, не было аніякай магчымасці з'ехаць з Калінінграда: Літва адмаўлялася пускаць на сваю тэрыторыю расійскіх грамадзян. Аднак у чацвер МУС Літвы заявіў, што будзе прапускаць у краіну людзей, якія змогуць даказаць наяўнасць літоўскіх каранёў. Такая магчымасць прадугледжаная цяпер і для тых, каго літоўскае МЗС запросіць з гуманітарных прычын.
Беларусам таксама сталі прыходзіць позвы на зборы. Рэдакцыі «НЧ» вядома як мінімум пра два такія выпадкі. Прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета і Святлана Ціханоўскаязаклікаюць беларусаў не рэагаваць на гэтыя позвы і не выконваць злачынных загадаў.