«Ніколі не прызнаем незаконную анексію». Жорсткая рэакцыя ЕС на захоп РФ украінскіх тэрыторый
Еўрасаюз заявіў, што Крэмль заплаціць высокую цану за анексію.
Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што незаконная анексія, абвешчаная Пуціным у Крамлі, нічога не зменіць.
«Усе тэрыторыі,
незаконна акупаваныя расійскімі захопнікамі, заўсёды будуць належаць суверэннаму
народу [Украіны]», — напісала Урсула фон дэр Ляен у «Твітары».
Яна таксама заявіла, што Крэмль эскаляваў вайну ва Украіне да новага ўзроўню, і Еўрасаюз прымусіць Расію заплаціць за гэта высокую цану, піша ВВС.
Анексію паўднёвых рэгіёнаў Украіны пракаментавалі і іншыя чыноўнікі Еўрасаюза.
«27 лідараў [краін ЕС] асуджаюць незаконную анексію. Мы не прызнаём і ніколі не прызнаем фэйкавы рэферэндум. Мы ніколі не прызнаем незаконную анексію», — напісаў кіраўнік Еўрапейскага Савета Шарль Мішэль у «Твітары».
«Абвяшчэнне анексіі Расіяй украінскіх тэрыторый з'яўляецца вялікім парушэннем міжнароднага права і Статута ААН. Ніякім фэйкавым рэферэндумам нельга гэтага апраўдаць», — заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Жазеп Барэль.
Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда таксама не прызнаў гвалтоўнае далучэнне да Расіі ўкраінскіх тэрыторый. «Польшча асуджае спробы Расіі анексаваць тэрыторыю Украіны і ніколі іх не прызнае. Мы працягнем падтрымліваць абаронцаў Украіны і яе народ, пакуль агрэсар не будзе выгнаны. Сённяшняя адчайная і вартая жалю акцыя Крамля — параза тых, хто наіўна верыў у кампраміс з Расіяй», — напісаў польскі прэзідэнт у Twitter.
Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду таксама асудзіла спробу Расіі анексаваць некалькі ўкраінскіх абласцей. Яна заявіла, што Данецк, Луганск, Херсон, Запарожжа і Крым — гэта Украіна, і паабяцала, што яе краіна будзе працягваць падтрымліваць цэласнасць Украіны.
«Я рашуча асуджаю і адпрэчваю спробы Расіі незаконна анексаваць акупаваныя рэгіёны пасля фіктыўных галасаванняў, якія яна правяла пад рулямі аўтаматаў. Данецк, Луганск, Херсон, Запорожжа і Крым — гэта Украіна. Падтрымка Малдовай суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны застаецца непахіснай», — напісала яна ў «Твітары».
Паводле @bbcrussian