Джо Байдэн: «Расія парушае міжнароднае права, топча Статут ААН і дэманструе пагарду да міру»

У адказ на фармальнае замацаванне Масквой анексіі яшчэ чатырох акупаваных тэрыторый Украіны ЗША — для пачатку — уводзяць новыя санкцыі супраць Расіі, і не толькі. Пад іх трапілі таксама беларускія ваенныя і «СветлагорскХімвалакно».

02_10_1.jpg


«Злучаныя Штаты асуджаюць распачатую сёння ашуканскую спробу Расіі анексаваць суверэнную тэрыторыю Украіны. Расія парушае міжнароднае права, парушае Статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і дэманструе сваю пагарду да міралюбных народаў па ўсім свеце», — гаворыцца ў заяве Байдэна.

«Не трэба памыляцца: гэтыя дзеянні нелегітымныя», — падкрэсліваецца ў заяве прэзідэнта, які таксама паабяцаў, што ЗША заўсёды будуць паважаць міжнародна прызнаныя межы Украіны.

У адказ на фальшывыя заявы Расіі аб анексіі Вашынгтон і яго саюзнікі вымушаны звярнуцца да новых санкцый, працягнуў Байдэн.

Гэтыя санкцыі «пацягнуць за сабой выдаткі для фізічных і юрыдычных асоб як у Расіі, так і за яе межамі, якія аказваюць палітычную ці эканамічную падтрымку незаконным спробам змяніць статус тэрыторыі Украіны», абяцае амерыканскі прэзідэнт.

«Мы працягнем забяспечваць Украіну сродкамі, неабходнымі для яе самаабароны, нягледзячы на нахабныя спробы Расіі перакроіць межы свайго суседа. І я з нецярпеннем чакаю падпісання Кангрэсам закона, які дасць для падтрымкі Украіны дадатковыя 12 млрд долараў. Я заклікаю ўсіх членаў міжнароднай супольнасці не паддавацца на незаконныя спробы Расіі па анексіі і падтрымліваць народ Украіны столькі, колькі спатрэбіцца», — сказаў амерыканскі прэзідэнт.

Прэс-служба Мінфіна ЗША ўжо распаўсюдзіла заяву аб тым, каго закрануць новыя санкцыі ЗША. Яны тычацца 14 прадстаўнікоў расійскага абароннага комплексу, а таксама 278 чальцоў расійскага парламента. Акрамя гэтага, Дзярждэп уводзіць візавыя абмежаванні ў дачыненні да 910 асоб, у тым ліку беларускага вайсковага кіраўніцтва. Іх імёны не ўдакладняюцца.

«Міністэрства фінансаў і ўрад ЗША сёння робяць маштабныя дзеянні, каб яшчэ больш аслабіць і без таго дэградаваны ваенна-прамысловы комплекс Расіі і падарваць яе здольнасць весці незаконную вайну», — заявіла міністр фінансаў ЗША Джэнет Л. Елен. Яна таксама паабяцала суровыя санкцыі ў дачыненні да асоб і кампаній унутры і па-за Расіяй, якія саўдзельнічаюць у вайне і мелі дачыненне да рэферэндумаў.

Пад санкцыі трапілі кіраўніца расійскага Цэнтрабанка Эльвіра Набіуліна і віцэ-прэм'ер Аляксандр Новак.

Упершыню ЗША ўвялі санкцыі і супраць дзяцей вышэйшага кіраўніцтва Расіі. Сярод іх — Ілля Мядзведзеў, сын намесніка кіраўніка Савета Бяспекі Дзмітрыя Мядзведзева. Улетку гэтага года 27-гадовы малады чалавек уступіў у «Адзіную Расію». А да гэтага Ілля працаваў ва «ВКонтакте» і «ЭМ Уай Груп».

Упершыню пад санкцыі трапілі дочкі міністра абароны — Ксенія і Юлія Шайгу. Ксенія — прэзідэнт Федэрацыі трыятлону Расіі і жонка вядомага блогера Аляксея Сталярова (яго ў спісе няма). А Юлія — дырэктарка Цэнтра экстранай псіхалагічнай дапамогі МНС Расіі.

Абмежаванні ўведзены і супраць дзяцей дырэктара Расгвардыі Віктара Золатава. Раман Золатаў — паспяховы бізнесмен, які валодае ўчасткам на Рублёўцы за 600 млн рублёў. А Жана Золатава — жонка вядомага прадзюсара Юрыя Чачэхіна. Разам з Раманам Золатавым яны спрадзюсавалі крымінальны серыял «Верхаводы».

Пад санкцыі таксама трапіла адна з дачок мэра Масквы — Вольга Сабяніна. Пры гэтым другую дачку, Ганну, абмежаванні чамусьці не закранулі. У спісе ёсць дачка і яшчэ аднаго буйнога кіраўніка горада — Аляксандра Бяглова.

Санкцыі ўвялі і супраць дарослых дзяцей расійскага прэм'ера — Аляксандра і Аляксея Мішусціных. Непаўналетняга Міхаіла ЗША чапаць не сталі.

Пад санкцыямі аказаліся 11 прадпрыемстваў і арганізацый, сярод іх кітайская, армянская і беларуская кампанія. «СветлагорскХімвалакно» трапіў у спіс за пастаўкі тэкстыльнай прадукцыі ў Расію.

Паводле ВВС, тг-канала «Можам патлумачыць», reform.by