Рэгіёны на «датацыйнай іголцы». Чаму гэта кепска для Беларусі?
Беларуская ўлада свядома ставіць рэгіёны ў фінансавую залежнасць ад цэнтра. Спачатку большую частку грошай забірае сабе рэспубліканскі бюджэт, а пасля размяркоўвае гэтыя сродкі па мясцовых бюджэтах у залежнасці ад іх патрэбаў. І гэта — заганная сістэма.
![_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg _finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg](/img/v1/images/_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Але спачатку тэлеграм-канал «Нашы грошы» прапануе разабрацца ў тэрміналогіі.
Грошы, якія высылае ў рэгіёны рэспубліканскі бюджэт, дзеляцца на два віды — датацыі і субвенцыі. Субвенцыі — гэта сродкі, якія вылучаюцца на нейкі канкрэтны кірунак, а датацыі — грошы, размяркоўваюцца без мэтавага выкарыстання. Умоўна: калі маці адпраўляе сына ў краму купіць цукар, малако і алей, яна вылучае яму субвенцыю, а вось калі яна дасыпае дробязі «купіць што-небудзь сабе яшчэ» — гэта ўжо датацыі.
Сумарна ў 2023 годзе рэспубліканскі бюджэт перадасць датацый у мясцовыя бюджэты амаль на 5 млрд рублёў. Пасля мясцовыя бюджэты выкарыстоўваюць гэтыя грошы па сваім меркаванні, закрываючы тыя «дзіркі», якія лічаць патрэбнымі. Як правіла, не хапае на нешта першачарговае: зарплаты настаўнікам, выдаткі на пасяўную або рамонт і будаўніцтва бальніц, школ дзіцячых садкоў і гэтак далей.
Гледзячы на графік, мы можам адзначыць некалькі важных момантаў.
Патрэба ў датацыях — хранічная хвароба большасці абласцей Беларусі. Толькі бюджэт Мінска і Мінскай вобласці могуць пахваліцца тым, што зарабляюць самі на сябе, і ў датацыях асабліва не маюць патрэбы. А Мінск дык і зусім бязвыплатна перадае частку ўласных даходаў у рэспубліканскі бюджэт.
![photo_2023_03_14_10_55_15.jpg photo_2023_03_14_10_55_15.jpg](/img/v1/images/photo_2023_03_14_10_55_15.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Па астатніх абласцях Беларусі датацыйныя грошы з рэспубліканскага бюджэту размяркоўваюцца нераўнамерна. Сёлета плануецца, што больш за ўсё накіруюць у Віцебскую вобласць — 1 млрд 202 млн рублёў, на другім месцы Магілёўская вобласць з 1 млрд 161 млн. Гомельская і і Брэсцкая вобласці атрымаюць менш за мільярд — 965 млн і 940 млн рублёў адпаведна. Менш за ўсё дастанецца Гродзенскай вобласці, куды адправяць усяго 679 млн.
Але можна паглядзець на баланс, які склаўся, трохі з іншага пункту гледжання: які працэнт займаюць датацыі з рэспубліканскага бюджэту ў працэнтных суадносінах ад агульнага бюджэту абласцей? Відаць, што гэтая доля збольшага карэлюе з выдаткоўваемымі сумамі, але пры гэтым дапамога зверху для Віцебскай (31,8%) і Магілёўскай (32,6%) вобласці пакрывае значна большую частку выдаткаў рэгіёнаў, чым датацыі ў Гомельскую (20,8%), Брэсцкую (22,1%) і Гродзенскую (20,5%) вобласці.
![Просты спосаб кантраляваць рэгіёны Усё забраць — а потым штосьці «падараваць». Вельмі просты спосаб кантраляваць рэгіёны](/img/v1/images/_minsk___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Важна падкрэсліць, што сістэма, якая склалася ў Беларусі, не з'яўляецца ўнікальнай. Падобныя выраўноўваючыя датацыі можна ўбачыць і ў іншых краінах, — напрыклад, у Італіі, дзе багатая Поўнач пастаянна датуе бедны Поўдзень.
Праблема ў тым, што ў Італіі ўрад прыкладае намаганні, каб прымусіць рэгіёны злезці з датацыйнай іголкі і пачаць зарабляць самастойна (напрыклад, стымулюючы стварэнне інвестыцыйных праектаў і інш.). А ў Беларусі ўжо даўно «падарункі» зверху сталі чымсьці само сабою зразумелым.
Што не дзіўна, бо «цэнтр» паступае сапраўды гэтак жа — галоўнай крыніцай для латання бюджэтных дзірак на рэспубліканскім узроўні ўжо ў адкрытую з'яўляюцца датацыі з суседняй краіны. Заганны круг, які склаўся, фактычна выключае нармальнае развіццё.