Усё забраць — а потым штосьці «падараваць». Вельмі просты спосаб кантраляваць рэгіёны
Незалежнасць рэгіёнаў — ідэальная ўмова для іх развіцця і сапраўдны кашмар для таталітарнай сістэмы.
Для цяперашняй беларускай улады вельмі важна рэгулярна дэманстраваць сваю «незаменнасць». Спачатку яна забірае грошы ў рэгіёнаў — а пасля раздае іх з панскага пляча. Давайце паглядзім, як гэта адбываецца на прыкладзе кансалідаванага бюджэту на 2023 год, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
У кансалідаваным бюджэце на гэты год больш за 58% прыйдзецца на сродкі, якія паступяць у мясцовыя бюджэты. Здавалася б, такое размеркаванне на руку мясцовым уладам, якія атрымліваюць у сваё распараджэнне большую частку грошай. Але, як гаворыцца, усё далёка не так адназначна.
Пачнём з таго, што спачатку большая частка даходаў бюджэту пераходзіць у распараджэнне рэспубліканскага бюджэту. Затым цэнтр частку сродкаў пакідае сабе на агульнарэспубліканскія патрэбы, а частку перадае рэгіёнам, дзе ўжо збіраюцца мясцовыя падаткі. Калі ўсё падсумаваць, выходзіць, што рэгіёны атрымліваюць сродкаў больш, чым цэнтр. Аднак, па сутнасці, іх дабрабыт залежыць выключна ад шчодрасці рэспубліканскіх улад.
Акрамя таго, важна паглядзець, з чаго фарміруюцца даходы рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. А гэта, як гаворыцца, дзве вялікія розніцы.
Самыя «смачныя» кавалкі — сродкі ад падаткаабкладання знешнеэканамічнай дзейнасці, акцызы (падаткі на паліва, алкаголь і тытунёвыя вырабы) і вялікая частка ПДВ — паступаюць у рэспубліканскі бюджэт. Мясцовыя бюджэты «кормяць», галоўным чынам, падатак на прыбытак, падаходны падатак і астатняя частка ПДВ. Асноўную ролю тут адыгрывае падаходны падатак, таму чым вышэйшая заработная плата — тым багацейшы мясцовы бюджэт на ўласныя падаткі, і наадварот.
З падаткам на прыбытак аналагічная гісторыя — менш прыбытковы рэгіянальны бізнес не ў стане істотна папоўніць мясцовую ж казну. У такіх абставінах рэгіёны знаходзяцца ў пастцы: няма даходаў ад бізнесу, бо няма плацежаздольнага попыту, таму што няма дастатковага ўзроўню аплаты працы.
Адзінае выйсце — у падтрымцы больш высокага ў іерархіі бюджэту, які шчодрай рукой папаўняе даходную частку, выраўноўваючы, наколькі магчыма, узровень жыцця паміж рэгіёнамі. У выніку ў сярэднім 20–30% даходаў рэгіёнаў залежаць ад добразычлівасці цэнтра. Нягледзячы на тое, што большая частка сродкаў кансалідаванага бюджэту ў канчатковым выніку ідзе ў рэгіёны, самастойнасці гэта ім не прыбаўляе.
Дададзім, што ў бюджэце 2022 года сітуацыя хоць і была падобнай (большая частка сродкаў сыходзіла ў рэгіёны), але ў цэлым размеркаванне сродкаў было крыху не такім, як у гэтым годзе. Так, па-першае, у 2022 годзе рэспубліканскі бюджэт распараджаўся 43,6% усіх бюджэтных рэсурсаў (у 2023 — 41,8%). Па-другое, іншыя падаткі ў мінулагоднім бюджэце сыходзілі ў рэспубліканскі бюджэт (60,3%), а ў бягучым годзе — у мясцовыя (80,2%). Па-трэцяе, падатак на прыбытак вырашылі яшчэ больш пераразмеркаваць у бягучым годзе на карысць мясцовых бюджэтаў — у 2022 годзе ім належала 64,2%, у 2023 годзе ўжо 72,2%.
Верагодна, такая шчодрасць здарылася не ад добрага жыцця. Прадбачачы няпростую макраэканамічную сітуацыю, «цэнтр», хутчэй за ўсё, вырашыў перавесці больш сродкаў у рэгіёны для таго, каб мець магчымасць падсаладзіць пілюлю з эфектам зніжэння ўзроўню жыцця.