Азбука паліталогіі: Пошукі крытэраў для ацэнкі тых, хто прымае рашэнні

У палітыцы добра тое, што адпавядае мэйнстрыму, а ў XXI стагоддзі мэйнстрым — гэта пераход ад індустрыяльнага грамадства да постіндустрыяльнага.

totalitarizm.png

«Я заўсёды (з даўніх часоў) імкнуся быць аб'ектыўным», — піша мне мой пастаянны апанент. Выдатнае імкненне. Здавалася б, тут няма пра што спрачацца. Аднак не ўсё так проста, бо для аб'ектыўнасці аднаго імкнення, хай нават самага шчырага, мала.

Паспрачаліся два прыяцелі пра палітыка Сідарава. Адзін яго хваліць: «Які ён малайчына! Ён і тое зрабіў, і гэта!» А другі яму ў адказ: «Дык ён жа злачынец, бо зрабіў і тое, і сёе».

Як вядома, ісціна нараджаецца ў спрэчцы, але ў такой спрэчцы двух сябрукоў у ісціны шанцаў на нараджэнне няма. Таму што прыяцелі не ў ацэнцы Сідарава разыходзяцца. Праблема наогул не ў Сідараве — праблема ў крытэрах ацэнкі. Калі казаць прасцей, кожны абапіраецца на сваё ўяўленне аб тым, што такое добра і што такое дрэнна ў палітыцы.

Сумны лёс няздольных да інавацый 

Перш чым разбірацца з крытэрамі, неабходна аддзяліць мікрасвет, уяўленні пра які ў чалавека фарміруюцца на падставе асабістага жыццёвага вопыту, ад макрасвету культурна-гістарычных працэсаў, часткай якога з'яўляецца палітыка.

З крытэрамі мікрасвету асаблівых праблем не ўзнікае. У традыцыйную эпоху, па якой льюць кракадзілавы слёзы штатныя прапагандысты, добра было ўсё тое, што адпавядала традыцыям. Зразумела, адны і тыя ж жыццёвыя феномены ў розных культурах далёка не заўсёды рэгуляваліся падобнымі адна на адну традыцыямі.

Возьмем інстытут сям'і. Шматжонства — гэта добра ці дрэнна? У ісламе — норма, у хрысціянстве — цяжкі грэх. І так ва ўсім.

Свет, у якім сэнс жыцця чалавека зводзіцца да захавання традыцый, не здольны да развіцця. Таму ў 1800 годзе, паводле брытанскага эканаміста Ангуса Мэдзісана, ВУП на душу насельніцтва быў не вышэйшы, чым у Рымскай імперыі.

На шчасце, на змену традыцыйнай эпосе прыйшла эпоха мадэрну, якая вызваліла чалавека ад кайданоў традыцый. У выніку статыку змяніла дынаміка. І вось ужо мой цёзка паэт Сяргей Ясенін канстатуе неабходнасць «задрав штаны бежать за комсомолом». Лёс няздольных да падобных інавацый склаўся незайздросна — яны вываліліся з воза гісторыі.

Дык а што з крытэрамі? Сёння добра ўсё тое, што чалавек робіць за свой кошт і не стварае пры гэтым іншым праблем.

На жаль, далёка не ўсіх такое вызначэнне задавальняе. І ў XXI стагоддзі традыцыяналістаў, няздольных самастойна выбудоўваць свае асабістыя жыццёвыя стратэгіі, хапае. Гэта яны фарміруюць попыт на аўтарытарных павадыроў, афіцыйна названых «нацыянальнымі лідарамі».


Бліжэй да справы!

На макраўзроўні — свае законы і свае крытэры. Жыццёвы вопыт у іх спасціжэнні дапамагчы не ў стане. Як тут не прыгадаць прымаўку «Няма нічога больш практычнага, чым добрая тэорыя». У кожнай гуманітарнай навукі (паліталогія, сацыялогія, эканоміка і г. д.) — свае тэорыі і мадэлі. Іх сукупнасць дазваляе сфарміраваць карціну свету, у рамках якой толькі і магчыма разуменне асобных фактаў, напрыклад, крытэраў ацэнкі палітыка Сідарава.

Аднак жа бліжэй да справы! У палітыцы добра тое, што адпавядае мэйнстрыму, а ў XXI стагоддзі мэйнстрым — гэта пераход ад індустрыяльнага грамадства да постіндустрыяльнага. Застаецца разабрацца з крытэрамі, якія спрыяюць гэтаму пераходу.

Спіс іх вялікі, аднак жа спынюся на асноўных: канкурэнтнае асяроддзе, крытычная маса аўтаномных асоб, высокі ўзровень даверу да незнаёмых людзей, які фарміруе сацыяльны капітал (не блытаць з чалавечым капіталам).


Чым даўжэй, тым цяжэй

Аўтарства афарызму «канкурэнцыя — рухавік прагрэсу» належыць нобелеўскаму лаўрэату, аўстрыйскаму эканамісту Фрыдрыху Хаеку.

У канкурэнцыі на рынку няма нічога амаральнага, сцвярджаў эканаміст. Наадварот, толькі яна здольная рухаць прагрэс і павышаць якасць. Адначасова — дадам ад сябе — яна ў стане разбурыць любую сям'ю. Для разумення гэтага парадоксу нагадаю чытачам, што мікра- і макрасветы рэгулююцца рознымі законамі.

Вернемся да палітыка Сідарава. Калі яго дзейнасць накіравана на фарміраванне канкурэнтнага асяроддзя ва ўсіх яго праявах, то яго дзейнасць варта ацаніць на дзясятку па дзесяцібальнай шкале.

На жаль, у межах Саюзнай дзяржавы такіх і днём з агнём не адшукаць. Нагадаю, з якім пачуццём глыбокага задавальнення прагучала днямі наступная сентэнцыя: «У нас заўсёды, памятаеце, КАМАЗ, МАЗ — нейкая валакіта была. А цяпер і ніякай канкурэнцыі (вылучана — С. Н.). Мы выпускаем тавары для КАМАЗа — камплектуючыя, КАМАЗ робіць для нас. Калі сышлі асобныя кампаніі (заходнія), вось так працуюць. І рынку хапае».

Не спрачаюся, сыход заходніх канкурэнтаў дазволіць павялічыць выпуск айчынных грузавых аўтамабіляў. Але такая лафа вечна працягвацца не можа. Прыгадаем сумны лёс савецкіх прамысловых гігантаў, якія прэтэндуюць на званне высокатэхналагічных пасля дэмантажу «жалезнай заслоны». Таму чым даўжэй будзе працягвацца лафа, тым цяжэйшыя будуць наступствы.


Два словы пра ўзровень адэкватнасці

У эканоміцы — горай ці лепей — пражыць без канкурэнцыі можна. Аднак палітыка, пад якой разумеецца ўзгадненне інтарэсаў розных сацыяльных груп, па-за канкурэнтным асяроддзем не існуе ад слова «зусім». А канкурэнтнае асяроддзе па камандзе не фарміруецца.

Гэта не азначае, што надзелены ўладай Сідараў не здольны ўплываць на яе фарміраванне. Здольны, але не шляхам раздачы карысных указанняў, а за кошт стварэння спрыяльных умоў для праявы самастойнасці грамадзян. Адсутнасць якіх-небудзь абмежаванняў на рэгістрацыю грамадска-палітычных СМІ — толькі адзін, але надзвычай важны паказчык наяўнасці палітычнай канкурэнцыі.

Яе ж адсутнасць адбіваецца, у першую чаргу, на адэкватнасці тых, хто надзелены правам прымаць рашэнні. Пра наіўнае спадзяванне Крамля завяршыць «спецаперацыю» за два-тры дні вядома нават піянерам. Але і сярод родных бяроз і асін узровень кампетэнтнасці не вышэйшы. Цытую: «Украіна ніколі не будзе з намі ваяваць. Гэта вайна працягнецца ну максімум 3–4 дні. Там няма каму будзе супраць нас ваяваць. Як толькі ледзь-ледзь запахла [вайной], Валодзя Зяленскі адразу струхнуў: "Хлопцы, хлопцы..."».

На календары, калі каму цікава, было 4 лютага 2022 года.