Азбука паліталогіі: Гісторыя пра манапаліста, якому ніхто не перашкаджае

Людзі з высокім чалавечым капіталам і высокатэхналагічныя індустрыі — гэта лакаматывы, чый уплыў абсалютна непрапарцыйны іх колькасці.

economy_.png


Дух захоплівае ад перспектыў, якія адкрываюцца перад айчыннай лёгкай прамысловасцю, і спароджаныя яны «спецыяльнай ваеннай аперацыяй Расіі ва Украіне».
Каму «спецаперацыя» — а каму і родная маці. 27 кастрычніка ў Палацы Незалежнасці старшыні канцэрна «Беллегпрам» Таццяне Лугіной былі прадстаўлены разгорнутыя перспектывы.
Цытую паводле прэс-рэлізу сайта president.gov.by: «...з расійскага рынку ў цяперашніх абставінах сышлі многія замежныя гульцы. Скараціўся імпарт і ў Беларусі. Дык гэта шанец заняць вось гэтую нішу. На нашым асноўным рынку —расійскім. І на ўнутраным рынку. Таму калі вы за гэты час, як і іншыя галіны, дапусцім, як сельская гаспадарка, не паднімецеся, грош вам цана. Цяпер ужо вам ніхто не перашкаджае. І вы наогул манапалісты, у вас няма сапраўднай канкурэнцыі» (вылучана — С. Н.).
Аднак адсутнасцю канкурэнцыі перавагі галіны, што падведамная спадарыні Лунгіной, не абмежаваліся:
«Крызіс — гэта цяжка, складана, але гэта шанец, гэта магчымасць. І перш за ўсё для лёгкай прамысловасці. У нас жа ёсць усё. Тканіны ёсць, швейныя машыны ёсць, кваліфікаваны персанал — і тэхнолагі, і кіраўнікі, і швачкі, і іншыя, хто вяжа і яшчэ нешта робіць, — у нас усё ёсць. Таму ўсё залежыць ад нас, як мы разгорнемся».
Бяда, як вядома, мае схільнасць прыходзіць з таго боку, адкуль яе менш за ўсё чакаеш. Аднак гэтакай жа ўласцівасцю валодае і шчасце. Што мы мелі да «спецаперацыі»? «Сюды (у Беларусь. — С. Н.) вазілі ад рыззя — сэканд-хэнд да брэндаў. І ў нас або анучы куплялі, або брэнды. < ... > Гэта бяда, калі нашы людзі, хай іх менш стала, але бягуць у краму і вочы ў іх гараць, калі бачаць нейкую імпартную прадукцыю».
Аднак час спажыўцоў, у якіх гарэлі вочы, час выбару, калі кожны знаходзіў сабе тавар на свой густ і кашалёк, назаўжды застаўся ў мінулым. Цяпер ужо ўнутраны рынак, «які ў свой час быў аддадзены незразумела каму», пераходзіць прадпрыемствам легпрама, якіх больш за 2 тысячы.
Дзякуй «спецаперацыі», калі б не яна, то думка, што «мы можам пашыць сваю прадукцыю», і ў галаву б нікому не прыйшла. Дзякуй, вялікі дзякуй «спецаперацыі», якая зрабіла казку ІМПАРТАЗАМЯШЧЭННЯ быллю.

Насенне дало парасткі

«У нас няма прадпрыемстваў, як мы іх часта называем, без ведамаснай падпарадкаванасці. Усё ў нас у ведамстве». І кожнаму прадпрыемству зверху спушчаныя даручэнні. У гэтых даручэннях, нібы ў барадзе Чарнамора з казкі, і палягае сіла беларускай мадэлі. Адно толькі бянтэжыць: «у нас ёсць звычка такая — валакіціць гэтыя даручэнні, пакуль прэзідэнт у другі ці ў трэці раз не звернецца ў плане кантролю».
Пра тое, да якіх наступства прыводзіць адсутнасць сыходнага патоку даручэнняў, старшы выкладчык і навуковы супрацоўнік Ракфелераўскага цэнтра Дортмуцкага каледжа Чарльз Уілан тлумачыць на прыкладзе развіцця лёгкай прамысловасці ў Бангладэш у сваёй кнізе «Голая эканоміка. Выкрыццё панурай навукі».
Развіццё яе ў Бангладэш пачалося з увядзення ЗША і Еўропай квотаў на імпарт паўднёвакарэйскага тэкстылю. У адказ карпарацыя Daewoo перадыслакавала шэраг сваіх прадпрыемстваў у Бангладэш. Папярэдне яна інвеставала ў чалавечы капітал — накіравала 130 бангладэшскіх работнікаў у Паўднёвую Карэю для прафесійнай падрыхтоўкі.
«Пасля Daewoo разарвала адносіны з партнёрам у Бангладэш, але насенне для экспартнай галіны, якая бурна развівалася, на той час ужо дало парасткі. Са 130 работнікаў, навучаных Daewoo, 115 на працягу 1980-х гадоў сышлі з прадпрыемства і заснавалі ўласныя фірмы па экспарце адзення».
Чалавечы капітал, у адрозненне ад абсталявання або фінансавых актываў, немагчыма забраць. Варта было бангладэшскім работнікам навучыцца шыць кашулі — і ўжо ніхто не здолеў іх прымусіць забыцца, як гэта робіцца. І яны не забыліся, стварыўшы экспартаарыентаваную галіну коштам 3 мільярды долараў.
Танны экспарт на пачатковай стадыі спрыяў і росквіту «азіяцкіх тыграў»: Сінгапура, Ганконга, Тайваня, Паўднёвай Карэі, а яшчэ раней — Японіі. Далей пайшло само. У 2021 годзе, паводле Сусветнага банка, у спісе краін па ВУП (па парытэце пакупніцкай здольнасці) на душу насельніцтва яны размясціліся на 2-м, 13-м, 17-м, 32-м і 39-м месцах адпаведна. Для параўнання, «наша Расія» заняла 55-е, а Беларусь — 75-е месца.

З пункту гледжання тых, хто ва ўладзе

У чарговы раз нагадаю азбукавую побытавую ісціну: рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе лепш. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што па кірунку іміграцыйных патокаў можна беспамылкова вызначаць перспектывы развіцця нацыянальных эканамічных мадэляў.

Свежы прыклад: у кастрычніку Цэнтральны банк Арменіі палепшыў прагноз па росце ВУП краіны ў 2022 годзе з 1,6% да 13%. Старшыня Цэнтральнага банка Марцін Галсцян патлумачыў гэта прыездам у краіну таленавітых і добра адукаваных расіян, пераважна работнікаў ІТ-сектара. У Грузіі прагназуюць рост эканомікі ў гэтым годзе на 10%, а ў Беларусі, верным саюзніку Расіі, за дзевяць месяцаў 2022-га ВУП скараціўся на 4,7%.


Звестак па Казахстану і Кыргызстану я не маю, аднак не абавязкова быць Настрадамусам, каб прадказаць станоўчы ўплыў ад масавай іміграцыі маладых і адукаваных расіян на эканомікі краін, якія іх прытулілі.
Дакладная статыстыка зыходу адсутнічае, але ў тым, што лічыць іх варта сотнямі тысяч, ніхто не сумняваецца.
Людзі — рухавікі эканомікі. «На самай справе, яны як бы адказныя за эканамічны рост, — тлумачыць навуковы кіраўнік Расійскай эканамічны школы Рубен Енікалопаў.Заўсёды недаацэньваецца роля лідараў. Дастаткова адчапіць лакаматыў — і ўсе сорак вагонаў спыняцца і будуць стаяць. Таму не трэба казаць, што лакаматыў — гэта ўсяго толькі адзін вагончык з сарака, без яго нічога не паедзе. Людзі з высокім чалавечым капіталам і высокатэхналагічныя індустрыі — гэта такія лакаматывы, іх уплыў абсалютна непрапарцыйны іх колькасці».
Няўжо ў Крамлі і Палацы Незалежнасці пра гэта не здагадваюцца? Зразумела, такія веды таямніцай ні для каго не з'яўляюцца. Праблема ў тым, што высокі чалавечы капітал несумяшчальны з прынцыпам нязменнасці ўлады. Вось і даводзіцца ўладзе з двух варыянтаў знаходзіць больш прывабны для сябе, так бы мовіць, абіраць меншае ліха. Меншае — з пункту гледжання тых, хто ва ўладзе.