Залежнасць беларускай эканомікі ад расійскага рынку рэзка ўзрасла
За кошт чаго адбыўся рост экспарту беларускіх тавараў у Расійскую Федэрацыю? Эксперты называюць чатыры прычыны і задаюцца пытаннем: а ці так ужо гэта добра?

Дакладных даных аб аб'ёме знешняга гандлю паміж Беларуссю і Расіяй за 2022 год афіцыйная статыстыка не публікуе, але, калі меркаваць па афіцыйных заявах урадаў дзвюх краін, у наяўнасці рост тавараабароту — у асноўным за кошт паставак на расійскі рынак беларускіх тавараў, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
Напрыклад, намеснік міністра прамысловасці Дзмітрый Харытончык праінфармаваў пасла Беларусі ў Расіі Дзмітрыя Крутога пра тое, што беларускія прамысловыя прадпрыемствы ў 2022 годзе павялічылі агульны экспарт на 15%, пры гэтым пастаўкі ў Расію выраслі ў 1,7 разы.
Рост паставак у Расію прамтавараў у абсалютных лічбах, паводле прагнозаў, перавысіць 166%. У Мінпраме гэта называюць рэкордным вынікам.
У 2022 годзе ўдзельная вага Расіі ў агульным аб'ёме экспарту прампрадпрыемстваў дасягнула 75% супраць 55% у 2021 годзе.
Рост экспарту беларускіх тавараў у Расійскую Федэрацыю ў 2022 годзе адбыўся па шэрагу прычын:
- Па-першае, наша эканоміка знаходзіцца пад санкцыямі і імкнецца пераарыентаваць страчаныя аб'ёмы на расійскі рынак.
- Па-другое, выкарыстоўваецца схема «беларускіх крэветак», калі праз Беларусь пастаўляюцца тавары ў абыход санкцый, накладзеных на расійскую эканоміку.
- Па-трэцяе, росту ў вартасным выражэнні экспарту беларускіх тавараў у Расію спрыяла ўмацаванне расійскага рубля да долара на працягу мінулага года, што дае больш прыгожую карціну ў доларах ЗША.
- Па-чацвёртае, агульны рост коштаў у 2022 годзе, як прыліў, падняў цэны паўсюдна.
Па выніках 2022 года мы бачым рэкордныя паказчыкі долі Расійскай Федэрацыі ў экспарце беларускіх тавараў. Пры гэтым дамінуючыя аб'ёмы імпарту прыходзяць у Беларусь таксама з Расіі. Сумарна такая сітуацыя толькі ўзмацняе залежнасць беларускай эканомікі ад расійскай.
З улікам негатыўных перспектыў расійскай эканомікі, пазітыўных зрухаў у беларускай ад такой структуры знешняга гандлю чакаць аб'ектыўна не даводзіцца.
