Ваенны эксперт: Расія канчаткова вычарпае ваенныя рэзервы ўжо ў кастрычніку

Расійская армія знаходзіцца ў такім жаласным стане, што не пазней за кастрычнік гэтага года яна пацерпіць паразу ва Украіне. Такое меркаванне ў інтэрв'ю другому каналу тэлебачання ФРГ выказаў ваенны і эканамічны эксперт Маркус Койп, які выкладае ў Ваеннай акадэміі пры Вышэйшай тэхнічнай школе Цюрыха.

Знішчаны ва Украіне сучасны расійскі танк Т-90. Фота з donpress.com

Знішчаны ва Украіне сучасны расійскі танк Т-90. Фота з donpress.com


Паводле ацэнак Маркуса Койпа, расійскі ВПК не ў стане папоўніць матэрыяльныя страты войска РФ ва Украіне. Да сярэдзіны восені, паводле яго прагнозу, рэзервы канчаткова вычарпаюцца.


Растрата рэзерваў у імя мінімальнага прагрэсу

Паводле ягоных ацэнак, Расія ўжо страціла падчас баёў ва Украіне блізу 10 тысяч адзінак цяжкай вайсковай тэхнікі і танкаў. З такім маштабам страт Расія доўга не працягне. «Гэта, уласна, толькі пытанне часу, калі ў іх (расійскай арміі) скончацца рэзервы», — цытуе Койпа DW.

Каментуючы вынікі расійскай зімовай ваеннай кампаніі, эксперт назваў іх «катастрафічнымі». СМІ, з ягоных слоў, звяртаюць увагу толькі на сітуацыю вакол Бахмута, але наступаць Расія спрабавала і яшчэ ў чатырох кірунках — Крэменная, Аўдзееўка, Мар’інка, Вуглядар. «Да ваеннай логікі гэта не мае ні найменшага дачынення, — лічыць Маркус Койп. — Гэта проста масіўная трата рэзерваў — як матэрыяльных, так і людскіх — у імя мінімальнага прагрэсу».


«Армата» толькі для параду?

Той факт, што ў Расіі сталі раскансерваваць і адпраўляць на фронт дапатопныя танкі Т-55 і Т-64, нямецкі вайсковы экспэрт называе «эскалацыяй тэхналагічнага рэгрэсу». Што ж тычыцца прадстаўленага яшчэ ў 2014 годзе танка Т-14 «Армата», то ён пакуль быў заўважаны толькі на вайсковых парадах, але не на полі бою ва Украіне, заўважыў Койп.

Прааналізаваўшы сітуацыю на франтах і магчымасці расійскага ВПК, эксперт у пытаннях вайсковай эканомікі прыйшоў да высновы, што да кастрычніка рэзервы войска РФ вычарпаюцца настолькі, што ёй застанецца толькі абкопвацца, ні пра якія далейшыя вайсковыя аперацыі не можа быць і гаворкі.

Украінская ж армія, адзначае ён, паспяхова пераходзіць са старой яшчэ савецкай ваеннай тэхнікі на сучасную заходнюю, у прыватнасці, танкі і бронетранспарцёры — такія, як амерыканскія Bradley і нямецкія Marder. Гэтая тэхналагічная перавага дасць ведаць пра сябе падчас украінскага контрнаступлення, пачатак якога Койп чакае ўжо ў сярэдзіне красавіка.