Знойдзены сляды выбухоўкі. Швецыя пацвердзіла дыверсію на «Паўночным патоку»
Падчас расследавання выбухаў на газаправодзе «Паўночны паток» на месцы здарэння былі знойдзены «староннія прадметы» і сляды выбухоўкі.
Паводле высноў следчых, на газаправодах сістэмы «Паўночны паток» адбылася сур'ёзная дыверсія, паведамляе пракуратура Швецыі.
«Падчас агляду месца злачынства, які праводзіўся на месцы дыверсіі ў Балтыйскім моры, была зроблена фіксацыя ўсяго і раён быў старанна задакументаваны. Аналізы, якія былі праведзены, паказваюць сляды выбуховых рэчываў на некалькіх са знойдзеных там старонніх прадметах», — гаворыцца ў паведамленні.
Расследаванне працягваецца. У пракуратуры Швецыі высвятляюць, ці можна каму-небудзь прад'явіць абвінавачванне па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства.
Нагадаем, 27 верасня на расійскіх трубаправодах «Паўночны паток-1» і «Паўночны паток-2» амаль адначасова ўтварыліся некалькі ўцечак газу. Па словах шведскіх сейсмолагаў, прычынай гэтага мог быць выбух.
Пра ўцечкі газу з дзвюх нітак «Паўночнага патоку» ў раёне вострава Барнхольм паведамілі тады ўлады Даніі і Швецыі. Газ з пашкоджаных труб выцякаў некалькі дзён. Бурбалкі на паверхні мора мелі дыяметр каля 100 метраў. Улады закрылі для суднаходства зону ў пяць марскіх міль вакол месца аварыі. Газ па «Паўночным патоку» ў Еўропу не пастаўляўся з лета з-за аварыі на неактыўных, але запоўненых газам падводных газаправодах.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што з вялікай верагоднасцю трубаправоды падарвала сама Расія.
Пазней, 29 кастрычніка, Расія заявіла, што спецыялісты Вялікабрытаніі нібыта «маюць дачыненне да падрыву газаправода». Як заўсёды, аніякіх доказаў з боку РФ прадстаўлена не было. У Мінабароны Брытаніі назвалі такія абвінавачванні Расіі выдумкай.
Пры гэтым нямецкія следчыя таксама ўпэўненыя, што «Паўночны паток» падарвалі расіяне. Там адзначылі, што іх версія з дыверсіяй супадае з папярэднімі высновамі Швецыі.
Паводле www.pravda.com.ua, «Медуза», РБК