Дыяметр адной з прабоін у газавай трубе — восем метраў

Швецыя, Германія і Данія адмовіліся ад сумеснага расследавання ўцечак на трубаправодах сістэмы «Паўночны паток». Пра гэта паведамляе нямецкі тэлеканал «ARD» са спасылкай на крыніцы ва ўрадавых колах.

Месца ўцечкі на газаправодзе «Паўночны паток — 2». Архіўнае фота Kustbevakningen, Шведская берагавая ахова

Месца ўцечкі на газаправодзе «Паўночны паток — 2». Архіўнае фота Kustbevakningen, Шведская берагавая ахова

Спачатку з сумеснай следчай групы выйшла Швецыя, якая выказала занепакоенасць з нагоды сакрэтнасці расследавання. Затым яе пакінула Данія. Цяпер кожная краіна будзе весці ўласнае расследаванне, сцвярджае тэлеканал.

Нямецкая група следчых ужо вывучыла месца ўцечак з дапамогай падводнага апарата і зрабіла фотаздымкі, на якіх бачны маштаб пашкоджанняў. На здымках былі зафіксаваны чатыры прабоіны — дзве на дзвюх нітках «Паўночнага патоку — 1», яшчэ дзве — на адной з нітак «Паўночнага патоку – 2».

Паводле нямецкіх СМІ, адна з прабоін дасягае васьмі метраў у дыяметры. Нямецкія спецыялісты, паведамляе тэлеканал «ARD», прыйшлі да высновы, што такія прабоіны маглі ўтварыцца толькі ў выніку выкарыстання выбухоўкі. Раней нямецкая газета «Der Tagesspiegel» паведамляла, што пры дыверсіі на «Паўночным патоку» маглі выкарыстоўваць вадалазаў або падводную лодку.

6 кастрычніка паліцыя Швецыі склала справаздачу пра тое, як ідзе расследаванне ўцечак, і таксама пацвердзіла, што трубаправоды былі ўзарваны. Улады краіны адмовіліся дзяліцца папярэднімі вынікамі расследавання з Расіяй.

Уцечкі на газаправодах «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2» у Балтыйскім моры былі выяўлены ў канцы верасня. Кампанія «Nord Stream», аператар трубаправодаў, заявіла, што тры ніткі з чатырох пашкодзілі адначасова. Там не ведаюць, колькі часу пойдзе на аднаўленне. Службы бяспекі Германіі мяркуюць, што газаправоды аднаўленню не падлягаюць.

Паводле неафіцыйных даных, у выбухах на комплексах «Паўночнага патоку» падазраюць як Украіну, так і Расію. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін абвінавачваў у тым, што здарылася, «англасаксаў». Ён таксама заяўляў, што арганізаваць падрыў мог той, хто «тэхнічна здольны зрабіць такія выбухі і ўжо звяртаўся да такіх дыверсій, быў злоўлены за руку, але застаўся беспакараным». Паводле яго слоў, асноўнымі бенефіцыярамі дыверсіі сталі Украіна, Польшча і ЗША. Пуцін таксама заявіў, што адрамантаваць газаправод можна, але рабіць гэта мае сэнс толькі пры ўмове, што еўрапейцы здымуць санкцыі і будуць купляць газ на ўмовах РФ.

Зараз газавыя трубы часткова запоўнены вадою. Пра гэта заявіў кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер у інтэрв'ю Першаму каналу. Труба «Паўночнага патоку» на сотні кіламетраў, у прыватнасці, у бок Расіі, запоўнена марской вадой. «Гэта беспрэцэдэнтнае надзвычайнае здарэнне», — заявіў ён.

Паводле meduza.io, ria.ru