Расійскі палітолаг: «Жаданне паглынуць Беларусь ёсць і цяпер»
Расійскі палітолаг Аляксандр Баўноў разважае пра тое, з чым Пуцін пойдзе на свае прэзідэнцкія выбары 2024 года, ці страціў ён жаданне «паглынуць» Беларусь і чаму гэта жаданне было блізкае да ажыццяўлення ў 2020 годзе, але не цяпер.
![Пратэст супраць «паглыблення інтэграцыі» ў Мінску ў снежні 2019 года. Пратэст супраць «паглыблення інтэграцыі» ў Мінску ў снежні 2019 года.](/img/v1/images/78667890_2709600135765441_5717285281309130752_n_logo_1_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пратэст супраць «паглыблення інтэграцыі» ў Мінску ў снежні 2019 года.
— Да вайны 2022 года ў Расіі галоўнай тэмай было паглынанне Беларусі. З чым Пуцін прыйдзе да 2024 года? Крым ужо быў — так сабе дасягненне, можа быць, прызнаць незалежнасць «ЛНР», «ДНР» і неяк паглынуць іх? Але гэта б прывяло амаль да тых жа эканамічных наступстваў, што і ўварванне, разважае Аляксандр Баўноў у эфіры праграмы «Жывы цвік».
Бясконца абмяркоўвалі тэму паглынання Беларусі, асабліва, калі трон Лукашэнкі пахіснуўся. Лукашэнку гэта нібыта выгадна — ён будзе выратаваны як кіраўнік суперсуб'екта і будзе працягваць кіраваць у рамках новасвяшчэннага Саюза. Гэта тым больш выгадна Пуціну: будзе, што прынесці да выбараў 2024 года той частцы электарату, якая хоча, каб пляма на карце наблізілася па памерах да той плямы, якую займаў СССР.
За апошнія гады ў Лукашэнкі ўпала ступень суверэнітэту і свабоды манеўру, мяркуе эксперт. Пры гэтым беларускі кіраўнік усё яшчэ застаецца тым Лукашэнкам, які хоча быць кіраўніком незалежнай дзяржавы.
— Адна з прыступак дэградацыі суверэнітэту Беларусі прыйшлася на час, калі Лукашэнка здушыў пратэсты і быў ізаляваны на Захадзе, але прызнаны легітымным у Маскве. Пры гэтым першыя тыдні пасля выбараў Крэмль захоўваў маўчанне і вагаўся, маўляў, яму ўсё роўна, хто будзе кіраваць у Беларусі, сапраўды гэтак жа, як было ўсё роўна на выбарах у Арменіі. Але ў выніку ў Крамлі прынялі рашэнне падтрымаць Лукашэнку.
![Сяргей Навумчык: Як у Маскве складалі планы інкарпарацыі Беларусі Сяргей Навумчык: Як у Маскве складалі пляны інкарпарацыі Беларусі](/img/v1/images/or_51663.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Фобіі, звязаныя з заходнім кірункам, збольшага істарычныя, збольшага надуманыя, збольшага — звязаныя з карцінай свету Пуціна, дзе нібыта ніякай Беларусі і Украіны напраўду няма, а ёсць тры дзяржавы, якія ворагам удалося раз'яднаць. Пры гэтым у адносінах да Арменіі, вядома, такіх перажыванняў няма: ніхто не скажа, што армяне — частка вялікага рускага народа.
Эксперт падкрэслівае: ідэалам Уладзіміра Пуціна заўсёды была Беларусь, раствораная ў Расійскай Федэрацыі.
— Больш за тое, яшчэ да ўсякай канфрантацыі з Захадам, адным з першых публічных жэстаў Пуціна як прэзідэнта Расіі была прапанова Лукашэнку ўвайсці ў якасці новых суб'ектаў у склад РФ.
Саюз Беларусі і Расіі — стварэнне адзінай валюты, падаткаў і да таго падобнае — пачалі абмяркоўваць яшчэ вельмі даўно. Гэта было ў нейкім сэнсе і пасланне ўласным людзям — вось на што мы гатовы, і пасланне беларусам — чаго вы мучаецеся са сваім дзіўным правінцыйным прэзідэнтам, калі я такі малады перспектыўны разведчык.
Жаданне паглынуць Беларусь ёсць і цяпер, толькі ўжо, можа, не ў якасці некалькіх суб'ектаў, а аднаго вялікага. Іншая справа, што Лукашэнка дагэтуль з'яўляецца чалавекам, які не можа на гэта пагадзіцца: навошта яму гэта?
![Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнка прайграўся ў імперскім казіно Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнка прайграўся ў імперскім казіно](/img/v1/images/1578518620_1pic.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)